Воскресенье, 12 июля 2026

Два клёны на Шырмы

653

Днямі ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад гарадскіх пенсіянераў, якія звярталіся па дапамогу ў вырашэнні пытання з перашкодамі для веласіпедыстаў.

«Па вуліцы Р. Шырмы паміж дамамі 60 і 62 растуць два дрэвы, літаральна на тратуары на праезнай частцы для веласіпедыстаў. Зразумела, што пасаджаны яны былі тады, калі двухколаваму транспарту дазвалялася рухацца па дарозе. Але зараз яны сталі сапраўднай перашкодай, тым больш што з іншага боку пешаходнай дарожкі ўстаноўлены два электрычныя слупы. У выніку ствараюцца перашкоды для руху як веласіпедыстам, так і пешаходам, якія не змогуць размінуцца паміж сабой. Чаму б не прыбраць гэтыя дрэвы?»

Да такіх сітуацый заўсёды стаўлюся прагматычна: калі перашкаджае — трэба прыбраць. Нягледзячы на тое, ці пабудавана гэта ўчора, або пасаджана зусім нядаўна. Таму
адразу прыняў бок звяртальнікаў. Аднак…

На месцы, пры візуальным аглядзе праблемы, прыйшоў да адваротнай высновы. Па-першае, электрычныя слупы знаходзяцца не на пешаходнай дарожцы і ніякім чынам руху не перашкаджаюць. Па-другое, два клёны маюць здаровы выгляд, іх галіны пачынаюцца на вышыні больш за 2 метры, а значыць, не перашкаджаюць агляду ці руху аўтамабіляў і пешаходаў. Што відавочна на фотаздымку. Больш за тое, шырыня свабоднага тратуара ў гэтым месцы таксама перавышае 2 метры і бачна, што двое чалавек, адзін з якіх яшчэ вядзе ў руках веласіпед, размінуцца там могуць спакойна. Улічваючы тое, што Правілы дарожнага руху патрабуюць ад веласіпедыстаў перасоўвацца па выдзеленай веласіпеднай частцы, але не забараняюць пры мінанні перашкод выязджаць на пешаходную зону.
Безумоўна, можна ўсё-такі палічыць такі зварот слушным і прыбраць гэтыя два дрэвы. Два адзіныя дрэвы ад кальца і да сквера ў раёне СШ № 4! Больш зялёных насаджэнняў там няма. А гэта каля 300 метраў без усялякай «зелянінкі». Ці можна пасля такога стаўлення лічыць Пружаны — зялёным горадам?


Але мы выказалі абывацельскую думку, таму ўсё роўна звярнуліся да спецыялістаў КУВП «Камунальнік», каб атрымаць афіцыйнае меркаванне адносна сітуацыі.
— Спецыялістамі камунальнай службы праведзена абследаванне пазначаных дрэў на вуліцы Р. Шырмы паміж дамамі 60 і 62. Выяўлена, што вышынныя зялёныя насаджэнні не маюць прыкмет хваробы, аварыйнасці і не ўяўляюць ніякіх пагроз або перашкод для пешаходаў і любых відаў транспарту. Таму, з улікам норм арт. 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», ніхто не ўзгадніць іх выдаленне,— зазначыў намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталій Казлоў.


Звернемся да ўзгаданага нарматыўнага акта: «выдаленне, перасадка аб’ектаў расліннага свету дапускаюцца толькі ў выпадках, калі адбываецца будаўніцтва; дрэвы перашкаджаюць эксплуатацыі будынкаў; знаходзяцца ў неналежным, у тым ліку аварыйным, стане; ажыццяўляецца ліквідацыя наступстваў надзвычайнай сітуацыі; перашкаджаюць жыццядзейнасці або эканамічнай дзейнасці юрыдычных асоб і ІП.


Відавочна, што ні адзін з праду-гледжаных пунктаў у дадзеным выпадку не падыходзіць.


Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік