Пятница, 17 апреля 2026

Цяпло дома для кожнага

700

У жыцці кожнага чалавека павінна быць сям’я — не проста прытулак над галавой, а месца, дзе цябе чакаюць, разумеюць і падтрымліваюць. На жаль, не ва ўсіх ёсць родныя, гатовыя акружыць клопатам, асабліва ў пажылым узросце. Але там, дзе абрываюцца роднасныя сувязі, на дапамогу прыходзяць неабыякавыя людзі, гатовыя адчыніць дзверы сваёй хаты і сэрцы тым, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу.

У Беларусі дзяржава актыўна падтрымлівае ідэю сем’яў, якія становяцца замяшчальнымі для пажылых людзей, хто застаўся без апекі родных. Гэта не проста асобная форма догляду, а сапраўдны шанц для адзінокіх людзей набыць новае кола блізкіх, а для прыёмных сем’яў падарыць камусьці свой клопат і ўвагу. Такая сям’я — гэта не заўсёды кроўнае сваяцтва, часам гэта выбар душы, рашэнне падзяліць жыццё з тым, каму гэта сапраўды неабходна.

Многія беларусы ўжо сталі часткай гэтага добрага руху. Яны бяруць пад апеку пажылых людзей, дапамагаюць ім з бытам, лячэннем, а галоўнае — дораць пачуццё патрэбнасці і веры ў заўтрашні дзень. Такія сем’і ствараюцца не з-за матэрыяльнай выгады, а па загаду сэрца. Дзяржава, у сваю чаргу, аказвае падтрымку: дае льготы, медыцынскае суправа-джэнне, кансультатыўную дапамогу, каб працэс адаптацыі праходзіў камфортна для абодвух бакоў. Не кожны вырашыцца ўзяць на сябе такі груз адказнасці, бо ты заўсёды прывязаны да дома і да таго чалавека, які цябе пастаянна чакае.
У жыцці Марыі Ануфрыеўны Самайловіч адбылося зусім па-іншаму. Яна заўсёды жыла ў доме зводнай сястры. Абзавесціся ўласнай сям’ёй не атрымалася, і ўсю сябе прысвяціла сваім сваякам, дапамагала па гаспадарцы, гадавала іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Калі блізкіх не стала, сям’я ўнучатай пляменніцы Святланы Хмялеўскай узяла пажылую жанчыну пад сваю апеку і стала для яе другім домам, ціхім астраўком спакою і цішыні.

— Баба Маня, так звычайна мы да яе звяртаемся, заўсёды жыла ў гэтай хаце. Я з дзяцінства памятаю яе вясёлай і жыццярадаснай. Яна расказвала нам казкі, гуляла з усімі дзецьмі. Лёс яе зусім не песціў, але праз усё жыццё яна пранесла гэтую любоў да сваіх блізкіх, нейкі неверагодны клопат і ўдзячнасць. А зараз наша чарга адказаць ёй узаемнасцю. Яна заўсёды была членам нашай сям’і, таму, калі мы аформілі дагавор з ТЦСАН, як замяшчаючая сям’я, нічога асаблівага не змянілася. Проста пэўныя прэферэнцыі з боку дзяржавы дапамагаюць нам лягчэй спраўляцца са сваімі абавязкамі, толькі і ўсяго, — расказвае пляменніца Вольга.

Калі Марыі Ануфрыеўне споўнілася 8 гадоў, пачалася вайна. Бацька пайшоў на фронт, старэйшую сястру сагналі ў Германію на працу, а яна з мамай засталася ў акупацыі. Да гэтага часу памятае, як было страшна. Калі чулі нямецкую гаворку, дзеці хаваліся пад печ і доўга дрыжалі ад стрэлаў і разрываў. Пасля вайны захварэў яе дзядуля, а маці з раніцы да ночы працавала ў калгасе, таму пра вучобу ў вячэрняй школе прыйшлося забыцца. Усе хатнія клопаты ляглі на яе юныя плечы. Можа і таму такая трывалая сувязь з блізкімі засталася на ўсё жыццё.

Цяпер у бабы Мані ёсць усё, каб адчуваць сябе роднай і патрэбнай. Муж Вольгі, Аляксандр, выконвае ўсе яе маленькія капрызы, а яна, як дзіця, радуецца любым дробязям і яшчэ павучае. Як сапраўдная жанчына, нават у свае 92 гады, да нашага прыезду рыхтавалася грунтоўна, сама вы-бірала ўбор, каб перад фотакамерай выглядаць прыгожа і годна.

Замяшчаючая сям’я — гэта выдатная гісторыя ўзаемнага цяпла і павагі. Пажылы чалавек атрымлівае не толькі догляд, але і эмацыянальную бліз-касць, а яго родныя — мудрасць, жыццёвы вопыт і падзяку нябёсаў. У такіх адносінах няма месца адзіноце, бо яны будуюцца на шчырай чалавечай сувязі і вялікай любові, даўжынёй у цэлае жыццё.


Ірына Велясевіч
Фота аўтара