Традыцыйнае свята развітання з зімой прайшло ў нядзелю на гарадской плошчы. Падрыхтаваная канцэртная праграма «Масленка ў Пружанах» сабрала нямала гледачоў, а таксама ўдзельнікаў, бо гасцей свята чакалі розныя конкурсы і выпрабаванні.

Свята распачаў народны хор «Вербніца», салісты якога выканалі некалькі запальных песенных нумароў. У выніку, нягледзячы на даволі марознае надвор’е, градус цікавасці аўдыторыі істотна павялічыўся. Чым па-майстэрску скарыстаўся вядучы Алег Строк, які дадаў драйву ў мерапрыемства. Дарэчы, для сугрэву можна было тут жа набыць прысмакі з палатак райспажыўтаварыства. Гарачыя бліны, шашлыкі і розныя мясныя і салодкія стравы прапанаваліся ў дастатковай колькасці.

Паміж выступленнямі артыстаў праходзілі забаўляльныя конкурсы — загадкі, заданні на спрыт і кемлівасць. А потым удзельнікі конкурсаў атрымлівалі блінцы і нават… малако. Адначасова ў глядзельнай зале Палаца культуры рэспубліканскую акцыю «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» праводзілі прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія разам з роставай лялькай Ратуйкам і навучэнцамі каледжа раздавалі гасцям свята прафілактычныя буклеты з адпаведнымі парадамі для малых, для тых, хто жыве ў горадзе або ў сельскай мясцовасці.

Гараджане ахвотна прымалі ўдзел у мерапрыемстве. Некаторыя нават паспрабавалі сябе ў якасці артыстаў, выконваючы са сцэны прыпеўкі і іншыя нумары.

Безумоўным цэнтрам увагі пасля канцэрту стаў масленічны слуп. На гэты раз выпрабаванне было арганізавана крыху інакш, чым у папярэднія гады. Для яго ўдзельнікаў была прадугледжана страхоўка, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў. А наверсе слупа самых спрытных чакалі не самі падарункі, а толькі файлы з паведамленнямі пра іх, так што ніхто не мог загадзя «нацэліцца» на адпаведную рэч. Самі падарункі ўручалі на сцэне.

Першым масленічны слуп адолеў 18-гадовы жыхар горада Максім Лапыка. Хлопец пару гадоў назад таксама ўдзельнічаў у гэтым конкурсе і стаў пераможцам. Фізічная падрыхтоўка дапамагла яму і на гэты раз з лёгкасцю справіцца з няпростай задачай. Другі ўдзельнік Максім Трафімук з каледжа здолеў перамагчы слуп з дапамогай сваёй каманды падтрымкі, якая пабудавала двух’ярусную піраміду, чым скараціла вышыню не менш за тры метры. А вось двое наступных удзельнікі дамагліся выйгрышу неспартыўнымі метадамі. Было відавочна, што яны ўжо здаліся, але іх вырашылі падтрымаць гледачы. Пры гэтым не проста падбадзёрваючы, а зацягнуўшы іх на самы верх з дапамогай страхавальнага троса.

Падарункі былі ўручаны і ім, але ж на будучае арганізатарам выпрабавання варта прадугледзець падобную магчымасць, каб конкурс не страціў сваю сутнасць.

Увогуле падчас канцэртнай праграмы было некалькі акалічнасцяў, на якія, нам здалося, варта звярнуць увагу ў складанні будучых сцэнарыяў. У прыватнасці, па-за ўвагай большасці гледачоў засталіся сілавыя выпрабаванні, на якіх можна было падужацца ў штурханні гіры або ў армрэстлінгу. У гэтых конкурсах таксама былі пераможцы, якія атрымалі ўзнагароды, хаця гэта неяк прайшло міма агульнага святкавання.

Акрамя таго, інакш трэба прадумаць і выпрабаванне з масленічным слупам. Нягледзячы на сваё майстэрства, вядучыя напрыканцы страцілі ўвагу аўдыторыі, хаця задумка з узнагароджаннем пераможцаў на сцэне вартая пахвалы. У той жа час якраз у такія моманты наступны прэтэндэнт змагаўся са слупам і на тое, што адбывалася на сцэне, мала хто глядзеў. Было б лепш падзяліць само выпрабаванне на часткі, каб пераможцы прыцягвалі ўсю ўвагу гледачоў, а іх прыклад падштурхоўваў іншых паказаць свой спрыт.

І ўсё ж хочацца спадзявацца, што зіма сапраўды была напалохана той энергіяй і запалам, што панавалі на гарадской плошчы. І хутка саступіць дарогу вясне.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з масленічных гулянняў у Пружанах: https://vk.com/album-23306785_291444333 і https://ok.ru/budni/album/956187183496
