Среда, 14 октября 2026

«Дажынкі-2026» в агрогородке Колядичи

532

Наша зямля здавён славіцца гасціннасцю, прыгажосцю краявідаў, гаючым паветрам, што і адзначаюць шматлікія госці, якія з задавальненнем наведваюць Пружанскі край. А яшчэ тут жывуць спакойныя, міралюбівыя людзі. Яны з годнасцю нясуць сцяг працавітасці, любяць кожны кавалачак сваёй зямлі. Для іх хлеб — гэта святое, сэнс жыцця і быцця на гэтым свеце. Вось дзеля такіх працаўнікоў у мінулую суботу і быў наладжаны раённы фестываль-кірмаш «Дажынкі-2026» у аграгарадку Калядзічы.

Распачалося мерапрыемства з ускладання кветак да помніка аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі важны момант, бо беларусы помняць аб страшнай падзеі і свята вераць у непераможнасць міру на ўсёй зямлі. Стараюцца для ўсіх быць шчырымі сябрамі і добрымі дарадцамі.


Затым адбылося ўрачыстае шэсце ўдзельнікаў, гасцей і пераможцаў шыкоўнага фестывалю. Проста трэба было бачыць дадзенае дзейства на свае вочы. Разам мы — сіла, якая сімвалізуе еднасць, непарушнасць любімай старонкі. Беларусы ідуць у правільным кірунку да галоўнай мэты — забяспечыць сябе хлебам надзённым, дамагчыся росквіту сваёй краіны.
Каравай — сімвал дабрабыту і багацця. Ён і быў уручаны кіраўніку раёна Міхаілу Грышкевічу напачатку ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў на жніве-2026. У гэтым залатым хлебе пот і бяссонныя ночы нашых землякоў, шчодрасць пружанскай зямлі. Зямны паклон хлебаробам за іх адданасць справе!

І вось наступае той самы момант, калі на сцэну падымаюцца людзі, каб пачуць у свой адрас цёплыя словы падзякі за сумленную працу, атрымаць свае ўзнагароды і прыгожыя кветкі.
Першым слова ўзяў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Максімчук. Ён ад імя губернатара вобласці Пятра Пархомчыка зачытаў вітальны адрас пружанскім хлебаробам, у якім гучала падзяка за годную работу. У чарговы раз нашы працаўнікі даказалі, што любяць сваю зямлю, з душой адносяцца да абранай справы. Дабрабыту і працвітання раёну і ўсёй краіне ў цэлым!

Нізкі паклон за сумленнае працоўнае жыццё адрасаваў прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Аляксандр Матвяйчук. Як было адзначана, высокі рэзультат на сёлетняй уборцы — гэта не выпадковасць, а вялікі вопыт і жаданне быць заўсёды карыснымі сваёй Айчыне. А таксама Аляксандр Сяргеевіч пажадаў пружанскім хлебаробам простага чалавечага шчасця, з якога і складаецца спакойнае жыццё на беларускай зямлі.

Добра папрацавалі, то цяпер можна і адпачыць, павесяліцца. Ну, як тут не пагадзіцца з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыем Наркевічам. Таксама гучала пажаданне мірнага неба над галавой, каб заўсёды быў хлеб на стале.

Як падкрэсліў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Віталій Рудзь, пружанская зямля заўсёды славілася працоўнымі традыцыямі, тут умеюць рабіць усё з душой. Таму і надалей толькі годных рэзультатаў і высокіх перамог!
Першыя ў вобласці намалацілі 100 тысяч тон! Усе малайцы, стараліся не згубіць ніводнага зярнятка. Пра гэта гаварыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Кіраўнік раёна зазначыў, што з нашымі людзьмі працаваць — адно задавальненне.

— Дзякуй вялікі за старанне ветэранам галіны, моладзі за разуменне важнасці жніва, упартасць у дасягненні канчатковага выніку. Усім, хто дапамагаў на ўборцы: каледжу, РАНС, лясгасу. Жанчыны — вы самыя лепшыя, мала таго, што па доме ўсё робіце, то і на жніве задаяце тэмп! Няхай укладзеныя ў зямлю сілы заўсёды прыносяць радасць і задавальненне ад дружных усходаў і багатых ураджаяў, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Кацярына Папко таксама далучылася да віншаванняў і пажадала, каб будучы год стаў яшчэ лепшым, сонейка прыгравала і дожджыкі спорыліся. Здароўя моцнага і дабрабыту ў сем’ях!

А хто ж паказаў самае высокае майстэрства ў раённым спаборніцтве на сёлетнім жніве? Першае месца сярод гаспадарак было прысуджана ААТ «Жураўлінае», на другім размясцілася таварыства «Шані-аграпрадукт», замкнула тройку лідараў «Ліноўскае». Кіраўнікі з рук гаспадара раёна прымалі заслужаныя ўзнагароды як сімвал прызнання майстэрства ўсёй каманды працаўнікоў. Пасля чаго на сцэну падымаліся камбайнеры, вадзіцелі, калектывы зернесушыльных комплексаў, якія, маладыя і вопытныя, з’яўляюцца гонарам Пружаншчыны. Вызначыліся і з лепшымі галоўнымі аграномам і інжынерам.

Любоў да зямлі ў нашых людзей закладзена з маленства, таму і працуюць за дваіх, ніколі не схіляюцца перад цяжкасцямі. Такой думкі прытрымліваюцца ўсе, у
тым ліку і першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко.

