Воскресенье, 9 августа 2026

ЧОРНАЕ / БЕЛАЕ. Згубілі кліента, ці ўсё дзеля хайпу?

765

Працягваем аўтарскую рубрыку, у якой будзем разглядаць некалькі бакоў адной праблемы, пытання, тэмы… Званіце, пішыце, дасылайце…

Хайп як сэнс жыцця?
Сацыяльная сетка ТікТок у свой час стваралася для падлеткаў, якія там выкладвалі кароценькія ролікі з танцулькамі, дурняваляннем і іншымі крыўлялкамі. Але нядоўга такое было. Зараз гэтая сетка самая папулярная ў Беларусі са сваёй шматмільённай аўдыторыяй. Што тут толькі не размяшчаецца, якога толькі смецця не знойдзеш. Многа чаго і цікавага, павучальнага. Нямала стала так званых «праўдарубаў», якія шукаюць нейкія хібы, загортваюць іх у абгортку, якую ім трэба, і з енкам скавычуць, маўляў, куды ўлады глядзяць…

А яшчэ шмат развялося любіцеляў так званага хайпу, якія на нейкай сенсацыі або ўчыненым скандале зарабляюць грошы, папулярнасць і спачуваючых падпісчыкаў. Робяць інфанагоду. Можа нейкая праблема ёсць, і яе трэба вырашыць, устараніць, зрабіць так, каб паправіць. Дзейнічаць трэба на стварэнне, а не на разбурэнне.
Да чаго я гэта ўсё? Не так даўно ў сацсетцы завірусілася відэа, калі жанчына разам з мужам вырашылі заехаць у санаторый «Ружанскі», каб, як яна расказвае, ацаніць абстаноўку для святкавання юбілею, адпачынку, магчымага браніравання пуцёўкі. Такія добрыя намеры спатыкнуліся аб кантрольна-прапускны пункт. На шляху сталі вартавыя, якія не далі жанчыне пагуляць па тэрыторыі, як па парку. Яна запісала ўзрушальны ролік, аб’явіла служачым, што зняславіць санаторый і сюды ніхто не прыедзе. Відэа змясціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, сабрала масу розных каментарыяў, у якіх каментатары раздзяліліся на тых, хто падтрымаў абурэнні жанчыны і тых, хто не пагадзіўся з ёй. Гаспадыня роліка ў сваіх каментарыях радавалася, што зрабіла рэзананс, выкрыла праблему, якая, калі быць справядлівым, і яйка выедзенага не каштуе. Такога роду ролікаў у яе на старонцы было нямала. Хайп праслаўляе, але чаго каштуе такая слава?
Мы вырашылі разабрацца, ці на самой справе работнікі санаторыя не мелі рацыі, ці бок манеты быў іншы.

Акцэнт на бяспеку і камфорт для адпачываючых

Па каментарый наконт радавога, але вельмі распіяранага інцыдэнту, мы звярнуліся да дырэктара здраўніцы Уладзіміра Карпечкіна. Дарэчы, санаторый «Ружанскі» — гэта яшчэ і курортна-рэабілітацыйны цэнтр і СПА-курорт. Я там быў не адзін раз. Кажу з упэўненасцю, што ўсе вышэй пералічаныя рангі адпавядаюць напоўненасцю, насычанасцю, якасцю абслугоўвання, атмасферы сапраўднай здраўніцы. Сюды трэба ехаць, каб атрымаць не толькі здароўе і энергію, але і добры настрой. Каб яго не сапсавалі выпадковыя залётныя, пра гэта клапоціцца не толькі кіраўніцтва, але і ўвесь персанал санаторыя.

Што тычыцца інцыдэнту, то, як расказаў Уладзімір Іванавіч, жанчына прыехала не з мэтай аздараўлення, адпачынку, а ўнесці свае правілы ў распарадак санаторыя. Бо здымаць пачала яшчэ да падыходу на КПП. На просьбу паказаць дакументы, якія пацвярджаюць асобу, адказала адмовай. Ёй у даступнай форме растлумачылі, што прапускны рэжым у ААТ «Санаторый «Ружанскі» арганізаваны ў адпаведнасці з існуючай практыкай функцыянавання санаторна-курортных устаноў, якая забяспечвае стварэнне здаровых і бяспечных умоў знаходжання гасцей і работнікаў прадпрыемства. Доступ на тэрыторыю невыяўленым асобам забараняецца. Жанчыне не было адмоўлена ў наведванні інфраструктуры санаторыя. Ёй прапанавалі платную паслугу — «Азнаямляльны тур па санаторыі» ў суправаджэнні ўпаўнаважанага супрацоўніка. Кошт паслугі складае 10 беларускіх рублёў у адпаведнасці з прэйскурантам. Больш таго наведвальніцы і яе спадарожніку было растлумачана, што праход на тэрыторыю магчымы ў наступных выпадках: наведванне СПА-комплексу, атрыманне платных медыцынскіх і іншых паслуг. Бяспека — прыярытэт работы прадпрыемства. Заўсёды на тэрыторыі санаторыя знаходзіцца 300-400 адпачываючых, з якіх 100-170 — дзеці, а таксама 250 — супрацоўнікі. Тут знаходзяцца аб’екты крытычнай інфраструктуры: газавая кацельня, вадаправод, свідравіны водазабору, станцыя водападрыхтоўкі, электрычныя трансфарматарныя падстанцыі, лодачная і аўтамабільная гаспадаркі, харчовыя складскія памяшканні, харчаблок, чатыры адкрытыя вулічныя басейны, лячэбныя і жыллёвыя корпусы, іншыя інжынерна-тэхнічныя камунікацыі і сеткі, доступ да якіх староннім асобам катэгарычна забаронены.

Як бачна, хочаш стварыць праблему на роўным месцы, жадай гэтага, яна будзе. На самой жа справе, у санаторыі «Ружанскі» заўсёды рады кліентам. Але, каб імі стаць, трэба браніраваць месца за паўгода наперад. Як расказаў Уладзімір Карпечкін, да лістапада месцы ў санаторыі ўжо забраніраваны.

Давайце будзем ветлівымі адзін да аднаго!

Аўтарская рубрыка Віктара Ільюшчанкі