Воскресенье, 16 августа 2026

Ці варта ўносіць перадаплату?

353

У аб’явах знайшоў прапанову аб продажы аўтамабіля. Але прадавец просіць унесці папярэднюю аплату ў якасці задатку. Ці небяспечна аддаваць грошы за яшчэ не атрыманы тавар?

Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Андрэй Кот:
— У нашу службу часцяком паступаюць паведамленні аб падмане ў інтэрнэт-прасторы, у тым ліку і падчас набыцця розных тавараў. І сярод пацярпелых былі такія, хто вырашыў купіць аўтамабіль у анлайн-прадаўцоў. Дарэчы, шэраг падобных спраў былі выкрыты, калі адзін «прадавец» прадаваў сваю машыну адразу чатыром пакупнікам, ад кожнага атрымліваючы задатак. Больш за тое, ніякага аўто ў яго наогул не было. Таму ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за махлярства.

З улікам гэтага праваахоўнікі папярэджваюць грамадзян аб тым, што перадаплата за неатрыманы тавар — вельмі небяспечна, можна проста аддаць грошы падманшчыкам. Калі інакш не атрымліваецца, то варта заключаць пісьмовую дамову.