Спачатку было слова…Гэтая біблейская ісціна як нельга лепш падыходзіць да свята, якое ўжо больш за чвэрць стагоддзя збірае пад сваім сцягам усіх, для каго беларуская мова – не проста набор гукаў, а жывая тканіна гістарычнай памяці. Дзень беларускага пісьменства, які адзначаецца ў першую нядзелю верасня, даўно перарос статус каляндарнай даты і стаў своеасаблівым мастом паміж эпохамі.

Напярэдадні знамянальнай даты мы завіталі ў Ліноўскую сельскую бібліятэку і ўбачылі, з якім цяплом супрацоўнікі падрыхтаваліся да гэтага дня. Для тых, хто працуе з кнігай, менавіта гэты дзень — важны арыенцір, які дае магчымасць аглядзецца на пройдзены шлях і зазірнуць у будучыню. Сустрэча з кнігай, асабліва ў сучасным свеце, наогул патрабуе трапяткога стаўлення. А калі гаворка ідзе пра беларускае слова, якое вытрымала выпрабаванні гісторыяй, — адказнасць узрастае ўдвая. Бібліятэкары не проста выконваюць сваю працу – яны захоўваюць духоўны скарб нацыі, культура якой трымаецца на ўменні чуць і перадаваць роднае слова.

— Традыцыйна да Дня беларускага пісьменства мы рыхтуем кніжную выставу, але кожны раз хочацца ўнесці свежы акцэнт, здзівіць чытачоў, — расказала загадчыца бібліятэкі Алена Антончык. — Экспазіцыя з красамоўнай назвай «Дзівосны скарб беларуса» стала сапраўдным экскурсам па стагоддзях. Першы раздзел «Асветнікі і мысліцелі Беларусі» вяртае да вытокаў: тут і Ефрасіння Полацкая, і Францыск Скарына, і Сімяон Полацкі, і Васіль Цяпінскі. Кожны з іх не проста друкаваў кнігі — яны стваралі светапогляд, рызыкавалі, змагаліся за права беларускага слова на гучанне. Другі раздзел, «Сучаснае беларускае слова», пераконвае, што традыцыя працягваецца. Паэтычныя зборнікі, апавяданні, аповесці Генадзя Аўласенкі, Ліліі Багдановіч, Яраша Малішэўскага, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і іншых аўтараў — гэта галасы сённяшняга дня, якія не губляюць сувязі з каранямі. А гэта значыць, што беларускае слова жыве і развіваецца, знаходзіць новыя формы і новых прыхільнікаў.
Асаблівую цікавасць выклікала лакацыя «Літаратурная гадзіна. Мысліцелі і асветнікі Беларусі» — жывы фармат узаемадзеяння з ліноўскімі школьнікамі. Гульнявая форма для ўспрымання матэрыялу аказалася да спадобы. Вучні актыўна ўдзельнічалі ў віктарынах і конкурсах, пры гэтым не проста паўтаралі ўрокі, а адкрывалі для сябе новыя гістарычныя факты. А лепшыя чытальнікі падарылі ўсім прысутным вершы беларускіх аўтараў на роднай мове. Такія сустрэчы каштоўныя тым, што здымаюць бар’ер паміж кнігай і юным чытачом, ператвараюць веды ў сапраўдныя эмоцыі.
Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць юным беларусам адчуць сувязь часоў, зразумець, што родная мова — жывая сіла, якая фарміруе нацыянальную свядомасць. Мы жывем у сувярэннай краіне, у нас свае сімвалы, традыцыі і атрыбуты. Але галоўнае — наша свядомасць, якая ў Дзень Беларускага пісьменства набывае асаблівы сэнс. Таму вельмі важна шанаваць, ведаць і памятаць, з чаго ўсё пачыналася, і берагчы тое, што маем зараз. Менавіта такі падыход робіць свята сапраўды народным і паказвае, што беларуская літаратура не з’яўляецца чымсьці далёкім — яна зусім побач, у кожным родным куточку.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара
