Даўно вядома, што займацца спортам куды весялей з сям’ёй ці сябрамі. Вось і РФСК «Мухавец», які заўсёды выступае за развіццё масавага спорту, разам з ДЮСШ № 2 арганізавалі раённы турнір па плаванні «Старт пакаленняў». Спаборніцтвы прайшлі ў басейне Воднага палаца, а іх сапраўднай фішкай стала менавіта сямейная эстафета.

Адкрылі ж турнір індывідуальныя заплывы, іх было ажно 16. На дарожках у гэты дзень змагаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якім зараз па 11 і нават менш гадоў. Кожнаму з удзельнікаў трэба было праплыць 25 метраў. Пры гэтым стыль плыўцы выбіралі самі. Адказнасць, па словах дзяцей, адчувалася: дамашні басейн, побач — трэнеры Сяргей Каляда і Юлія Казёл, на трыбунах — бацькі і сябры.

Але ў спорце заўсёды ёсць пераможцы і тыя, каму крыху не хапіла да п’едэстала. Такім чынам, сярод хлопчыкаў не было роўных Яўгену Бойку (вынік — 14,65 сек.), Раману Скрэбневу (15,58 сек.) і Назару Камінскаму (15,65 сек.). Першае месца сярод дзяўчынак заняла Арыядна Варыцкая (16,54 сек.). На другім — Ангеліна Фісюк (17,76 сек.), на трэцім — Ганна Стасевіч (17,80 сек.).

Самую відовішчную частку спаборніцтваў — сямейную эстафету 3х25 метраў — арганізатары пакінулі, што называецца, «на дэсерт». Па заканчэнні індывідуальных спаборніцтваў на вадзе з’явіліся мамы, таты і іх юныя спартыўныя надзеі. Скажу шчыра, асабіста ў мяне бацькі, якія падтрымалі дзетак не толькі на трыбунах, але і ў басейне, выклікалі вялікую павагу. Сказаць жа, што хтосьці трымаўся няўпэўнена, проста язык не паварочваецца. Усе чатыры сям’і паказалі сапраўдную згуртаванасць, волю да перамогі, знайшлося месца і азарту. У лідарах па выніках заплыву апынулася сям’я Міраноўскіх: мама, тата і дачка Сафія пераадолелі дыстанцыю за 1 мінуту 2,61 сек. Другія — Макарэвічы, тут на адной дарожцы з сынам Ягорам плылі таксама мама і тата, справіліся за 1 мінуту 7,98 сек. Замкнула тройку сям’я Токар: дачка Кацярына, мама і тата. Іх вынік — 1 мінута 11,03 сек.

Усе пераможцы атрымалі граматы і медалі ад арганізатараў і масу станоўчых эмоцый. Як расказалі ў Водным палацы, наступнымі спаборніцтвамі (ужо без удзелу бацькоў) стануць абласныя «Старты надзей», якія пройдуць напрыканцы кастрычніка.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Фотаальбом са спаборніцтваў: https://vk.com/album-23306785_287416352
