Четверг, 13 февраля 2025

Дух спаборніцтва і свята

625

У аг. Моталь Іванаўскага раёна прайшоў калядны турнір па валейболе, удзел у якім прыняла і дружына з Пружанскага раёна.

Удзел у спаборніцтвах прынялі пяць каманд з розных раёнаў Брэсцкай вобласці. Акрамя калектыву ААТ «Роўбіцкае», на турніры былі прадстаўлены валейбалісты з Брэста, Пінска, Драгічына і Івацэвіч.

Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме, гэта азначала, што кожнаму калектыву неабходна было згуляць па адным разе з усімі заяўленымі на турніры дружынамі. Нашы валейбалісты ўпэўнена абгулялі калектыў з Драгічына, а таксама ва ўпартых матчах з камандамі з Івацэвіч і Пінска здолелі атрымаць важныя перамогі з аднолькавым лікам па партыях — 3:2. Спыніць нашых спартсменаў здолелі толькі валейбалісты з Брэста, яны ж і не дазволілі дружыне з Пружанскага раёна стаць пераможцамі турніру.

Па выніках першынства трэцяе месца дасталася калектыву з Брэста, на ганаровай другой прыступцы п’едэстала размясціліся валейбалісты з ААТ «Роўбіцкае», якія толькі крыху саступілі сапернікам з Івацэвіч.

У кожнай камандзе-удзельніцы былі выдзелены лепшыя гульцы турніру. У калектыве з Пружанскага раёна ім стаў Сяргей Сцяпанаў, які атрымаў ад арганізатараў першынства прыгожую статуэтку. Усе прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, смачнымі падарункамі, а пераможца — яшчэ і кубкам.

Руслан Басак