Воскресенье, 6 октября 2024

Фігурыстка Дар’я Межыеўская з Івацэвіч пераехала ў Пружаны, каб трэніравацца і дасягаць вяршынь

404

Дванаццацігадовая Дар’я Межыеўская нарадзілася ў Івацэвічах, але ўжо год як пражывае і наведвае секцыю па фігурным катанні ў нашым горадзе.

Пачала займацца гэтым відам спорту яшчэ ў шасцігадовым узросце, праз некаторы час усвядоміла, што зрабіла правільны выбар і працягнула прысвячаць сябе любімай справе, але з яшчэ большай самааддачай.

На сённяшні дзень дзяўчынка дабілася ўжо немалой колькасці ўзнагарод, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні. Яна займаецца ў СДЮШАР № 2 г. Пружаны пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай.
Сёлета Даша скончыла толькі шосты клас, але ўжо будуе вялізныя планы і марыць аб поспехах на міжнароднай арэне.

— Мая галоўная мара — выйграць Алімпійскія гульні. Пасля чаго хацела б стаць добрым трэнерам, як Вольга Анатольеўна. Галоўная прычына, чаму я захацела пераехаць у Пружаны, — гэта цудоўны трэнерскі склад, — адзначыла юная фігурыстка.

Верым, што дзяўчыне ўдасца пакарыць спартыўныя вяршыні і ажыццявіць свае мары на практыцы.

Руслан Басак.

Фота з асабістага архіва Дар’і Межыеўскай