Заўсёды рады пабываць на пружанскай зямлі і намеснік старшыні Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Бараноўскі, які раздзяліў радасць дажынак з нашымі хлебаробамі.

Сіла, па словах старшыні Пружанскага раённага аграпрамысловага саюза, дырэктара ААТ «Велікасельскае Агра» Васілія Севасцьянчыка, сельскай гаспадаркі — у адзінстве, слаўных людзях. А такіх у нас хапае, таму і ёсць з каго браць прыклад, з кім ісці да новых працоўных перамог.
Заўсёды з хлебаробамі на жніве і раённы галіновы прафсаюз. Яго старшыня Вольга Зубкова таксама завітала на «Дажынкі» і шчыра пажадала сельскім працаўнікам трымаць і надалей быць лепшымі не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы. Быць упэўненымі ў тым, што іх праца будзе ацэнена на самым высокім узроўні, яны ніколі не застануцца самнасам з праблемамі і цяжкасцямі.

Дажынкі — гэта не толькі ўшанаванне лепшых хлебаробаў, але і сапраўдны трыумф народнай творчасці, фантазіі і гасціннасці нашага краю. У гэтым годзе Пружаншчына пераўзышла саму сябе! Чаго толькі вартыя арт-аб’екты з саломы на ўездзе ў аграгарадок з боку раённага цэнтра, зробленыя нашымі гаспадаркамі! За крэатыўнасць і старанне трэцяе месца дасталася «Агра-Калядзічы», на другой прыступцы п’едэстала размясцілася «Жураўлінае», а золата паехала ў ААТ «Мурава». А ўжо як пастараліся сельскія працаўнікі ў вырабе лавачак! Гэта былі сапраўдныя шэдэўры, на якіх нават шкада было сядзець, толькі любавацца на адлегласці. Тут залаты медаль уручылі Аранчыцкай птушкафабрыцы, серабро ў ААТ «Жураўлінае» і «Айчына-Агра», бронзавымі прызёрамі сталі «Пружанскае», «Роўбіцкае» і «Пружанскі райаграсэрвіс». А снапы з каласоў новага ўраджаю? Ну, проста вачэй было не адарваць! Лепшым арыгіналам у дадзенай намінацыі стала ААТ «Роўбіцкае». За ім размясціліся Пружанскі льнозавод і «Велікасельскае Агра», а на трэцім месцы — ААТ «Айчына-Агра», «Мурава» і «Ліноўскае».

Хто не пабываў на падворках сельгаставарыстваў «Вітае наш багаты край», той шмат чаго згубіў у гэтым жыцці. Там сталы ламаліся ад страў і пітва. Там гучалі цудоўныя песні пад гармонік, дэманстраваліся публіцы ары-гінальныя танцы. Кожнае падвор’е было з густам аздобленае: то вам печ з каўбасамі, то рог багацця, то дэкарацыі пад восень. Ай, што пералічваць, трэба было проста папрысутнічаць на фестывалі. За творчы падыход з трэцім месцам Вольга Зубкова віншавала ААТ «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Пружанскае». Крышку не дацягнулі да золата «Роўбіцкае» і «Ліноўскае». Першыя — «Ружаны-Агра». А лепшыя караваі — румяныя, велічавыя, адным словам, царскія — былі прадстаўлены «Пружанскім райаграсэрвісам», «Роўбіцкім», «Пружанскім» (ІІІ), затым «Шані-аграпрадуктам» і «Ружаны-Агра» (ІІ) і першае… у «Агра-Калядзіч»!

Уявіце сабе высока ў небе самалёт «Ан-2», з якога саскокваюць чатыры парашутысты са сцягамі, у тым ліку і дзяржаўным. Вось на адным з іх і было пазначана, што на «Дажынках-2027» мы сустрэнемся ў ААТ «Ружаны-Агра». Яго дырэктару Андрэю Босаку і ўручыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч пераходны кубак.

Нельга апусціць і той момант, як наогул быў наладжаны фестываль-кірмаш. Яго размах проста ўражваў. Вельмі многа лакацый было аддадзена дзецям. Перад адміністрацыйным будынкам ААТ «Агра-Калядзічы» разгарнуўся сапраўдны спартыўны гарадок з горкамі, батутамі і многім іншым. Прадавалася шмат цацак і прысмакаў. Па дарожках калясіў цягнічок, які пакідаў у кожнага маленькага пасажыра масу пазітыўных эмоцый. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і ваенныя з тэхнікай і салдацкай кашай, і супрацоўнікі РАНС са сваёй выставай. Тут галаву кружылі неверагодныя пахі шашлыку і каўбасак, граматна размясціліся фудкорты, так што смачна паесці смажаніны і выпіць соку можна было ў камфорце. А яшчэ набыць сабе памятны падарунак ад рамеснікаў, прыкупіць духмянага мёду. Нават у неба можна было ўзляцець на «Ан-2» і палюбавацца роднымі краявідамі. Словам, свята на славу ўдалося, дзякуй ААТ «Агра-Калядзічы» за падораныя эмоцыі.

Закончылася святочнае дзейства канцэртнай праграмай артыстаў Пружанскага раённага цэнтра культуры. А разам з імі падымалі настрой людзей кавер-гурт «Huracan» і «Дразды». Апошні акорд — салют і дыскатэка ад «Радыё Брэст», якія запалілі ў сэрцы кожнага парыў на новыя працоўныя здзяйсненні.

Больше фото https://vk.ru/album-23306785_312001350 тут


Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік