Самаразвівацца патрэбна пастаянна. Шукаць сябе, знаходзіць новыя захапленні. Быць у курсе таго, што робіцца ў краіне, чым жывуць суайчыннікі, якія пытанні надзённыя вырашаюць. Цяпер вось наступіла гарачая пара — жніво-2026. Як і кожны год хлебаробы прыступілі да збору жоўтага і чорнага золата — зерня збожжавых і рапсу.

Хлебны запас забяспечыць нас усім неабходным для годнага жыцця, стане гарантам дабрабыту, дастатку. Дык чаму ж тады не дапамагчы сельскім працаўнікам у нялёгкай працы, падтрымаць іх, паказаць, што яны не адны, а з імі ўсе добрыя людзі. У тым ліку і наша моладзь, якая не цураецца сваёй зямлі, хоча быць карыснай ва ўсіх пачынаннях.
Для прыкладу можна назваць навучэнцаў, студэнтаў каледжаў і ВНУ, якія з задавальненнем не першы год шчыруюць рука аб руку з хлебаробамі на жніве ў ААТ «Ружаны-Агра». Гэта называецца самазанятасцю, калі не хочацца сядзець склаўшы рукі, а праявіць свае здольнасці, паказаць, што табе неабыякава, чым жыве родная краіна. Некаторыя ўжо ў трэці раз выказалі жаданне ў свабодны час папрацаваць у гаспадарцы, а нехта спрабуе свае сілы сёлета ўпершыню. Галоўнае — не пабаяліся, праявілі жаданне бліжэй пазнаёміцца з сельскай гаспадаркай. Хаця, па сутнасці, усе мясцовыя, значыць, з малых гадоў ведаюць, што жыццё на вёсцы мае многа прывабнага, але і лёгкім яго не назавеш, бо праца на зямлі была, ёсць і будзе адказнай і высакароднай.
Асноўны занятак пяцярых маладых людзей — падбуртоўка, пералапачванне зерня і падмятанне тэрыторыі ЗСК-80. З чым яны спраўляюцца на выдатна, бо, нягледзячы на ўзрост, адчуваюць сябе ўжо дарослымі, якім можна даручыць і большае. Але ж навука спасцігаецца паступова, калі ёсць магчымасць ва ўсё ўнікнуць і разабрацца ў тонкасцях даручанай справы.
Транспарт сельгаставарыства дастаўляе на зернесушыльны комплекс маладых людзей і таксама адвозіць дадому. Калі хочаш яшчэ смачна і сытна паесці, калі ласка, комплексны абед за 2 рублі, астатні кошт аплачвае таварыства. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для таго, каб хлопцы і дзяўчаты адчувалі сябе на рабочым месцы камфортна, каб засталіся ў іх толькі добрыя ўспаміны пра ААТ «Ружаны-Агра». Апошняму будзе спрыяць і годная заработная плата. Важкая падмога да наступнага навучальнага года, і бацькам можна зрабіць падарунак за годнае выхаванне і прывіванне любові да працы.
Не цурацца працавітасці з маладосці — значыць выбраць правільную жыццёвую дарогу, якая ў выніку прывядзе да павагі сярод навакольных. І будучыня будзе заўсёды светлай і чыстай. А гэта і ёсць заклад простага чалавечага шчасця.
Вадзім Раўнейка
На фота: Дзмітрый Бойдзіч, Мікіта Шылаў, Аліна Семко, Вікторыя Бароўская і Вікторыя Саўко задаволены і ўмовамі працы, і адно-сінамі, якія склаліся з працаўнікамі ААТ «Ружаны-Агра».
Фота Кацярыны Масік
