Штогод 15 верасня бібліятэкары Беларусі адзначаюць прафесійнае свята. Дзень бібліятэк у нашай краіне святкуецца з 2001 года і сёлета адзначаецца 23-ці раз. Гэта дата выбрана невыпадкова і прымеркавана да дня адкрыцця галоўнага кніжнага сховішча краіны — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Філіял Пружанскай гарадской бібліятэкі па вул. Інтэрнацыянальнай не стаў выключэннем. Як паведаміла загадчыца бібліятэкі Таццяна Ракіцкая, для людзей, якія звязалі сваё жыццё з бібліятэчнай справай, гэта асаблівая дата, і рыхтуюцца яны да яе грунтоўна.
— Наша бібліятэка — не проста ціхае і ўтульнае месца, дзе можна адасобіцца і спакойна пагартаць любімыя выданні, але і адна з адметнасцей гарадскога раёна. Да нас прыходзяць кнігалюбы не толькі за новай літаратурай, але і пагутарыць, падзяліцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным. Супрацоўнікі бібліятэкі беражліва захоўваюць існуючы кніжны фонд, паколькі большасць людзей сталага ўзросту ўсё ж такі аддае перавагу менавіта кнізе, а не электроннаму варыянту. Я з дзяцінства любіла чытаць, таму і прафесію выбрала па прызванні. Сёння бібліятэкар выступае ў якасці пасрэдніка паміж чытачом і бібліятэчным фондам, своеасаблівым арыенцірам, дапамагае не згубіцца ў свеце кніг, прапануе навінкі.
Паралельна з падрыхтоўкай да прафесійнага свята бібліятэкары раёна рыхтуюцца да Дня яднання беларускага народа. У прыватнасці, створана выстава кніг, прымеркаваная да гістарычнай даты 17 верасня — Дня народнага адзінства. Гэта сукупнасць кніг, брашур і часопісаў, у якіх адлюстравана сутнасць свята, яго асновы і зара-джэнне. Матэрыялы падабраны на любы ўзрост і густ і звычайна выклікаюць цікавасць у прыхільнікаў гісторыі роднага краю.
Мы шчыра віншуем усіх працаўнікоў бібліятэк Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам! Жадаем здароўя, міру і працвітання, і, вядома, пабольш удзячных чытачоў!
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны МАСІК