Среда, 17 декабря 2025

Дарыце жанчынам любоў…

770

Таксама наша лепшая палова чалавецтва цэніць прыемныя сюрпрызы. Адзін з такіх нашым мілым пружанкам зрабіла ААТ «Пружанскі малочны камбінат» напярэдадні Дня жанчын.

У гарадскім Палацы культуры быў аншлаг. Большасць гледачоў складалі жанчыны розных узростаў. Кожную сустракалі галантныя кавалеры, дарылі цюльпаны. Лічу, што гэта кветка разам з галінкай мімозы сімвалізуе вясну, свята, пяшчоту. Такія нечаканыя сюрпрызы, а яшчэ і цудоўны канцэрт з удзелам народнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Ягадка-малінка» са спявачкай Ірынай Іршонак і саліста канцэртнага аркестра імя Міхаіла Фінберга, уладальніка другой прэміі фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2009» Андрэя Коласава.

Перад пачаткам канцэрта ўсе мелі магчымасць прадэгуставаць вырабы малочнага камбіната. Асаблівым попытам карысталася марожанае.

Сам канцэрт прайшоў на высокім пад’ёме. Гледачы падпявалі любімыя песні, нават выходзілі танцаваць на сцэну пад залівістыя песні ў выкананні Ірыны Іршонак.

Андрэй Коласаў цудоўна спяваў як вядомыя, так і аўтарскія песні, а яшчэ добра трымаў залу, расказваў невялічкія гісторыі, віншаваў жанчын са святам. Здавалася, што яго словы кожная жанчына прымала асабіста ў свой адрас.

Пасля мерапрыемства мы папрасілі нашых прыгожых глядачак падзяліцца ўражаннямі ад канцэрту.

Святлана Гадуйка, г. Пружаны:
— Я вельмі ўдзячна малочнаму камбінату за такі падарунак. Мне ўсё спадабалася. Апладзіравалі і спявалі разам з выканаўцамі.

Яніна Трафімчук, г. Пружаны:
— Вялікі дзякуй малочнаму камбінату за тое, што арганізаваў напярэдадні 8 Сакавіка такі выдатны канцэрт. Атрымалася вельмі душэўная вечарына. Мы ў захапленні ад убачанага і пачутага.

Наталля Барысюк, г. Пружаны:
— Заўсёды купляю прадукцыю малочнага камбіната, якая карыстаецца вялікім попытам у нашай сям’і. Мала таго што прадпрыемства выпускае якасную «малочку», дык яшчэ можа рабіць такія цудоўныя падарункі ўсім жанчынам. Асобна выказваю удзячнасць арганізатарам за кветкі. Для мяне цюльпаны — самы галоўны атрыбут Дня жанчын.

Валянціна Пышко, вёска Кацёлкі і Надзея Алясеева, аграгарадок Шані:
— Нам вельмі спадабаўся канцэрт. Дзякуй малочнаму камбінату за такі падарунак напярэдадні 8 Сакавіка. Мы не шкадуем, што ўдалося трапіць на такую ўрачыстую вечарыну. Пенсіянерам удвая прыемна пабачыць сапраўднае мастацтва. Супрацоўнікі прадпрыемства годна прадставілі сваю прадукцыю на дэгустацыі. Мы вельмі любім пружанскія сыры, тварог, масла, смятану.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік