

Яго стваральнікі імкнуліся захаваць памяць пра мясцовых жыхароў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай або вярнуліся героямі і пасля вайны аднаўлялі зруйнаваную гаспадарку.
Аддаць даніну памяці сабраліся жыхары розных куткоў раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, члены ваенна-патрыятычных клубаў і класаў. Таксама прынялі ўдзел консул-саветнік Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Андрэй Кулікоў, старшыня Брэсцкага абласнога савета ветэранаў Аляксандр Каляда, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Кацярына Папко, старшыня Велікасельскага сельвыканкама Таццяна Навіцкая.
Вядучыя мерапрыемства нагадалі, што сёлета спаўняецца 85 гадоў з таго часу, калі пачаўся адлік доўгіх дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны, самай страшнай і крывавай для нашага народа. Менавіта памяць пра яе падзеі, вялізныя страты, гераічны подзвіг нашых суайчыннікаў духоўна аб‘ядноўвае грамадства і з‘яўляецца адной з галоўных складаемых гістарычнай свядомасці беларусаў. І Дзень Перамогі стаў святам са слязьмі на вачах, бо вельмі вялікай цаной былі здабыты мір, права свабодна жыць на сваёй зямлі.
Пра гэта казала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Кацярына Папко.
— Дзень Перамогі для ўсіх нас — не проста дата, — зазначыла Кацярына Анатольеўна. — Гэта вынік вялікага народнага подзвігу, знак таго, што нашы свабода і незалежнасць былі заваяваны дзякуючы неймавернай сіле духу, працы многіх пакаленняў. А сённяшняе мерапрыемства ў Зарэччы яшчэ раз пацвярджае, што памяць пра вайну захоўваецца ў нашых сэрцах і перадаецца моладзі.
Гучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, уздымалася полымя Вечнага агню, мінутай маўчання прысутныя ўшаноўвалі памяць загінулых, ускладалі кветкі… Шчымлівую «Баладу пра маці» прачытала Святлана Несцерава — і людзі не змаглі стрымаць слёзы.

На сённяшні дзень у вёсцы не засталося тых, хто сам зведаў жахі вайны, але мясцовыя старажылы і іх нашчадкі памятаюць аповяды старэйшых сваякоў — яе ўдзельнікаў і відавочцаў. А самі гэтыя сваякі глядзяць з партрэтаў на Алеі памяці, нібы зноў стаяць у страі, цяпер ужо нябеснага воінства. 58 зарэчанскіх мужчын пайшлі на фронт у апошні год вайны, 28 з іх не вярнуліся дадому. А ў гады акупацыі 39 чалавек былі ўгнаны ў фашысцкае рабства.
— У нашай сям‘і пяцёра чалавек не вярнуліся з вайны, — кажа Зінаіда Дзмітрыеўна Ромаш. — Дзядуля мой прапаў без вестак, загінулі яго два браты, а па бабулінай лініі — два яе дваюрадныя браты.
18-гадовага Георгія Суботу ў 1944-м яшчэ не прызывалі ў армію. Дык калі старэйшых аднавяскоўцаў павезлі, ён прыбег да маці, кавалак сала адрэзаў, паклаў у кішэню і пабег у Аранчыцы, так імкнуўся
на фронт. І не вярнуўся, прапаў без вестак…

Валянціна Мікалаеўна Мелеш часта прыязджае на малую радзіму. Расказвае, што ветэранам вайны быў яе бацька Мікалай Васільевіч Субота, а цётку і маму вывезлі на працу ў Германію.
Над партрэтамі землякоў-ветэранаў ляцеў у вышыню рэквіем, словы якога напісаў жыхар Брэста Уладзімір Крылоў, а дапамагла пакласці іх на музыку яго ўнучка Кацярына. Аўтар з болем у сэрцы казаў пра беларускія вёскі, у якіх усё менш застаецца жыхароў.
— Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка неаднаразова ўздымаў тэму закінутых вёсак і недагледжаных могілак, называючы гэтыя пытанні ў ліку асноўных для захавання гістарычнай памяці. У мінулым годзе з карты Беларусі зніклі 38 вёсак. Падобная доля, напэўна, была наканавана і Зарэччу. Але мясцовыя ўраджэнцы, ініцыятыўная група на чале з брэсцкім прадпрымальнікам Міхаілам Куцам, які ўзяў на сябе асноўную нагрузку, у тым ліку і фінансавую, вырашылі захаваць памяць пра сваіх землякоў. І цяпер, як бы ні склаўся лёс вёскі, да мемарыялу будуць прыходзіць і прыязджаць людзі. І гэта — прыклад маральнага подзвігу яго стваральнікаў. На такіх людзях трымалася і трымаецца наша беларуская зямля, — падкрэсліў Уладзімір Аляксеевіч.
Сам Міхаіл Куц лічыць, што будаўніцтва мемарыяльнага скверу —гэта толькі пачатак справы па захаванні памяці. Цяпер у планах стварэнне ў роднай вёсцы музея сялянскага побыту, шмат экспанатаў для якога ўжо сабрана, арганізацыя турыстычнага маршруту.
—Толькі здаецца, што час рушыць няхутка. Але гэта не так. На адкрыцці скверу ў 2018 годзе яшчэ прысутнічала каля дзясятка жыхароў, якія памяталі тую вайну. А сёння ўжо няма ў каго спытаць, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. І прызнаецца, што па вечарах любіць сядзець у скверы, нібы размаўляе з землякамі.
— Мне, ды і думаю, усім, хто праходзіць праз гэты мемарыял, землякі нібы кажуць: «Мы свой абавязак выканалі, а ці зможаце вы, нашчадкі, выканаць свой?» Думаю, што і зарэчакі, і ўсе прысутныя скажуць: «Так, мы будзем несці гэту памяць і перадамо яе сваім нашчадкам».
Больше фото тут
Ірына Сядова
Фота Кацярыны Масік
