
Увесь велізарны спіс задач пружанскіх энергетыкаў зараз можна падзяліць на дзве асноўныя часткі. Па-першае, спецыялісты электрасетак шчыра працуюць над развіццём энергасістэмы нашага рэгіёна. Вядуцца новыя лініі, узводзяцца інфраструктурныя аб’екты, якія павышаюць узровень энергазабяспечанасці насельніцтва і эканомікі.
Побач з тым, пастаянна вядуцца работы па падтрыманні той сеткі, якая створана дагэтуль. І ў гэтым накірунку ўкладваюцца таксама немалыя сілы і рэсурсы. Асабліва ў час прыродных анамалій. Пра гэта і многае іншае нам расказаў дырэктар філіяла Аляксандр Усік напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў.

— Відавочна, што энергетыкі не сядзяць без справы, штогод падтрымліваючы стабільнасць работы ўсёй электрагаспадаркі раёна. Але перакананы, што адыходзячы 2024-ы адзначыўся сваімі ўнікальнымі падзеямі…
— За гэты год былі выкананы капітальныя рамонты электрычных сетак агульнай працягласцю 224 км: па асноўнай сетцы (35-110 кВ) 23 км і 201 км размеркавальных сетак (0,4-10 кВ).
Таксама выканана рэканструкцыя сетак для забеспячэння людзей магчымасцю выкарыстання электрычнай энергіі па ацяпленні, гарачым водазабеспячэнні і гатаванні ежы ў аб’ёме 23 км. Дзякуючы чаму магчымасць выкарыстоўваць электраацяпленне з’явілася ў тым ліку ў жыхароў аг. Роўбіцк, вёсак Брады, Краснік, Еськаўцы, Непамацынаўка, Чахец, Бярэзніца, Росахі, Ліхасельцы, Алішавічы, Навадворцы, Зарэчча.
На завяршальным этапе ідзе рэканструкцыя ВЛ-35 кВ «Шарашэва — Паддубна» працягласцю 18,3 км і коштам 3,2 млн рублёў. Усяго ж сёлета на правядзенне рэканструкцый электрычных сетак укладзена каля 6,3 млн рублёў.

Даволі сур’ёзная работа праведзена па замене свяцільняў вулічнага асвятлення на святлодыёдныя: 1964 штукі за 2024 год і ў цэлым 3869 адзінак за апошнія 3 гады, тым самым вырашылі пастаўленыя перад філіялам задачы.
Яшчэ адна адметнасць адыходзячага 2024-га заключаецца ў тым, што сёлета падраздзяленні РУП «Брэстэнерга» першымі ў Рэспубліцы Беларусь пачалі ўкараняць новы праграмна-тэхнічны комплекс — аўтаматызаваную сістэму дыспетчарскага тэхналагічнага кіравання (ПТК АСДТК), што забяспечыць надзейнасць і эфектыўнасць функцыянавання энергетычнага абсталявання, аператыўнае рашэнне задач, заснаванае на пэўнай інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу.
Што да аператыўных рашэнняў — тут спецыялісты філіяла таксама паказалі вельмі годны ўзровень падрыхтоўкі. Як многім вядома, у ліпені на тэрыторыю краіны абрынуўся ўраган (асабліва сур’ёзнымі яго наступствы былі ў Гомельскай вобласці). Дык вось, у гэтай сітуацыі нашы людзі не толькі справіліся на выдатна на тэрыторыі раёна, але брыгада з 15 чалавек і 5 адзінак спецтэхнікі была накіравана на дапамогу гомельскім калегам.
Не менш значная падзея — і набыццё перасоўнага дызель-генератара 120 кВт, які значна скараціць рызыку прастою прадпрыемстваў з-за перабояў у электразабеспячэнні. З улікам першых станоўчых вынікаў зараз вырашаецца пытанне па ўкамплектаванні філіяла яшчэ адным дызель-генератарам, але ўжо на 200 кВт, менавіта для таго, каб мы маглі аператыўна забяспечыць спажыўцоў электраэнергіяй у выпадку неспадзяваных здарэнняў. А яшчэ няспынна ідзе абнаўленне спецтэхнікі: сёлета наш аўтапарк таксама папоўніўся сучасным аўтамабілем і ёсць планы хуткім часам набыць два аўтамабілі УАЗ, адзін «Собаль» для аператыўна-выязных брыгад.

