Пятница, 14 августа 2026

Дыялогавую пляцоўку «Гісторыя адной сям’і» правялі ў раённай бібліятэцы імя М. Засіма

671

«Гісторыя адной сям’і». Так называлася дыялогавая пляцоўка, арганізаваная Пружанскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з дапамогай супрацоўнікаў раённай бібліятэкі.

Удзельнікі імпрэзы — грамадзяне сталага ўзросту, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН, і навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа разам паспрабавалі скласці агульны партрэт той самай «Сям’і-крэпасці», за сценамі якой пануюць толькі каханне, павага і спакой.

Галіна Немцава, Раман Панамарэнка і Марыя Панкратава.

З прысутнымі падзялілася сваім сямейным вопытам і жыццёвым укладам добра вядомая нашым чытачам Галіна Немцава — валанцёр Чырвонага Крыжа, а яшчэ аматар гімнастыкі і скандынаўскай хадзьбы. Яна пражыла цяжкае жыццё, ужо даўно размяняла дзясяты дзясятак, але і сёння яе энергіі, імкненню дапамагаць іншым могуць пазайздросціць нават маладыя людзі.

Цікавым быў расказ Марыі Панкратавай, жыццё якой стала для маладых слухачоў добрым прыкладам таго, што пры любых жыццёвых абставінах нельга апускаць рукі, трэба жыць далей – дзеля дзяцей, унукаў, дзеля сябе самой. Сябраваць, тварыць, падарожнічаць, штодня пазнаваць нешта новае і цікавае. І радавацца кожнаму дню.

Навучэнец каледжа Раман Панамарэнка, які прадстаўляў юную палову аўдыторыі, расказаў пра сваё жыццёвае крэда. Прыклад годнасці, адказнасці, дабраты і чалавечнасці паказалі яму прадзеды, дзяды і бацькі.

Дыялог пакаленняў атрымаўся карысным і каштоўным.

Алена Зялевіч. Фота Вольгі Вадзяновіч