
Пружанскі палацык заўсёды цешыць жыхароў і гасцей горада цудоўнымі выставамі. Адна з такіх пазнаёміла з работай рамантычнага мастака Дзмітрыя Кузьміча.
Мастак родам з суседняга Бярозаўскага раёна, таму мноства яго карцін прысвечаны прыродзе малой радзімы. Зараз Дзмітрый жыве і працуе ў Віцебску.
Што адрознівае палотны Дзмітрыя Мікалаевіча ад многіх іншых мастакоў, дык гэта напоўненасць іх жывымі цёплымі сонечнымі фарбамі. Не, прамяні сонца не такія асляпляючыя, іх нябачна, але яны ёсць у паветры, на сцяжынках, дрэвах, у натхнёных тварах людзей. Нават аўтапартрэт мастака напоўнены сонечным светам.
Маляваць Дзмітрый пачаў у раннім узросце. Бацькі бачылі вялікую цікавасць хлопчыка да мастацтва, таму прывялі яго ў мастацкую студыю да таленавітага педагога Наталлі Цюшкевіч. А ці склаўся б далейшы лёс мастака без падтрымкі бацькоў? Яны ўсхвалялі занятак сына. Як сказаў бацька Мікалай Мікалаевіч, які прысутнічаў на адкрыцці выставы ў Пружанскім палацыку, нічога не шкадавалі для раскрыцця таленту хлопца. Былі спачатку нясмелыя мазкі, а затым яны пераўтвараліся ў карціны са сваёй душой і хараством.
Зараз Дзмітрый Кузьміч з’яўляецца выкладчыкам кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Акрамя гэтага, ён кіруе вучэбна-творчай майстэрняй станкавага жывапісу факультэта. Як стала вядома, палотны Дзмітрыя Мікалаевіча знаходзяцца ў прыватных калекцыях, а таксама ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і іншых музеях.
Не сумняваюся, што пружанцы, якія пабывалі на выстаўцы мастака ў Пружанскім палацыку, атрымалі вялікую асалоду ад карцін Дзмітрыя Кузьміча. Дарэчы, на адкрыцці выставы прысутнічалі і народны мастак Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая, і нашы пружанскія мастакі, такія як Галіна Локцева, Юлія Кунда. Як расказалі зямлячкі, прыйшлі яны сюды, каб навучыцца адлюстроўваць святло, душэўнасць, трапнасць вобразаў. Спадзяюся, што было чаму тут павучыцца.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара
