Среда, 11 ноября 2026

Дабрачынная акцыя

307

Новы год — гэта час цудаў, агеньчыкаў, прысмакаў, карагодаў і, канечне ж, падарункаў. Кожнаму дзіцяці прыемна зазірнуць пад ёлачку і ўбачыць там менавіта тое, аб чым пісалася ў лісце да Дзеда Мароза.

На жаль, не ўсе дзеці могуць адчуць радасць ад жаданага падарунка. Дзеці, якія зараз жывуць у сацыяльным прытулку, як і ўсе іншыя малыя, таксама вераць у цуды і чакаюць іх. Стаць тым добрым чараўніком, што выконвае жаданні, можа кожны, дзякуючы ў тым ліку і дабрачыннай акцыі, што зараз праходзіць у магазіне «Дзіцячы свет» у Пружанах.

Калі заходзіш у краму «Дзіцячы свет», адразу можна ўбачыць прыгожую кампазіцыю з дзвюх ёлачак, паміж якімі ёсць месца для падарункаў. Гэтыя падарункі прызначаны дзецям, якія зараз знаходзяцца без бацькоў. Дабрачынную акцыю штагод праводзяць Пружанскае раённае спажывецкае таварыства сумесна з ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пружанскага раёна».

— Мы праводзім падобныя акцыі ўжо гадоў дваццаць, не менш, — паведаміла начальнік участка рознічнага гандлю райспажыўтаварыства Вольга Яскунова. — Наша спажывецкае таварыства цесна супрацоўнічае, можна сказаць, нават сябруе, з сацыяльным прытулкам у пасёлку Сонечны. Мы кожны год ездзім туды да дзяцей, чакаем, каб яны напісалі свае пажаданні да Дзеда Мароза. Потым напісанае вешаем на ёлку. Адна з ёлачак у краме ўпрыгожана папяровымі «рукавічкамі», на якіх якраз і напісаны жаданні дзяцей. Пачытайце: яны простыя, шчырыя. Арыентуючыся на іх, людзі купляюць падарункі. Напярэдадні Новага года ў сацыяльным прытулку заўжды праводзіцца святочны ранішнік, на які прыязджаем і мы. Прывозім дзецям доўгачаканыя цацкі, касметыку і іншае, усё тое, што яны пажадалі. Вы б бачылі, як дзеці рэагуюць! Яны заўжды такія шчаслівыя, бо Дзед Мароз выканаў менавіта іх асабістае пажаданне, падарыў маленькі цуд!

— Не застаецца ў баку і кіраўніцтва нашага раёна, — кажа Вольга Аляксандраўна. — Хачу адзначыць, што ў мінулым годзе ў акцыі паў-дзельнічалі і намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч, і старшыня райспажыўтаварыства Дзмітрый Карпей.

Няхай жаданні ўсіх дзяцей здзяйсняюцца і навагоднія цуды здараюцца ў жыцці кожнага дзіцяці!

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара