Вторник, 16 июня 2026

«Чадзель»: адпачынак для душы і цела

1 030

У пушчанскай маленькай вёсачцы, дзе зараз пражывае крыху больш за 20 жыхароў, ёсць месца, дзе хочацца застацца надоўга — гэта аграсядзіба «Чадзель».

Пралог
Забягаючы наперад, скажу, што для меня нечакана было ўбачыць у маленькай вёсачцы такі функцыянал для адпачынку. На не такой і вялікай тэрыторыі размясцілася ўсё, што трэба, каб правесці свой час у гармоніі з прыродай і, разам з тым, застацца на хвалі тэхнагеннага прагрэсу. Бо, ведаеце, побач з печчу, якая функцыянуе, і ў ёй часта паліцца, ачагом сярод рэстарану, іншымі аўтэнтычнымі прыстасаваннямі, многа чаго сучаснага. Напрыклад, у гаражы стаяць электрааўтамабілі, скутэры. Ёсць свая кропка іх падзарадкі. Тут клапоцяцца не толькі аб камфорце гасцей, але і аб экалогіі. Гэта адзін з прынцыпаў уладальніка сядзібы — Пятра Мініча.

Крыху перадгісторыі, як атрымалася трапіць у аграсядзібу «Чадзель».

Запрашэнне прыехаць у госці
Зазваніў мабільны тэлефон, нейкі незнаёмы нумар. Адказаўшы на выклік, я пачуў даволі прыемны голас. Мой суразмоўца прадставіўся і прапанаваў прыехаць праз дзень у госці на афіцыйнае адкрыццё турыстычнага аб’екту. Прапанова добрая. Справа ў тым, што не так і часта адкрываюцца аграсядзібы. Паклаўшы руку на сэрца, прызнаюся, што чакаў убачыць звычайны сялянскі дом, можа некалькі, з гаспадарчымі пабудовамі, зразумела, агароджаны. Але тое, што насамрэч убачыў, выклікала шмат эмоцый. Усё апісаць не змагу, трэба бачыць сваімі вачыма. Толькі скажу, што для адпачываючых тут прадугледжаны ўсе ўмовы. Ёсць сучасная лазня, непадалёк сучасны басейн з гідрамасажам. Хочаш паназіраць за жывёльным светам, калі ласка, для карыстання — вышка з рознымі зручнасцямі. Як расказваў пасля Пётр Мініч, ён налічыў 24 віды жывёл, якія водзяцца ў пушчы, нават зуброў бачыў. Адно толькі гэта прыцягвае турыстаў. Я чацвёрты год жыву на Пружаншчыне, а зуброў бачыў здалёк і тое — у выглядзе кропак. У той час, калі там быў і залазіў на вышку, цара пушчы не пашчасціла ўбачыць.

Завіталі мы ў гаспадарку Пятра Аляксандравіча за час да прыбыцця астатніх гасцей. Так папрасіў гаспадар. Справа ў тым, што перад тым, як афіцыйна запусціць работу аграсядзібы, адбыўся чын яе асвячэння. Правёў яго іерэй Міхаіл Мандрык, які кіруе аддзелам па фізічнай культуры і спорце Брэсцкай епархіі. Дарэчы, хто памятае, айцец Міхаіл у мінулым годзе ўзначальваў велапрабег, які прысвячаўся 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён тады даваў невялікае інтэрв’ю газеце. Было прыемна з ім зноў сустрэцца.

Само адкрыццё аграсядзібы праходзіла ў атмасферы дабразычлівасці, увагі да кожнага, цеплыні і спагады.

Урачыстае адкрыццё сядзібы
З афіцыйных гасцей на мерапрыемства прыбылі: старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, галоўны спецыяліст райсавета дэпутатаў Алена Каляда, старшыня Сухопальскага сельвыканкама Ірына Кузьміч, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандр Глушко, галоўны спецыяліст райвыканкама па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму Вольга Клімук, загадчык філіяла «Пружанскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец» Вікторыя Шаманава. А яшчэ Пётр Мініч запрасіў тых, хто праектаваў сядзібу, быў яе дызайнерам. Адразу скажу, што праект аднаго толькі рэстарана з ачагом пасярэдзіне, арыгінальнай столлю, плошча якой была купалападобнай без адзінай калоны, патрабавалі дакладнасці, ювелірнасці разлікаў і будаўніцтва. Усё было зроблена амаль з мясцовых матэрыялаў. Нават стальніца ачагу, умывальнікі былі выраблены з мясцовых камянёў, якія знойдзены ў пушчы, полі, у літаральным сэнсе слова, на звалцы. Яны былі адшліфаваны да такой ступені, што нагадвалі высакародныя камяні. Усё гэта рабілі мясцовыя майстры і атрымоўвалі добры заробак. На сурвэтках вышыты герб аграгарадка. Падстаўкі для сурвэтак і спецый выраблялі дзеці з Брэста. Яны таксама атрымоўвалі за гэта грашовыя ўзнагароды. Так вырашыў Пётр Аляксандравіч. Чым не мецэнацтва? Пра ўсё гэта мы даведаліся падчас экскурсіі па сядзібе, якую праводзіў сам гаспадар —цікавы расказчык і суразмоўца. Пра гісторыю стварэння сядзібы Пётр Мініч расказаў і падчас святкавання. Ведаеце, ён нават захаваў і не зносіў саму хату, з якой пачалася сядзіба. Тут раней жыў ляснік. Пасля яго сыходу ў іншы свет, Пётр Аляксандравіч купіў збудаванне ў спадчынніка гаспадара. Так што тут ёсць свая цікавая гісторыя.

Эпілог
Каб расказаць падрабязна пра сядзібу «Чадзель» і яго гаспадара, трэба матэрыял рабіць з неаднаразовым працягам. Але лепей усё ўбачыць на свае вочы. Запэўніваю, што асалоду ад адпачынку ў любую пару года вы атрымаеце незвычайную. І гэта я пішу не дзеля рэкламы, мне, а таксама рэдакцыі, за гэта ніхто не плаціў. Гэта сапраўдныя ўражанні ад убачанага, пачутага і прачутага. Дарэчы, у інтэрнэце вы наўрад ці знойдзеце падрабязнасці пра «Чадзель». Яны ёсць, але здымкі там яшчэ старыя, калі толькі пачалося развіццё аграсядзібы.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара