
У мінулую нядзелю вёска Заполле Ружанскага сельсавета напоўнілася радаснымі галасамі, музыкай і ўзнёслым настроем — тут адзначылі традыцыйны Дзень вёскі. На свята сабраліся не толькі карэнныя жыхары, але і іх дзеці, унукі і нават праўнукі, многія з якіх прыехалі з розных куткоў «сінявокай», каб зноў адчуць цеплыню бацькоўскай хаты, насыціцца сілай роднай зямлі.
Ганаровыя госці свята, безумоўна, старажылы, сярод якіх — Віктар Сямёнавіч Логач і Уладзімір Аляксандравіч Прэдка, якому сёлета споўнілася 90. Адным з самых кранальных момантаў стала ўшаноўванне доўгажыхароў. Са словамі падзякі і павагі звярнулася кіраўнік сельвыканкама Аксана Юркоўская, якая падкрэсліла, што іх мудрасць і жыццёвы вопыт — сапраўдны гонар Заполля. Усім аднавяскоўцам старшыня ўручыла па кавалачку каравая, як сімвал дабрабыту, дастатку і працвітання.
— Яны не проста захавальнікі памяці, але і носьбіты важных жыццёвых каштоўнасцей: працавітасці, павагі да зямлі і сваёй сям’і. Гэтыя людзі — сведкі розных эпох: яны памятаюць пасляваеннае аднаўленне, працоўныя подзвігі савецкага часу і станаўленне сучаснай Беларусі. Іх успаміны — вельмі каштоўная крыніца ведаў аб тым, як жыла вёска раней, якія традыцыі шанавалі і як разам пераадольвалі цяжкасці, — падкрэсліла Аксана Уладзіміраўна.
Прывітальныя словы і музычныя нумары прагучалі ў адрас вяскоўцаў — ветэранаў працы ад ААТ «Санаторый «Ружанскі», ААТ «Ружаны-Агра» і філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга». Кіраўніцтва арганізацый узнагародзіла пісьмамі падзякі і каштоўнымі падарункамі сваіх былых работнікаў.
Асаблівыя апладысменты прагучалі ў адрас шматдзетнай сям’і Крывенькіх — мясцовага старасты Вячаслава і яго жонкі Алены, якія выхоўваюць цудоўных дзяцей і з’яўляюцца прыкладам моцнай і дружнай сям’і. Іх праца, каханне і адданасць роднаму краю не засталіся незаўважанымі — сям’я атрымала каштоўны падарунак. У цэнтры ўвагі аказаўся і самы маленькі жыхар вёскі — малодшы сын старасты Данііл, які ў Год добраўпарадкавання атрымаў сімвалічны падарунак — рыдлёўку і граблі.
Важнай падзеяй свята стала ўрачыстае адкрыццё стэнда, прысвечанага гісторыі вёскі. Ініцыятарам яго стварэння стала брэстаўчанка Кацярына Гардзей, сапраўдная патрыётка сваёй малой радзімы, продкі якой па лініі бацькі ўсе Запольскія. На працягу года яна разам з энтузіястамі збірала ўнікальныя фатаграфіі, дакументы, гістарычныя вытрымкі, дзе згадваецца вёска і ўспаміны старажылаў. «Ізюмінкай» стэнда стала знаходка звестак аб жыцці і творчасці вялікага опернага спевака 20 стагоддзя Паўла Пракапені, ураджэнца Заполля, які праславіў свой пасёлак на ўвесь мір. Надзелены выключнымі вакальнымі дадзенымі, спачатку ён вучыўся ў Польшчы, потым у Італіі. Падчас Другой сусветнай вайны эмігрыраваў у ЗША і да канца жыцця спяваў у оперным тэатры Нью-Ёрка.
— Заполле — гэта не проста маленькая кропка на карце. Гэта месца, дзе жыве наша гісторыя, дзе кожны дом, кожны чалавек частка адзінай вялікай сям’і, — падзялілася Кацярына. — Тут бацькоўскі дом майго таты, мы яго рэканструявалі, падтрымліваем парадак і прыязджаем сюды ўсёй сям’ёй на святы. Нездарма кажуць, што зямля продкаў дае сілы і напаўняе неверагоднай энергіяй, бо кожны раз менавіта тут мы гэта адчуваем. Таму захаваць памяць аб родным краі — наша галоўная задача.
Цяпер кожны жыхар і госць вёскі можа даведацца больш пра яе мінулае, убачыць, якія змены адбываліся ў Заполлі з гадамі, успомніць тых, хто ўнёс уклад у яе развіццё. Арганізатары свята пад-крэслілі, што адна з галоўных задач такіх сустрэч — наладзіць сувязь паміж пакаленнямі. Дзеці, унукі і праўнукі старажылаў, якія прыехалі на свята, з цікавасцю слухалі расказы бабуль і дзядуль, разглядалі старыя фатаграфіі, задавалі пытанні пра мінулае.
У такія дні абавязкова ўспамінаюць і гады ваеннага ліхалецця, якія таксама закранулі Заполле. Як і любая іншая вёска яна вынесла шмат гора і слёз. Памяць аднавяскоўцаў, якія не вярнуліся з палёў бітваў, ушанавалі мінутай маўчання.
Завяршылася свята яскравай канцэртнай праграмай, падрыхтаванай Пружанскім аўтаклубам. Гучалі народныя песні, сучасныя хіты і любімыя мелодыі мінулых гадоў. Моладзь весялілася пад запальныя рытмы, а старэйшае пакаленне з задавальненнем падпявала знаёмым матывам.
Дзень вёскі ў Заполлі запэўніў: нягледзячы на адлегласць і годы, родныя мясціны назаўжды застаюцца ў сэрцы. Яны, нібы магніт, прыцягваюць да сябе моцнай сілай. Тут, сярод сяброў і блізкіх, час нібы запавольваецца, даючы магчымасць успомніць, як важна захоў-ваць свае карані і перадаваць гэтую любоў наступным пакаленням.
Ірына Велясевіч. Фота прадастаўлена Ружанскім сельсаветам
