Праз пару месяцаў Пружаншчыне як адміністрацыйнаму раёну споўніцца 85 гадоў. І хаця банальна гучыць, што для гісторыі гэта дата — імгненне, для жыхароў нашага краю, як і цалкам Беларусі, кожны мірны год з’яўляецца каштоўным. Таму што праз нашы землі з кароткімі перыядамі праходзіла шмат войнаў, кожная наступная з якіх станавілася самай жудаснай. І чарговы канфлікт пасля вынаходніцтва ядзернай зброі можа стаць настолькі крывавым, што паставіць у развіцці чалавечай цывілізацыі кропку.
Таму не дзіўна, што Беларусь адна з першых краін на пачатку 1990-х гадоў далучылася да антыядзернай акцыі, якая адзначаецца сёння ва ўсім свеце. Дэвіз Міжнароднага дня антыядзерных акцый пад эгідай ААН — «Мы выбіраем будучыню без радыяцыі».
З моманту вынаходніцтва ядзернай зброі Савецкі Саюз паслядоўна выступаў за невыкарыстанне такіх бомб і ракет. Заўсёды лічылася, што падобнае ўзбраенне з’яўляецца інструментам стрымлівання. Хаця савецкае грамадства актыўна рыхтавалася да наступстваў атамнай вайны.
У прыватнасці, штогод, як, дарэчы, і зараз, праводзіліся спаборніцтвы сандружын, калі каманды работнікаў розных прадпрыемстваў дэманстравалі тэарэтычныя веды аб дзеяннях выратавальных брыгад у надзвычайных сітуацыях. І вельмі хацелася б, каб такая традыцыя з мірнымі вучэннямі захавалася не толькі пры цяперашнім пакаленні пружанцаў.