Вторник, 21 апреля 2026

Добрую справу для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі зрабілі пружанскія баптысты

525

Аднолькавых людзей не бывае, кожны па-свойму індывідуальны. Кожны чалавек — гэта асобны свет са сваімі эмоцыямі і пачуццямі, узлётамі і падзеннямі, марамі і планамі.  І было б вельмі выдатна, калі б людзі ставіліся да індывідуальнасці іншых больш талерантна — былі памяркоўнымі да іншага роду поглядаў, нораваў, звычак, формаў самавыяўлення.

Талерантнасць азначае не толькі прызнанне факта існавання «іншых», але і клопат пра іх магчымасць камфортна адчуваць сябе ў грамадстве. Гэта ў тым ліку павага і спачуванне ў стаўленні да людзей з інваліднасцю. Не варта блытаць такія пачуцці з жаданнем пашкадаваць. У першую чаргу — гэта прызнанне такіх людзей асобамі, якія валодаюць усімі правамі нароўні са здаровым чалавекам, але маюць патрэбу ў аказанні пэўнай дапамогі.

Фарміраванне талерантнага стаўлення да дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца адной з асноўных задач у рабоце ДУСА «Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі», дзе выхоўваюцца і навучаюцца 19 дзяцей з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (або) псіхічным развіцці. Ва ўстанове спецыяльнай адукацыі кожнае дзіця акружана клопатам і ўвагай, мае магчымасць прымаць актыўны ўдзел у сацыякультурным жыцці грамадства.

Нашы дзверы і сэрцы заўсёды адкрыты для сяброў. Не так даўно ў нас у гасцях былі пастыр царквы ЕХБ г. Пружаны Валерый Ахрымук і дзеці-валанцёры царквы ХВЕ «Каўчэг Выратавання», якія парадавалі нашых выхаванцаў падарункамі і лялечнай сцэнкай «Вожык Арцёмка», у якой расказвалася пра дабро і сяброўства.

Мы ўсе розныя, але ў нас шмат агульнага. Нашы дзеці любяць гуляць, яны ўмеюць сябраваць, заўсёды радуюцца новым знаёмствам. Ці гатовы вы да талерантнасці, прыняцця іншых людзей? Ці гатовы вы аказаць ім падтрымку, увагу і клопат?

Алена Лухверчык, настаўніца