
Інвазіўныя расліны — гэта чужародная флора, якая, патрапіўшы ў новае асяроддзе, пачынае актыўна выцясняць мясцовыя віды. «Захопнікі» не заўсёды прыкметны адразу, але наступствы могуць быць разбуральнымі… Адным з такіх агрэсіўных чужакоў з’яўляецца залатарнік канадскі. Ён імкліва распаўсюджваецца, выцясняе мясцовыя расліны, парушае экасістэму і пазбаўляе нас біяразнастайнасці. Там, дзе ён з’яўляецца, знікаюць рэдкія травы, кветкі і хмызнякі, якія саступаюць месца монакультуры, здольнай змяніць аблічча цэлых тэрыторый. Сумесна з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя мы правялі рэйд на тэрыторыі Пружаншчыны і даведаліся, якая сітуацыя па інвазіўных відах у дадзены момант.
На пачатку ў поле нашага зроку трапіў участак па вуліцы Цэнтральнай у г. Пружаны. Тут мы ўбачылі толькі некалькі кустоў гэтай шкоднаснай расліны. Пагутарыўшы з жыхарамі дома, даведаліся, што яны дасведчаныя пра шкоднаснасць залатарніка і пра тое, якія наступствы могуць быць на ўчастку, калі своечасова яго не выдаліць. Больш за тое, жыхары запэўнілі нас, што гэта толькі малая частка таго, што тут было… Барацьба з залатарнікам вядзецца на гэтым месцы ўжо некалькі гадоў. Далей мы паехалі на вуліцу Еўфрасінні Полацкай. Тут, на незаселеным участку, убачылі мноства прадстаўнікоў гэтага віду. Дарэчы, як сказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гарус, КУВП «Камунальнік» быў ужо праінфармаваны аб тым, што тут неабходна правядзенне работ па выдаленні залатарніка (да апублікавання артыкула ў газеце ўсе работы на гэтым участку выкананы ў поўным аб’ёме).
Пасля чаго мы вырашылі абследаваць на наяўнасць гэтага шкоднаснага віду і частку іншых населеных пунктаў нашага раёна. Убачыўшы дадзеную інвазіўную расліну на тэрыторыі аднаго з участкаў у пасёлку Сонечным, вырашылі пагутарыць з гаспадаром, аднак яго не было дома. Да нас выйшлі суседзі, якія былі праінфармаваны і папярэджаны аб пагрозе залатарніка. Яны паабяцалі расказаць пра гэта свайму суседу, а таксама не дапусціць яго распаўсюджвання на сваёй тэрыторыі. Праязджаючы па нашым раёне, мы яшчэ не аднойчы сустракалі залатарнік на розных участках, аднак з гаспадарамі пагутарыць так і не атрымалася. Па тым, як выглядалі падворкі, можна было вызначыць, што на гэтых месцах даўно не ступала нага чалавека, а самі ўчасткі патрабуюць добраўпарадкавання. Толькі бліжэй да канца рэйдавага мерапрыемства нам усё ж удалося знайсці яшчэ два ўчасткі, дзе былі жыхары і там расла дадзеная інвазіўная расліна. У абодвух выпадках была праведзена гутарка, падчас якой гаспадары абяцалі выдаліць з участка залатарнік канадскі ў бліжэйшы час. Усім грамадзянам, на ўчастку якіх была выяўлена гэтая шкоднасная расліна, была ўручана памятка, дзе напісана інфармацыя па залатарніку і як з ім патрэбна змагацца.
— У дадзены момант на тэрыторыі нашага раёна зафіксавана 370 га, на якіх расце залатарнік канадскі. З іх каля 300 га — гэта тэрыторыя Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», дзе да гэтага года была забаронена хімічная апрацоўка. Цяпер жа ёсць магчымасць весці і такога кшталту апрацоўку, што спрашчае барацьбу з залатарнікам і робіць яе больш эфектыўнай. Калі ж браць па тэрыторыях сельскіх Саветаў, то самыя вялікія плошчы гэтага інвазіўнага віду зафіксаваны на землях Ружанскага, Зеляневіцкага і Сухопальскага сельвыканкамаў. Што ж датычыцца нашага раёна ў цэлым, то ён з’яўляецца адным з самых вялікіх па плошчы распаўсюджвання залатарніка канадскага ў Брэсцкай вобласці, з чым мы старанна змагаемся, – падкрэсліў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гарус.
Падчас нашага рэйду залатарнік быў выяўлены ў асноўным на тых тэрыторыях, дзе няма гаспадароў, а самі ўчасткі пустуюць. А вось дзе наадварот ёсць жыхары, такія выпадкі трапляюцца вельмі рэдка, і практычна ўсе яны ведаюць аб шкоднаснасці гэтага пустазелля і вядуць з ім барацьбу.
Асноўнымі эфектыўнымі метадамі барацьбы з залатарнікам канадскім з’яўляецца прымяненне гербіцыдаў, уцягванне невыкарыстоўваемых зямель у гаспадарчы абарот.
Нагадваем, што непрыняцце землекарыстальнікамі мер па знішчэнні залатарніка канадскага цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць!
Руслан Басак
Фота аўтара
