Пытанню стану дарог у нашым раёне надаецца пільная ўвага. Хаця колькі б не праводзілася планавых рамонтаў дарог, іх усё роўна атрымліваецца мала. Жыхары вёсак па-ранейшаму выказваюць незадаволенасць, а мясцовыя ўлады з усіх сіл імкнуцца ўхіліць вострыя вуглы непаразумення.
З ліста ў рэдакцыю:
Стан дарогі ад павароту з вул. Шашэйнай на вул. Піянерскую ў аг. Лінова і да чыгуначнай станцыі Аранчыцы пакідае жадаць лепшага, у тым ліку і тратуара, якога няма. Зімой людзі ходзяць па праезнай частцы. Ямы вакол крамы «Родны кут» засыпалі часткова. Год якасці заканчваецца, а праблемы застаюцца. Просім звярнуць на гэта ўвагу.
Што да вул. Піянерскай, то, праехаўшыся па ёй асабіста, нічога крымінальнага мы там не выявілі. Праўда, асфальт ідзе хваляй ад таго, што менавіта па гэтай дарозе ездзяць велікагрузы з вытворчай базы ДЭУ-25. Машыны возяць друз, жвір, бітум, і іншага шляху для іх проста няма. Больш за тое, усе грузы, якія дастаўляюць таварнымі цягнікамі на пагрузачны пункт Аранчыцы таксама машынамі транспартуюцца на пункты збыту па гэтай жа дарозе. Усе рамонтныя работы на тым участку праводзяцца ў рамках фінансавання, згодна з выдзеленымі бюджэтнымі сродкамі на 2024 год. Трэба чакаць новага года і, мы спадзяёмся, новых укладанняў і роўных дарог.
Што да тратуара, то ён там ёсць, але толькі з аднаго боку і ад праезнай часткі адведзены ледзь прыкметнай белай лініяй. Вядома, ён вельмі вузкі і прызначаны як для пешаходаў, так і для веласіпедыстаў, але размінуцца на ім усё ж такі можна. Так склалася гістарычна, што зрабіць яго шырэй проста нерэальна, паколькі ён практычна ўшчыльную прымыкае да платоў прыдамавых тэрыторый мясцовых жыхароў.
Пытанне рамонту дарожнага пакрыцця вакол крамы «Родны кут» адрасавалі старшыні Ліноўскага сельвыканкама Таццяне Мардань.
— Гэтым пытаннем мы займаемся ўжо на працягу многіх гадоў. Тэрыторыя вакол крамы стаіць на балансе сельвыканкама і адносіцца да земляў агульнага карыстання. Некалькі разоў у год грэйдзіруецца і падсыпаецца. Увесну быў зроблены ямачны рамонт. Цяпер там зноў утварыліся ямы, паколькі палова лета і практычна ўвесь верасень засушлівыя, гліністая зямля рассыхаецца і хутка трэскаецца. Будзем чакаць дажджоў, каб зямля насычылася вільгаццю, і зноў паўторым грэйдзіраванне з наступнай падсыпкай.
Відавочна, што такі рамонт не вельмі эфектыўны, паколькі квадратны метр ямачнага рамонту каштуе значна даражэй, чым той жа метр новага пакрыцця. Ды і, па сутнасці, мера ж часовая, і праз некаторы час гэты ўчастак зноў давядзецца добраўпарадкаваць. Пагадзіцеся, гэта не эканомна. Таму адзіны рэцэпт супраць такіх дарожных дэфектаў — якасная перакладка асфальту. Тут ёсць аб чым падумаць…
Ульяна Рысь.
Фота Кацярыны Масік