Адзначу ўдасканаленні ў сэрвісным абслугоўванні кліентаў. З мэтай эфектыўнага ўзаемадзеяння са спажыўцамі бытавыя абаненты філіяла маюць магчымасць карыстацца сэрвісам «Асабісты кабінет», які дазваляе праглядаць інфармацыю па плацяжах, праглядаць рахунак, атрымліваць інфармацыю па тарыфах і льготах, звяртацца па дадатковыя паслугі. А для юрыдычных асоб працуем над зніжэннем дакументаабароту, забеспячэннем аператыўнасці ва ўзаемаадносінах і разлікаў са спажыўцамі за электрычную і цеплавую энергію. Гэтаму спрыяе распрацаваная і выкарыстоўваемая зараз інфармацыйная сістэма «Асабісты кабінет для юрыдычных асоб».
Не забываемся і пра новыя тэхналогіі, у прыватнасці, сёлета пачала дзейнічаць Вайбер-суполка, у якой штодня вядзецца інфармаванне падпісчыкаў пра планавыя і аварыйныя адключэнні.
— Якія задачы стаяць перад філіялам на 2025 год? Ці будуць якія-небудзь новаўвядзенні?
— Будзе працягнута работа па рэканструкцыі размеркавальных электрычных сетак у рамках выканання перспектыўнага плана будаўніцтва (рэканструкцыі) электрычных сетак жыллёвага фонду грамадзян на 2021 — 2025 гады, якім у тым ліку прадугледжваецца выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы. З такімі намерамі будзем працаваць у аграгарадках Сухопаль, Лінова, вёсках Перадзельск, Асятніца, Варотнае, Поланск, Гарадняны.
Што да абслугоўвання насельніцтва, то зараз у Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца праграма стварэння ў жыллёвым фондзе АСКУЭ-быт на 2021 — 2025 гады, дзякуючы якой, да канца наступнага года плануецца ўключэнне ў сістэму ўсіх прыватных электралічыльнікаў. Гэта сістэма дыстанцыйна, аўтаматычна, без удзелу грамадзян здымае паказчыкі лічыльнікаў бытавых абанентаў. Яны далей перадаюцца ў АІС «Разлік», і спажывец проста аплачвае без здымання інфармацыі.
— Аляксандр Аляксандравіч, любое прадпрыемства заснавана на традыцыях. І калі заходзіць гаворка пра іх, то галоўнае — не толькі іх захаваць, але і перадаць наступнаму пакаленню. Як з гэтым ідуць справы ў пружанскіх энергетыкаў?

— Самай значнай каштоўнасцю для нас былі і застаюцца ветэраны, на жыццёвых прыкладах якіх заснавана навучанне маладых кадраў. Таксама і ад сябе мы імкнёмся аказаць былым работнікам усемагчымую падтрымку. Таму на ўліку ў пярвічнай ветэранскай арганізацыі філіяла стаяць 53 непрацуючыя ветэраны-энергетыкі. У адпаведнасці з калектыўным дагаворам, палажэннем аб парадку ажыццяўлення дадатковых гарантый па сацыяльнай абароне работнікаў, праводзяцца штомесячныя выплаты, памер якіх залежыць ад стажу ў энергасістэме. Пенсіянерам-юбілярам (60, 65 гадоў і кожныя наступныя 5 гадоў) выплачваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога і ўручаюцца каштоўныя падарункі. Акрамя таго, непрацуючыя ветэраны-энергетыкі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу да святочных і памятных дат, на нарыхтоўку агародніны. У ветэранаў ёсць магчымасць прайсці аздараўленне з аплатай 30% кошту пуцёўкі ў аздараўленчым цэнтры «Энергія» ў г. Белаазёрску. Рэгулярна арганізуем сумесныя сустрэчы, «салодкія сталы», якія адбываюцца ў фармаце своеасаблівых лекторыяў для наступнага пакалення.
Карыстаючыся момантам, хачу пажадаць усім нашым ветэранам самага моцнага здароўя і больш мірных планаў у мірнай краіне. А цяперашнім работнікам зычу ўнутранай энергіі, каб яе запасы былі бясконцымі для дасягнення новых вяршынь. Вось толькі папрашу ў сем’яў энергетыкаў крыху больш разумення, таму што наша праца ўсё-такі рэдка абмежавана рэжымам дня, а вось яе плён патрэбны ўсім пружанцам.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны МАСІК
