У нашу рэдакцыю звярнулася жыхарка раёна. Яна паведаміла, што ў полі каля аграгарадка Лыскава знаходзіцца бусел, у якога зламана нага. З-за гэтага птушка не можа рухацца і лятаць. Жанчына папрасіла дапамагчы птушцы.

Сітуацыя даволі неадназначная, разабрацца ў ёй мы запрасілі раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— У рашэнні Пружанскага райвыканкама № 809 ад 17.04.2017 года аб парадку ўзаемадзеяння і рэагавання службовых асоб раёна на інфармацыю аб дзікай жывёле ў населеным пункце прапісаны склад камісіі для арганізацыі і прыняцця мер па выдаленні з тэрыторыі населенага пункта, садоўніцкага таварыства або дачнага кааператыва жывёлы. На членаў дадзенай камісіі ўскладаюцца некаторыя абавязкі. Калі разабраць канкрэтны выпадак, то грамадзяне звяртаюцца ў асноўным у Пружанскі РАНС, начальнік якога прымае інфармацыю і даводзіць яе да старшыні камісіі, якім з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкама. Затым па яго рашэнні высылаюцца сілы і сродкі для правядзення мерапрыемстваў, вызначаных камісіяй, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася. На чыёй тэрыторыі быў зафіксаваны выпадак, той і арганізуе, і праводзіць мерапрыемствы па адлове. У сваю чаргу кіраўнік установы «Пружанская раённая ветэрынарная станцыя» таксама дасылае людзей, якія праводзяць агляд жывёлы і пры неабходнасці аказваюць ёй ветэрынарную дапамогу, — патлумачыла начальнік райінспекцыі Вольга Дрозд.
Што ж да нашай сітуацыі, то на шчасце, у хуткім часе жыхарка аг. Лыскава праінфармавала нас аб тым, што з буслам усё не так дрэнна і птушка змагла ўсё ж такі паляцець далей. Таму ўмяшальніцтва іншых органаў было ўжо не актуальна.
Але ж у гэтай сітуацыі хочацца паразважаць, зірнуць з іншага пункту гледжання. Ці варта ўвогуле ўмешвацца ў прыродныя працэсы і ўносіць сваё бачанне ў натуральны адбор? Бо ў выніку такой прыроднай канкурэнцыі ў папуляцыі павялічваецца колькасць асобін, якія валодаюць больш высокай прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя, у той час як слабыя не перадаюць свой генафонд наступнаму пакаленню. Але хтосьці лічыць інакш, успрымаючы натуральны адбор не зусім гуманнай з’явай для нашага часу. Медыцына ступіла далёка наперад, і калі ёсць магчымасць дапамагаць жывым арганізмам, дык чаму гэта і не рабіць? Што і прыводзіць да хвалі захворванняў у фауне, з’яўлення нежыццеўстойлівых асобін. Раім задумацца і над гэтай акалічнасцю.
Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік, носіць ілюстрацыйны характар
