Воскресенье, 19 июля 2026

Чым можна займацца летам?

331

Менавіта гэта пытанне было абмеркавана падчас пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх. Варта адзначыць, што на гэты раз мерапрыемства адбылося ў фармаце бацькоўскага сходу, які ператварыўся ў шчыры дыялог паміж бацькамі і прадстаўнікамі адказных ведамстваў.

Накірунак сустрэчы задаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
— Усім добра вядома, а статыстыка правапарушэнняў толькі абгрунтоўвае гэта, што супрацьпраўныя ўчынкі, якія здзейснены нашымі дзецьмі, адбываюцца тады, калі малыя нічым не заняты і за іх баўленнем вольнага часу адсутнічае кантроль,— зазначыў Руслан Васільевіч.— Наперадзе — самыя працяглыя канікулы, і каб гэтыя тры месяцы прынеслі толькі добрыя ўспаміны, варта ўжо зараз паклапаціцца пра летнюю занятасць непаўналетніх.

Намеснік старшыні заклікаў скарыстацца тымі магчымасцямі, што дае наша дзяржава, якія, трэба прызнаць, даволі разнастайныя. Што пацвердзілі наступныя выступоўцы.

У прыватнасці, сфера культуры прапануе масу забаў, у якіх можна быць не проста гледачом, а непасрэдным удзельнікам. Для чаго на працягу лета амаль штодзённа будуць працаваць розныя студыі, гурткі, аматарскія аб’яднанні, якія прымаюць усіх ва ўзросце ад 5+ гадоў.

Не менш шчыра запрашаюць у свае шэрагі спартыўныя ўстановы. У гэтай арбіце на працягу ўсіх канікулаў запланаваны відовішчныя спаборніцтвы і проста трэніроўкі па розных відах спорту. А яшчэ даступны дзіцячыя пляцоўкі, басейны, лядовая арэна, трэнажорныя залы…

Тым, хто хоча скарыстацца вольным часам і зарабіць грошы, карысныя прапановы распрацаваны аддзелам занятасці і райкамам БРСМ. Першы абяцае знайсці працоўны занятак кожнаму, хто дасягнуў афіцыйна ўстаноўленага ўзросту. Тое ж самае прадугледжана і самым масавым мала-дзёжным аб’яднаннем, якое на лета арганізуе дастатковую колькасць студатрадаў. Як трапіць у спіс байцоў? Трэба звярнуцца да класнага кіраўніка па месцы вучобы, каб атрымаць кантактную інфармацыю.

Дарэчы, многія накірункі на сябе зацыклівае менавіта адукацыйная сістэма. Па-першае, аздараўленне, якое будзе праводзіцца на базе як школьных лагераў, так і кругласутачных летнікаў. Па-другое, часовая занятасць арганізуецца ў выглядзе школьнай практыкі і працоўных брыгад. Па-трэцяе, паралельна будуць дзейнічаць лагеры працы і адпачынку з заработнай платай, а яшчэ харчаваннем і забаўляльнымі праграмамі. Адкрытымі застануцца школьныя стадыёны, дзе акрамя трэніровак будуць праводзіцца розныя спартакіяды. У дадатак свой план маюць установы дадатковай адукацыі, уключаючы сустрэчы з рамеснікамі, майстар-класы і іншыя калектыўныя творчыя справы.

Словам, магчымасцей для вольнага часу нямала і практычна на кожны дзень лета. Галоўнае — жаданне, і не толькі малых, а і бацькоў, калі яны зацікаўлены ў добрых канікулах сваіх дзяцей.

Алег Сідарэнка