У Палацы культуры ў новым фармаце адбыўся форум маладых спецыялістаў «З моладдзю на роўных», якія прыбылі на сваё першае працоўнае месца ў Пружанскі раён.
Якаснай падрыхтоўцы маладых спецыялістаў і іх далейшаму працаўладкаванню ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Атрымаць запаветны дыплом — гэта ўсяго толькі адзін бок медаля, а вось не расчаравацца ў прафесіі, замацавацца на працоўным месцы, быць па-сапраўднаму запатрабаваным — зусім іншая гісторыя.
У гэтым годзе ў раён прыбыла 170 навічкоў, большая палова якіх папоўніць шэрагі сельскагаспадарчай галіны і аграсэрвісу, а таксама сферы медыцыны, культуры, адукацыі, гандлю, сілавыя структуры і іншыя.
Маладзёжны форум умоўна падзяліўся на некалькі блокаў. У кожным прынялі ўдзел свае спікеры, члены Маладзёжнага парламента, прадстаўнікі вертыкалі ўлады, ганаровыя госці, якія падзяліліся сваім асабістым вопытам, расказалі пра жыццё і славутасці райцэнтра.
Так склалася, што сустрэча адбылася на наступны дзень пасля Міжнароднага дня памяці ахвяр генацыду. Гэтая тэма з’яўляецца дастаткова актуальнай, у тым ліку і ў маладзёжным асяроддзі. Пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі ўдзяліў гэтаму пытанню асаблівую ўвагу, а таксама падкрэсліў, што застацца ўбаку ад гэтай тэмы, пачынаючы новы этап у жыцці, проста немагчыма.
— Усё, што мы маем зараз — магчымасць вучыцца, атрымліваць годную адукацыю, развівацца, будаваць сем’і, кар’еру, — усім гэтым мы абавязаны нашым воінам-вызваліцелям, якія прынеслі сябе ў ахвяру дзеля нашай мірнай будучыні. Памяць аб гераічных і трагічных старонках мінулага нельга забываць, каб дакладна разумець, якой цаной дастаўся мір на беларускай зямлі і спакой кожнага дня. Адным з сімвалаў страшнай трагедыі, якая адбылася ў Пружанскім раёне, з’яўляецца в. Байкі, якая раздзяліла лёс Хатыні. У студзені 1944 года ўсю вёску спалілі, а яе жыхароў расстралялі. Мы павінны гэта памятаць, расказваць праўду сваім дзецям і ўнукам, што такое ёсць зло, што такое нацызм, — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч.
Маладых спецыялістаў таксама хвалявала пытанне электаральнай кампаніі, паколькі да выбараў Кіраўніка дзяржавы засталося крыху больш за месяц. Ні для каго не сакрэт, што менавіта выбары з’яўляюцца найважнейшым палітычным інструментам, дзякуючы якому грамадзяне Беларусі надзяляюць уладнымі паўнамоцтвамі тых, каму давяраюць і ў кім бачаць свайго лідара, здольнага забяспечыць мір, парадак і дабрабыт у краіне. На ўсе пытанні па гэтай тэме адказаў старшыня Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Дзяніс Цямчык.
У другім блоку форуму навічкі ўключыліся ў групавую працу — цімбілдынг, дзе ў іх з’явілася магчымасць больш даведацца адзін пра аднаго, бліжэй пазнаёміцца, прыняць удзел у камандных змаганнях.
— Такі від зносін накіраваны на згуртаванне і арганізацыю сумеснай дзейнасці. Калі маладыя людзі ўпершыню бачаць адзін аднаго, вельмі важна даць ім магчымасць згуртавацца, адчуць сябе важнай часткай адзінага цэлага, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гаманчук.
На гэтым этапе форуму ў працу ўключыліся і супрацоўнікі Палаца культуры, якія ад больш сур’ёзных тэм перайшлі да конкурснай праграмы, што таксама дазволіла моладзі пранікнуцца камандным духам.
На заключным этапе форуму прайшоў інтэлектуальны квіз, у якім ад прадстаўнікоў розных сфер у гульнявой форме маладыя спецыялісты атрымалі ўсю неабходную інфармацыю пра ільготнае крэдытаванне, жыллёва-прававыя адносіны, працоўнае заканадаўства і г.д. Цікавымі фактамі з жыцця раёна, яго ўнікальнымі мясцінамі і славутасцямі падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Ён падрабязна расказаў, чым славіцца раён, што можна паглядзець, куды пайсці і культурна правесці вольны час. Безумоўна, кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў тым, каб навічкі замацаваліся на сваіх працоўных месцах і нікуды не з’язджалі.
Напрыканцы сустрэчы ў маладых людзей была магчымасць падпісаць святочныя паштоўкі з пажаданнямі раёну і ўпрыгожыць імі навагоднія ёлкі. Пасля падвядзення вынікаў форуму ўсе ўдзельнікі атрымалі невялікія сувеніры — значкі Рэспублікі Беларусь, а каманды, якія набралі найбольшую колькасць балаў, — памятныя падарункі — кнігі аб Пружанскай зямлі.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_305309407 і https://ok.ru/budni/album/986013366920