Суббота, 17 октября 2026

Будзем з цукрам

423
На фота: калі трактарыст-машыніст Андрэй Казлоўскі ўзяўся за работу, то абавязкова выканае яе якасна.

Соладка жыць не забароніш, без цукру ў жыцці нам ніяк не абысціся. Ён жа, акрамя смакавых якасцей, з’яўляецца крыніцай энергіі, дапамагае мозгу працаваць. І для таго, каб мы заўсёды знаходзіліся ў прыўзнятым настроі, фізічна былі гатовы да любой работы і галава была светлая, шчыра працуюць буракаводы нашага раёна. Стараюцца забяспечыць сваіх суайчыннікаў гэтым папулярным харчовым прадуктам.

У іх ліку і сельскія працаўнікі з ААТ «Велікасельскае Агра», якім патрэбна сёлета ўбраць цукровыя буракі на плошчы ў 380 гектараў (у мінулым годзе 350). А так як гэта рэнтабельны караняплод, то на будучы год у гаспадарцы вырашылі павялічыць «круг» яшчэ на 20 га.


Пагодныя ўмовы бягучага года, як ужо адзначалася неаднаразова, не зусім спрыялі росту ўсіх культур. Але пры навуковым падыходзе і надвор’е можна падмануць. Правялі вясной папярэчную хімапрацоўку цукровых буракоў. Дадзены метад, у адрозненні ад звычайнага, забяспечвае паўнамернае пакрыццё раслін рабочым растворам і эфектыўнае знішчэнне шкодных аб’ектаў у цяжкадаступных месцах.


Ураджайнасць у ААТ «Велікасельскае Агра», як і па раёне, складае больш за 500 ц/га. Але ж гэта толькі пачатак уборкі, таму ў гаспадарцы не выключаюць, што могуць дасягнуць планкі ў 600. Сярэдняя вага аднаго бурака складае 800 грамаў пры цукрыстасці ў 16,05%, стандартным паказчыку для прыёмкі. Дарэчы, сельгаставарыства караняплоды адгружае на Жабінкаўскі цукровы завод. Для гэтага задзейнічаны як свой транспарт, так і індывідуальных прадпрымальнікаў. Апошнім плату за перавозку пералічвае перапрацоўчае прадпрыемства, што выгадна для гаспадаркі ды і сваю тэхніку можна перанакіраваць на іншыя палявыя работы, якіх на гэты час хапае.


Буракаўборачны камбайн «Ropa» за дзень убірае ў сярэднім 20 га плошчаў, што раўназначна 1000 тон караняплодаў. Страты ўраджаю выключаны, бо тэхніка правільна адрэгулявана і своечасова падрыхтавана да работы на палетках. Калі правільна арганізавана ўся праца, то і кантролю патрэбна мінімум, людзі і так ужо ведаць, што рабіць.


Галоўнае — не тое, чым займаешся, а як у цябе атрымліваецца выконваць працоўныя абавязкі. І нашы аграрыі любую справу заўсёды стараюцца выканаць на выдатна. Такімі людзьмі і ганарыцца Пружаншчына.


Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі