Чарговая сустрэча з падпісчыкамі адбылася ў ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Высокая яўка жадаючых падтрымаць «раёнку» сапраўды ўразіла. Такія цёплыя сустрэчы гавораць пра многае: нас чытаюць, мы запатрабаваны, «Раённыя будні» цікавы нашым чытачам.
Адразу хочацца падзяліцца лічбамі. У гэты дзень на пункт падпіскі прыйшло амаль паўсотні жадаючых, пры гэтым напярэдадні самастойна падпісаліся 37 чалавек і яшчэ 30 ветэранаў працы. Работнікі арганізацыі падпісваліся не толькі самі, многія вырашылі зрабіць сюрпрыз сваім бацькам, каб людзі на пенсіі таксама былі ў курсе апошніх падзей у горадзе і раёне.
Адказваць на пытанні чытачоў нам не ў навінку, таму мы былі «ў поўным узбраенні» і імкнуліся падрабязна расказаць, як рыхтуюцца матэрыялы. Чытачам заўсёды цікава, адкуль бяром натхненне, як складаем поласы, і чаму рубрыкі прымушаюць сур’ёзна папрацаваць, каб з усёй адказнасцю падысці да раскрыцця тэмы. Ці, напрыклад, колькі часу ідзе на пошукі «патрэбных» людзей, каб атрымаць дакладны адказ або канкрэтны каментарый. Разнастайнасць пытанняў уражвае, а гэта значыць, што намі цікавяцца. Гэта і ёсць стымул ісці ў нагу з часам, яшчэ больш імкнуцца знаходзіць «разынку» і выкладвацца па поўнай.
Таму ўпэўнена сцвярджаем: нашы чытачы інфармаваны, а значыць — узброены! На старонках «раёнкі» толькі свежыя навіны, канкрэтныя факты і важкія аргументы. Да нашага меркавання прыслухоўваюцца, нас паважаюць, а гэта ўдвая прыемна.
Выказваем шчырую падзяку нашым падпісчыкам за падтрымку і праяўленую ініцыятыву. Нагадваем, падпісная кампанія на 4 квартал 2024 завершыцца 30 верасня. Да новых сустрэч на старонках «раёнкі»!
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_304243364 і https://ok.ru/budni/album/983540369032