
Ва ўсім свеце нікога не здзіўляе тое, што на перыферыі, у аддаленых населеных пунктах, мясцовыя жыхары ўсюды застаюцца сам-насам са сваімі бытавымі праблемамі. Такі падыход — звычайная справа ў любым вугалку планеты, нават нягледзячы на ўзровень эканамічнага развіцця той ці іншай дзяржавы.
Вось толькі наша Беларусь выбіваецца з агульнай канвы, таму што тут кожны грамадзянін лічыцца каштоўнасцю. І нават маленькія вёсачкі, дзе пражывае параўнальна невялікая колькасць людзей, не застаюцца па-за ўвагай дзяржаўных стандартаў. Што пацвярджаецца прыкладам Зеляневічаў.
Гэты населены пункт знаходзіцца літаральна на ўскрайку адміністрацыйнай карты Пружанскага раёна. Ад райцэнтра дасюль больш за 60 кіламетраў. Нават у бліжэйшы буйны пасёлак Ружаны (15 км) не ўсялякі вясковец зможа дабрацца. Але ж у Зеляневічах «дарогі не заканчваюцца», асноўныя сацыяльныя гарантыі даступны і мясцовым жыхарам.
А што ж патрэбна больш за ўсё для годнага жыцця ў сельскай мясцовасці? Многае вяскоўцам дае навакольная прырода — зямлю пад вітамінныя пасадкі, лес для ціхага і не вельмі палявання, сажалкі і нават свежае паветра. Самае галоўнае, што трэба дадаткова наладзіць «на месцы» — гандаль і медыцынскае абслугоўванне.
Гандаль, які ўсіх задавальняе
У мясцовым магазіне «Кулінарыя» загадчыца Наталія Кудравец працуе ўжо трэці год, але ж яе агульны стаж у галіне Пружанскага спажывецкага таварыства набліжаецца да 35 гадоў. Вопыту работніцы не займаць, і яна дакладна бачыць перспектывы аб’екта гандлю ў гэтым населеным пункце.
Як зазначае Наталія Уладзіміраўна, мясцовы магазін — гэта сапраўдны сацыяльны вузел, які збірае ў адно шмат навакольных вёсачак. На паліцах тут выстаўлена больш за тысячу тавараў, як харчовых, так і прамысловых. Але і гэты спіс неканчатковы, таму што дзейнічае так званы «стол заказаў», які не абмяжоўвае ні габарыты, ні кошт. У сярэднім па пакупкі прыходзіць больш за паўсотню вяскоўцаў, у выніку чаго даведзены план па абароце асартыменту ў магазіне штомесяц перавыконваецца. Але гэта бок адказнасці ўладальніка аб’екта. А ці задаволены самі наведвальнікі?
— Дык усяго ж хапае,— запэўнівае Наталія Уладзіміраўна.— Садавіна, агародніна, «малочка», прысмакі, нават тарты штодня прапануюцца. Мясны асартымент да нас прывозяць з Брэста, Слоніма і нават Пінска. Шырокі выбар рыбных паўфабрыкатаў і морапрадуктаў. Малочны асартымент дастаўляецца з Ваўкавыска, Брэста, Пружан. І ўсё гэта рэгулярна абнаўляецца, па некалькі разоў на тыдзень.
Асаблівую ўвагу Наталія Кудравец звяртае на спецыяльны апаратны комплекс, які дае магчымасць карыстацца скідкамі сістэмы Белкаапсаюза для пенсіянераў. Ён быў устаноўлены параўнальна нядаўна, па асабістай просьбе мясцовых жыхароў. І гэтай падзеяй пакуль задаволены і ўладальнікі аб’екта, і самі пакупнікі. Першыя адзначаюць некаторае павелічэнне пакупніцкага інтарэсу, у прыватнасці, часцей сталі набывацца тавары, якія падпадаюць пад скідку. Той, хто раней купляў палавінку бохана (скідка не дзейнічае) спецыяльна, каб атрымаць эканомію, зараз бярэ цэлы. Людзі задаволены тым, што цяпер застаюцца грошы ў іх кашальку.
Магазін працуе штодня, да позняга вечара, таму зайсці сюды маюць магчымасць не толькі тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і працуючыя вяскоўцы, а таксама вучнёўская моладзь.
Алег Сідарэнка
Кацярына Масік (фота)
