
У кожнага ў сям’і ёсць свой герой, які ваяваў з фашысцкімі захопнікамі ў імя міру і спакою на нашай шматпакутнай зямлі. Работнікі УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» не проста ўпрыгожылі ўстанову святочнай сімволікай. Медыкі аформілі стэнд «Дзякуй дзеду за Перамогу» з фатаграфіямі сваіх сваякоў, дзедаў і прадзедаў, якія зрабілі ўсё, каб наблізіць доўгачаканы Дзень Перамогі. І падзяліліся іх гісторыямі.
— Мы беражліва захоўваем тое нямногае, што засталося ў памяць пра дзядулю — Міхаіла Рыгоравіча. Колькі сябе памятаю, ён не любіў успамінаць пра вайну і ўвесь час паўтараў: «Там няма пра што казаць», — дзеліцца ўспамінамі галоўны ўрач Юрый Юзько. — Жыў дзядуля ў в. Амельянец Камянецкага раёна. Ваяваць пачаў яшчэ ў 1939 годзе. Напачатку вайны адразу трапіў у палон. З апавяданняў бацькі і цётачкі ведаю, што ў канцлагеры вязняў моцна білі за найменшую правіннасць, а працаваць даводзілася цяжка і шмат. Потым палонных адправілі ў Германію, адкуль дзеду ўдалося збегчы. Але «сябры па няшчасцю», каму не ўдалося збегчы, яго здалі, Міхаіла Рыгоравіча злавілі і вярнулі назад. Выжыў ён проста цудам. Калі прыйшлі нашы войскі, палонных вызвалілі, і дзед адразу пайшоў ваяваць. Быў цяжка паранены, пасля шпіталю яго камісавалі і адправілі ў г. Саранск на ваенны завод. Там ён і сустрэў сваю Перамогу. Безумоўна, уся наша сям‘я ганарыцца сваім дзедам і прадзедам. Мы ведаем, якой цаной усім дасталася гэта Перамога.
— Мой прадзядуля Аляксей Паўлавіч Тур родам з в. Варанілавічы, што на Пружаншчыне, — кажа старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Шэйка. — Як пачалася вайна, ён пайшоў у партызаны, быў звычайным байцом. Разам са сваім атрадам займаўся падрывам мастоў і дарог, перашкаджаючы немцам рухацца ўглыб краіны.
Яго дачка Вольга, мая бабуля, у той час 10-гадовая дзяўчынка, была сувязной паміж атрадам бацькі і жыхарамі вёскі. Аднойчы яна атрымала заданне ад партызан — распаўсюдзіць лістоўкі па бліжэйшых вёсках. Па дарозе назад натыкнулася на паліцаяў, адным з якіх быў мясцовы жыхар. Ён добра ведаў іх сям’ю, пашкадаваў дзяўчынку і прапусціў без дагляду. За два месяцы да заканчэння вайны Аляксей Паўлавіч загінуў у Польшчы, у Шчэцінскім ваяводстве, пахаваны ў брацкай магіле пад г. Кольберг, у в. Альттрам. Але доўга ён лічыўся без вестак зніклым. Толькі праз некаторы час пасля Перамогі прыйшла пахаванка, якая захоўваецца як сямейная рэліквія.
Наша сям’я свята шануе ваенную гісторыю нашых продкаў і кожнае 9 Мая мой сын з партрэтам свайго ўжо прапрадзядулі ўдзельнічае ў шэсці «Беларусь памятае».
Таксама сярод калектыву бальніцы быў аб’яўлены конкурс дзіцячых малюнкаў «Вайна вачыма дзяцей». Як аказалася, дзеці медработнікаў глыбока адчуваюць смутак і ў той жа час радасць Перамогі, адлюстраваўшы разуменне вайны ў сваіх малюнках. На шчасце, яны таксама як і іх бацькі, ведаюць вайну толькі па аповядах і ўспамінах сваіх родных. Але ўспрыманне гэтай памяці аказалася глыбокім і пранізлівым.
Па выніках конкурсу будуць вызначаны пераможцы, якія атрымаюць узнагароды і падзякі ад прафсаюзнага камітэта.
Стэнд з фатаграфіямі «Дзякуй дзеду за Перамогу» разам з дзіцячымі малюнкамі знаходзіцца ў холе паліклінікі побач з рэгістратурай. І любы наведвальнік медустановы можа ўбачыць герояў, магчыма, успомніць знаёмыя твары, задумацца і проста памаўчаць…
Ірына Велясевіч. Фота аўтара