Заўсёды патрэбна імкнуцца да вышынь. Ставіць перад сабой мэту і ісці да яе. Старацца ажыццяўляць задуманае. Інакш жыццё губляе сэнс, няма той іскрынкі, якая дае запал на новыя здзяйсненні. Калі нават адну мінуту не хочацца губляць упустую, кожны дзень напоўнены сэнсам. Калі ты ўпэўнены, што ідзеш у правільным кірунку і ніхто цябе са сцяжынкі абранай не прымусіць саступіць. Чалавекам, які знайшоў сябе, сваю сям’ю, любімую працу, можна смела лічыць вадзіцеля з ААТ «Айчына-Агра» Дзяніса Мартынюка.

Для яго жыццё — дарога, якая і прывяла ў чарговы раз да перамогі на жніве. На мінулай уборцы Дзяніс першым у раёне перавёз тысячу тон зерня. А ўжо сёлета паднатужыўся і ўзяў першым паказчык у вобласці! З дадзенай нагоды і прымаў на гэтым тыдні віншаванні з кветкамі і падарункамі.
— Быць першым заўсёды і ва ўсім, ніколі не схіляць галаву перад цяжкасцямі і верыць у свае сілы, быць апорай для сваёй сям’і на ўсе часы, — жадала пераможцы старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова. Да яе слоў далучылася таксама начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчавання райвыканкама Таццяна Шаркова і дадала, каб Дзяніс упэўнена крочыў па жыцці, быў здаровы фізічна і духам. Канечне, не засталося ўбаку ад такой значнай падзеі і кіраўніцтва сельгаставарыства. Дырэктар Уладзімір Якімавец выказаў упэўненасць, што гэта не апошняя перамога Дзяніса Мартынюка, абавязкова будзе яшчэ нагода паціснуць яго рабочую руку, падзякаваць за шчырую працу ў сельскай гаспадарцы.
А мы ў гэтым і не сумняваемся. Дзяніс без малога 20 гадоў аддаў сельгаставарыству, гэта яго адзінае месца працы, ёй жыве вадзіцель і нават у сне не бачыць сябе на іншым месцы. Ён нароўні з астатнімі сельскімі працаўнікамі ўносіць значны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі любімай Беларусі. Гэтым жа самым займаюцца і бацькі Дзяніса ў той жа гаспадарцы. Тата Пётр Пятровіч каля 40 гадоў працуе таксама вадзіцелем, у свой час перадаў сыну «МАЗ-6501». Матуля Вольга Фёдараўна шчыруе намеснікам начальніка МТК «Кабылаўка». Вось вам і вымалёўваецца дынастыя шчырых працаўнікоў вёскі, якія не баяцца ніякіх цяжкасцей, калі паўстаюць перашкоды, то стараюцца не апускаць рукі, а пераадолець іх і смела ісці наперад. Такімі людзьмі і ганарыцца Беларусь, падтрымлівае іх.
Некалі быў вясковым хлопцам, жыў сабе ў аг. Харава. Цяпер гараджанін, мае свой дом і самую лепшую ў свеце сям’ю. Дзяніса заўсёды з усмешкай сустракае жонка Вольга, якая разумее яго з паўслова і падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Вельмі радасна на душы, калі цябе чакаюць і вераць у твае сілы. Вялікае шчасце — дзеці, якіх у сям’і Мартынюкоў ажно чатыры, — Міхаіл, Сняжана, Марыя і Уладзіслаў. Яны робяць кожны дзень бацькоў светлым і зусім не падобным на папярэдні. Дарэчы, сын Міхаіл да службы ў арміі таксама паспеў папрацаваць у ААТ «Айчына-Агра» на пасадзе агранома. Так што прыклад дзядулі і таты дзейнічае! Не адракаецца маладое пакаленне ад зямлі, як бы цяжка ні было на ёй працаваць.
Як бачым, усё ў парадку ў Дзяніса Мартынюка. Яму вельмі пашанцавала, бо знайшоў сваё месца пад сонцам, радуецца кожнаму пражытаму дню. Будуе планы і шчыра верыць, што яго праца ў сельскай гаспадарцы — самая важная ў свеце. Цяжка з ім не пагадзіцца.
Вадзім Раўнейка
На здымку: падарунак Дзянісу Мартынюку ўручыла старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова.
Фота Ірыны Велясевіч
