Суббота, 7 ноября 2026

Ціхае маміна шчасце

645

Мама… Колькі сэнсу ў кароткім слове! І яно азначае не проста чалавека, а цэлы свет, напоўнены самымі яркімі фарбамі, неапісанымі радасцямі. Бязмерная любоў да сваіх дзяцей, якая грэе і абараняе з самага нараджэння. Яна гатова пайсці на любыя ахвяраванні, у адно імгненне ператварыўшыся з пяшчотнай жанчыны ў адважную абаронцу, толькі каб яе сынку ці дачушцы нічога не пагражала. Сапраўдная матуля заўсёды побач, радуецца нашым поспехам і шчыра перажывае з-за нашых няўдач. Чаго толькі варты яе вочы, якія проста струменяць ласку і пяшчоту пры сустрэчы. А яе сэрца? Такое бескарыснае, самаадданае, трапяткое, чулае.

Дык чаму мы часам забываем пра іх, пры сустрэчы цёпла не абдымаем, баімся чамусьці сказаць, што для нас мама — праменьчык сонца на гэтай зямлі, які накіроўвае на праведны шлях? Недаравальная памылка, якую абавязкова патрэбна выпраўляць, асабліва сёння, у святы дзень матулі! Зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб яны жылі без лішніх хваляванняў і змрочныя думкі не наведваліся. Бо ніхто так не будзе сумаваць, выглядваць у акенца і кожную мінуту бласлаўляць на добрыя пачынанні сваіх самых лепшых дзетак.


І радасна ад таго, што па беларускай зямлі поруч ідуць клопат мацярынскі, бескарыслівы і вернасць дзяцей, ствараюцца сем’і трывалыя, дзе не перастаюць дзякаваць Богу за тое, што даў магчымасць нарадзіць на свет дзетак, якія і з’яўляюцца сэнсам усяго жыцця. Як вось у выпадку з жыхаркай г. Пружаны Юлі-яй Пропер. Разам з мужам Арцёмам яна выхоўвае два сыны і столькі ж дачушак, а гэта для іх самае дарагое на зямлі.
Як гэта быць шматдзетнай мамай? З якімі, магчыма, цяжкасцямі сутыкаешся? Вось з такімі пытаннямі і звярнуліся да Юліі.


— Ды нічога страшнага ў гэтым няма. Тым больш, з вялікай сям’ёй знаёмая, так сказаць, з дзяцінства. Бо сама расла сярод дзвюх сястрычак Галіны і Вольгі. Таму ўжо тады, калі крыху пасталела, склалася карцінка: быць шчаслівай мамай — значыць мець многа дзяцей, каб у доме іх гучны смех ніколі не сціхаў. Якая радасць бачыць, як яны робяць першыя крокі, на свой лад вымаўляюць слова «мама» ці «тата», сталеюць, выходзяць у самастойнае жыццё і ўсё роўна не забываюць роднае гняздо, — адказвае Юлія Пропер.

Пачыналася ж усё ў г.п. Шарашэва. Мілавідная дзяўчына Юлія па месцы свайго жыхарства пасля сканчэння Брэсцкага музычнага каледжа па спецыяльнасці «Настаўнік па класе баяна» працавала ў мясцовых цэнтры культуры і вольнага часу і музычнай школе. Як прызнаецца суразмоўца, яна першая заўважыла будучую другую палавінку, пакахала Арцёма і тры гады чакала, пакуль усвядоміць, што лепшай жонкі ён і не знойдзе. Цуд усё-такі адбыўся! І ў лютым 2009 года маладыя сталі сямейнай парай, у якой і па сённяшні дзень гарыць агонь узаемаразумення, шчырасці ў адносінах, падтрымкі па любых пытаннях.


Першымі на свет у Пружанах, у бацькоўскай кватэры Арцёма, з’явіліся двайняты Павел і Дар’я, якія ўжо, можна сказаць, сталыя 17-гадовыя людзі. Сын навучаецца ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы прыборабудавання, вольны час аддае тэхніцы, матацыклам, а дачка — у тым жа горадзе, у дзяржаўным медыцынскім каледжы, надарыцца свабодная мінутка — бісера-пляценне і чытанне кніг дапамагаюць уладкаваць думкі. Стараюцца радаваць матулю і тату поспехамі ў вучобе. І абавязкова не забываюць родны дом, дзе іх чакаюць з распасцёртымі рукамі. Мама пастараецца, як і заўжды, смачна накарміць, распытаць аб справах, падтрымаць добрым словам. Ужо штучнай гэтую сям’ю ніяк не назавеш, тут усё заснавана на поўным даверы і любові. Таму Дар’я хоча, каб у яе былі менавіта такія адносіны з будучым мужам, а ён быў падобны толькі на тату.


З часам паказалася, што нечага не хапае ў сям’і Пропераў. Адказ знайшоўся, таму цяпер вучыцца ў СШ №1 імя ЧБВА г. Пружаны дванаццацігадовая Яўгенія. Дзяўчынка рознабакова развітая, паспявае на валейбол схадзіць і музычную школу наведаць. У гэтую навучальную ўстанову ходзіць і дзевяцігадовы сынок Аляксандр. І для ўсіх мілая матуля знаходзіць падыход, ніхто не абдзелены ўвагай, кожнаму дорыць сваю непамерную любоў і клопат. Жыве для і дзеля іх.

Ды не трэба Юліі расказваць пра нейкія там цяжкасці ў выхаванні дзяцей. Калі ты не адна гэтым займаешся, а побач каханы муж Арцём, тады проста атрымліваеш асалоду ад жыцця, напоўненага прыемным клопатам аб дзецях. «Я самы шчаслівы на свеце чалавек!» — так сябе характарызуе шматдзетная матуля. І не паспрачаешся з ёю. Дзяржава таксама стараецца аказваць грунтоўную падтрымку. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці бяры, калі ласка, субсідыю на жыллё пад поўнае пагашэнне дзяржавай. Гэтым і скарысталіся Арцём і Юлія Проперы, цяпер жывуць у прыватным доме, уладкаваннем якога займаецца муж. У яго светлая галава і залатыя рукі, таму ўсё атрымліваецца найлепшым чынам і грошы таксама эканомяцца. А яшчэ бясплатнае харчаванне ў школе, не выдаткоўваюцца фінансы і на музычную навучальную ўстанову.


А яшчэ гераіня нашага рэпартажу паспявае сумяшчаць ролю лепшай мамы з пасадай кіраўніка народнага хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік», якую займае з верасня 2020 года. Ёй падабаецца працаваць з людзьмі пажылога ўзросту, хоць усе яны розныя па характары. Але знайшлі паразуменне і цяпер рады бачыць адзін аднаго. Вельмі каштоўны для Юліі парады яе падапечных: шануй кожны дзень, паболей усміхайся, не бойся новага, не ўпускай удачу, смела ідзі наперад. Яна так і робіць, плануе, увасабляе ў жыццё задуманае. Развіваецца як асоба, не забывае пра спорт, стараецца выкраіць мінуту для кнігі, хаця і складана, бо матулю для дзяцей ніхто не заменіць ні ў якія часы, ні пры якіх абставінах.

Пачэсная місія — быць той адзінай, хто прыгалубіць, застанецца для цябе святым чалавекам на ўсё жыццё, будзе з табой побач, нават калі раздзяляюць многія кіламетры. Такой вось мамай Юліяй, якая свет бачыць праз сваіх дзяцей. Яшчэ раз са святам, самыя нашы дарагія і адзіныя!
Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік і
з архіва сям’і Пропер