Четверг, 13 февраля 2025

Ці ўсюды ў нас як трэба?

874

Невялікія гарады, як і мегаполісы, пачынаюць пакутаваць ад нераўнамернага добраўпарадкавання. Цэнтры і галоўныя вуліцы такіх населеных пунктаў выглядаюць прывабна, але варта толькі зайсці ў раёны, дзе размешчаны прыватныя ўладанні, і праблемы становяцца відавочнымі. Мы павінны імкнуцца да таго, каб увесь горад быў дагледжаны і прыгожы, а не толькі яго цэнтральныя часткі. Мясцовыя ўлады ўкладваюць грашовыя сродкі ў добраўпарадкаванне горада, у сваю чаргу прыватныя ўладальнікі аб’ектаў павінны імкнуцца падтрымліваць гэтую тэндэнцыю.

Мы вырашылі правесці сумесны рэйд з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандрам Глушко па аб’ектах прыватных уладанняў, размешчаных у межах горада, і паглядзець, ці ўсе звяртаюць увагу на прылеглую да іх нерухомасці тэрыторыю.

Першым прыпыначным пунктам стаў двухпавярховы гандлёвы цэнтр «Наш Дом» на вуліцы Завадской.

— Аб’ект знаходзіцца ў належным стане. Нядаўна тут быў перафарбаваны фасад будынка і выкладзена новая плітка на паркоўцы, што робіць гэтае месца камфортным для яго наведвальнікаў. Заўваг па добраўпарадкаванні тэрыторыі няма, гэты аб’ект можна вылучыць са станоўчага боку, – адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.

Яшчэ адным прыватным уладаннем, якое заслужыла станоўчую адзнаку, стаў будынак былога кафэ «Алеся» на вуліцы Міцкевіча. Новы ўласнік правёў тут маштабныя рамонтныя работы, змяніўшы выгляд будынка. Акрамя таго, была ўладкавана невялікая паркоўка. Будынак пакуль не эксплуатуецца, але зараз ён выдатна ўпісваецца ў інфраструктуру горада.

Наступнымі аб’ектамі нашага рэйду сталі былыя памяшканні РУП «Ваенсэрвіс» па вуліцы Юбілейнай. Аляксандр Генадзьевіч адзначыў, што новымі ўласнікамі работы па добраўпарадкаванні і рамонце гэтых аб’ектаў актыўна вяліся апошнім часам і ёсць змены ў лепшы бок — у адным з іх ужо працуе магазін мэблі. Аднак не ўсе прыватныя ўладанні горада так выглядаюць.

Так капітальны будынак на вуліцы Міцкевіча, 5 даўно знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, аднак ніякія работы па прывядзенні яго ў парадак не праводзіліся. У сувязі з гэтым яго ўладальніку было накіравана прадпісанне аб прывядзенні ў належны стан знешняга выгляду аб‘екта ў 2025 годзе.

Яшчэ адным такім аб’ектам, уласніку якога было накіравана прадпісанне з аналагічнымі патрабаваннямі, стаў аб‘ект на вуліцы Кобрынскай, 46. Ранней, дадзены юрыдычны дакумент ужо накіроўваўся былым уладальнікам, аднак яны работы па добраўпарадкаванні не праводзілі.

— Безумоўна, вельмі хочацца, каб кожны куток горада быў прывабным і камфортным для ўсіх яго жыхароў і гасцей. Цэнтр і галоўныя вуліцы не павінны быць адзінымі мясцінамі, дзе пануе парадак і прыгажосць. Важна, каб жылыя кварталы, уключаючы раёны з прыватнымі ўладаннямі, таксама вызначаліся дагледжанасцю, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.

Наш рэйд паказаў, што ў Пружанах ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя прыклады добраўпарадкавання прыватных аб’ектаў. Гандлёвы цэнтр «Наш Дом» з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як інвестыцыі ў прыгажосць могуць змяніць аб’ект і зрабіць яго больш прывабным для наведвальнікаў. Гэта павінна натхняць і іншых уласнікаў на правядзенне аналагічных работ.

Мы верым, што сумеснымі намаганнямі ўлад і прыватных уладальнікаў можна дасягнуць значных поспехаў у паляпшэнні аблічча горада. Кожны жыхар і ўласнік павінны ўнесці свой уклад у падтрыманне парадку і прыгажосці ў Пружанах. Толькі тады наш райцэнтр стане здзіўляць тых, хто прыязджае да нас, і будзе па-сапраўднаму ўтульным і прывабным для ўсіх, хто тут жыве і працуе.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік