Понедельник, 9 декабря 2024

Ганаровыя госці «Вытокаў» ацанілі спартыўны патэнцыял Пружан (+многа фота)

456

Крыху больш за 20 гадоў таму ў нашым райцэнтры прайшлі рэспубліканскія «Дажынкі-2003». Горад падчас падрыхтоўкі да свята-кірмашу хлебаробаў змяніўся кардынальна. У выніку дата стала своеасаблівым мясцовым адлікам часу: пружанцы сталі выкарыстоўваць у размовах абазначэнні «да Дажынак» і «пасля Дажынак».

Сёлета ж можна смела сцвярджаць, што «дажынкаўская» эпоха мяняецца на «вытокаўскую», хутчэй за ўсё, цяпер будуць выкарыстоўвацца новыя абазначэнні — да ці пасля «Вытокаў». І здарыцца гэта менавіта па той жа прычыне — новага вітка добраўпарадкавання нашага горада падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага спартыўна-культурнага свята.

Сёлета змяненні ў Пружанах адбыліся не такія кардынальныя, як два дзесяцігоддзі таму, але таксама ўнушальныя. Прыцягальнасць іх у тым, што райцэнтр зноў абнавіў свой выгляд, стаў больш яркім, на гарадскіх вуліцах, у парку, на стадыёне з’явілася нямала відовішчных аб’ектаў, дзякуючы чаму Пружаны набылі непаўторнасць.

А яшчэ наш горад можна смела назваць самым спартыўным. Калі не ў рэспубліцы, то ў вобласці дакладна. Як зазначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, развіццё спартыўнай культуры і прыхільнасці да здаровага ладу жыцця — важны кампанент будучага краіны. Па-першае, фізічная загартоўка ўмацоўвае здароўе, дае штуршок для таго, каб менш запатрабаванымі сталі бальніцы і медыцынскія паслугі разам з лекамі. Па-другое, спартыўныя заняткі не пакідаюць ні часу, ні жадання на дрэнныя звычкі або амаральны лад жыцця.

— А па-трэцяе, спорт з маленства прывучае ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, што абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці і на прафесіянальным шляху, — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі Міхаіл Міхайлавіч. — Нам патрэбна мэтанакіраваная моладзь, якая ўмее марыць і праяўляе настойлівасць. Таму спартыўныя аб’екты будуць з’яўляцца на Пружаншчыне і надалей, а развіццю фізічнай культуры будзем надаваць значную ўвагу.

Не дзіўна, што знаёмства з Пружанамі старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктара Лукашэнкі пачалося з экскурсіі па спартыўных аб’ектах горада. У склад «інспектуючай» групы таксама ўвайшлі міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Чаму такі візіт можна параўнаць з «інспекцыяй»? З аднаго боку, госці зацікаўлена знаёміліся з магчымасцямі спартыўных школ. А з іншага боку, абавязкова б агучылі крытычныя заўвагі пры магчымым выяўленні недахопаў. Але адмоўных меркаванняў не было: і кіраўніцтва ўстаноў спорту, і іх выхаванцы рыхтаваліся да гэтай падзеі аддана. Усе разам і кожны паасобку загадзя прадумвалі, чым могуць уразіць гасцей, якім чынам прадэманстраваць узровень навучання. Варта адзначыць, што многае ўдалося на «выдатна», аб чым можна меркаваць па настроі гасцей.

На парозе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 1 візітоўцаў сустрэла дырэктар Анастасія Пузанава, якая правяла кароткую экскурсію па ўнутраных залах і навакольнай тэрыторыі ўстановы. З магчымасцямі і навучальным працэсам аддзяленняў лёгкай атлетыкі, валейбола і футбола госці знаёміліся ўвачавідкі, гутарылі з трэнерамі і дзецьмі. Пасля дасканалага вывучэння праводзімай работы з кожнай групай навучэнцаў старшыня НАК і міністр спорту і турызму рабілі фота на памяць.

Такая ж экскурсійная праграма была арганізавана на аб’ектах спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2, якую правёў кіраўнік установы Аляксандр Шаманаў. Ён прадэманстраваў інфраструктуру, аснашчанасць Лядовага і Воднага палацаў, а запатрабаванасць гэтых спартыўных аб’ектаў візітоўцы пабачылі на свае вочы. Асаблівая ўвага надавалася таму, што басейн і каток карыстаюцца не толькі попытам у спартсменаў. Тут нярэдка праводзяць вольны час гараджане, арганізуюцца культурна-масавыя мерапрыемствы.

Убачанае спадабалася гасцям. Адным з пацвярджэнняў такой высновы можна палічыць падарункі ад Мінспорту Рэспублікі Беларусь: кожны гарадскі спартыўны аб’ект атрымаў сертыфікат на 10 тысяч рублёў.

Падчас прэс-канферэнцыі мы папрасілі Віктара Лукашэнку падзяліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання пружанскіх спартшкол.

— Віктар Аляксандравіч, што з убачанага пакінула ў Вас добрыя ўражанні, а над чым варта яшчэ папрацаваць?

— Уразіла мяне не толькі выдатная спартыўная архітэктура, як у спартшколе № 1, так і ў Водным і Лядовым палацах. Вельмі здзівілі калектывы гэтых устаноў тым, што ніхто нічога не прасіў: усе задаволены маючым аснашчэннем, якое выкарыстоўваюць на 100% для дасягнення высокіх паказчыкаў. Яшчэ спадабалася шчыльнае ўзаемадзеянне кіраўніцтва раёна з губернатарам. Сумесная работа абласных і раённых улад па вырашэнні спартыўных і сацыяльных пытанняў вартая стаць прыкладам для многіх іншых рэгіёнаў краіны. А працаваць трэба больш, актыўна павышаць узровень падрыхтоўкі мясцовых спартсменаў. Каб у зале Славы кожнай з гэтых устаноў былі ўшанаваны імёны не толькі чэмпіёнаў Еўропы, але і Алімпійскіх гульняў.

Спадзяванні на тое, што гэтыя пажаданні абавязкова збудуцца, з моманту правядзення «Вытокаў» сталі яшчэ больш рэальнымі, таму што Нацыянальным алімпійскім камітэтам Пружанам быў падораны яшчэ адзін спартыўны аб’ект — скейтролерная пляцоўка, адкрыццё якой адбылося на другі дзень спартыўна-культурнага свята.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з «Вытокаў» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302969448 і https://ok.ru/budni/album/979734712200