Часта ў крымінальных зводках з’яўляюцца паведамленні аб крадзяжы веласіпедаў. І амаль ва ўсіх выпадках асоба злодзея ўстанаўліваецца, а рэч вяртаецца ўладальнікам. Чаму зламыснікі ўсё роўна крадуць гэты двухколавы транспарт?
Адказвае ўчастковы інспектар Руслан Дзмітрук:
— Праблема заключаецца ў тым, што падобныя рэчы ніхто не спяшаецца рэгістраваць або захоўваць дакументы, якія пацвярджалі б права валодання. Таму прадаць украдзены веласіпед або збыць па запчастках не так і складана. А вось знайсці злодзея можна толькі «па гарачых слядах».
Больш таго, не варта спадзявацца, што замок або хітрая сігналізацыя абароняць вашу маёмасць, якую на працяглы час пакінулі на стаянцы каля крамы або на ноч ля дома ці ў пад’ездзе. Зламыснікі абыходзяць і гэтыя прылады, калі дазваляе час.
Таму мы пастаянна нагадваем пра правілы бяспекі, галоўнае з якіх патрабуе пільнага кантролю за двухколавым транспартам, пакінутым у грамадскіх месцах. Нават у непрыемнай сітуацыі рэгулярная праверка наяўнасці веласіпеда на месцы дасць магчымасць аператыўна паведаміць у праваахоўныя органы пра крадзеж і затрымаць злодзея, які не паспеў уцячы. А ў дадатак пакіньце на раме, рулі і іншых дэталях адметныя знакі, па якіх зможаце апазнаць сваю рэч.
