Суббота, 11 апреля 2026

Будучае вёскі ў руках жанчын

385

У гэты аўторак у Доме ўрада прайшоў маштабны рэспубліканскі форум «Жанчына і будучае вёскі». Арганізатарам выступіла Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы аблвыканкамаў і Міністэрства культуры.
У Авальнай зале сабраліся тыя, хто імкнецца зрабіць жыццё на вёсцы больш цікавым і для жыцця камфортным.

Мерапрыемства было прымеркавана да Года беларускай жанчыны. У сталіцу завіталі прадстаўніцы ўсіх 118 рэгіёнаў краіны, якія сваім прыкладам у працы задаюць тэмп, прыкладаюць намаганні для развіцця беларускай вёскі. Яны падзяліліся сваім бачаннем, як павінна выглядаць сельская мясцовасць у бліжэйшыя
5 гадоў. Ад Пружаншчыны на форум была дэлегіравана жывёлавод з ААТ «Пружанскае» Галіна Пілюцік. Вельмі многа эмоцый перапаўняе жанчыну, і, канечне, яна не адмовілася падзяліцца сваімі ўражаннямі і пачуццямі, расказаць пра сваё бачанне жыцця на вёсцы.


Дарэчы, сельскай гаспадарцы Галіна Васільеўна аддала без малога 40 гадоў. У далёкім 1989 годзе пераехала з Украіны і ўладкавалася даяркай у Вялікім Сяле. Дзесяць гадоў таму сям’я асела ў в. Сланімцы, кіраўніцтва ААТ «Пружанскае» прапанавала жанчыне пайсці жывёлаводам на ферму «Гарадняны», дзе і шчыруе яна па сённяшні дзень. У працы асабліва нічога не памянялася: Галіна Пілюцік працягвае аддаваць сваю любоў жывёле, ад душы радуецца сваёй рабоце і стомы не адчувае, хаця клопату хапае. За такія шчырыя адносіны да працоўных абавязкаў неаднаразова прымала граматы і падзячныя лісты. Але галоўная ўзнагарода для жывёлавода — медаль «За працоўныя заслугі» як падзяка за адданасць сельскай гаспадарцы. Чаму б яшчэ і не даць Галіне Васільеўне магчымасць пабываць у Мінску, адчуць еднасць з усёй краінай, пагутарыць аб будучыні сельскай мясцовасці?

пачыналася ўсё з прыгожай выставы пад назвай «Пяшчота зямлі беларускай у жаночых далонях» у фае Авальнай залы. Тут былі паказаны дасягненні ўсіх абласцей Беларусі, пачынаючы ад харчавання і заканчваючы навуковымі распрацоўкамі і творчым патэнцыялам. Сапраўды, жаночыя далоні могуць многае, як весці гаспадарку, так і кіраваць прадпрыемствамі і арганізацыямі, ім падуладна ўсё!


Як адзначыла Галіна Пілюцік, вельмі прыемна было, калі перад пачаткам форуму дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Юрый Наркевіч уручыў ёй прыгожы букет кветак і напярэдадні Дня жанчын пажадаў жаночага шчасця, дабрабыту і дастатку ў любові і доме.
На самім мерапрыемстве з вітальным словам да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва звярнуўся старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, які падкрэсліў, што форум «Жанчына і будучае вёскі» — гэта не проста сустрэча, а дыялог аб захаванні і развіцці сэрца нашай краіны — сельскіх тэрыторый.


— Нягледзячы на тое, што вы прадстаўляеце розныя сферы, вас аб’ядноўвае адно — любоў да малой радзімы і памкненне зрабіць жыццё на вёсцы яркім, цікавым і камфортным. Працуючы на месцах, вы глыбока пагружаны ў спецыфіку пытанняў, якія ўзнікаюць падчас работы, бачыце праблемы і цудоўна разумееце, што ўстойлівае развіццё нашай краіны залежыць ад кожнага чалавека. Галоўная задача — зрабіць так, каб у недалёкай перспектыве само паняцце вясковай глыбінкі знікла з лексікону беларусаў. Нездарма ж гэтая тэма падымалася і на Усебеларускім народным сходзе, дзе акцэнтавалася ўвага на тым, што вёска — будучыня рэспублікі — ад эканомікі і харчовай бяспекі да раскрыцця чалавечага патэнцыялу і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, — на гэта звярнуў увагу прысутных Ігар Пятровіч.


Па словах Галіны Васільеўны, цікава было паслухаць і жанчын, якія падымаліся на трыбуну. І ўсе, як адна, за-значалі: «Менавіта за намі стаіць развіццё беларускай вёскі! Трэба мець вялікую любоў у сэрцы, каб зрабіць малую радзіму квітнеючай і шчаслівай». Таксама агучваліся ініцыятывы і называліся праблемы сельскай мясцовасці. Але прыйшлі да адной высновы — можна і патрэбна зрабіць так, каб вёска жыла, у кожным доме гучалі дзіцячыя галасы, ладзіліся шматлюдныя святы, адным словам, жыццё кіпела і бурліла.


У хвалу жанчын выступілі творчыя калектывы і беларускія салісты. Пасля чаго ўсе ўдзельнікі форуму былі запрошаны на экскурсію ў Палац Незалежнасці, якую правяла прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Эйсмант. Што сказаць, прыгажосць, сапраўдная візітная картка краіны, сімвал непахіснасці беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту.

А як лічыць сама Галіна Пілюцік, што трэба зрабіць для таго, каб вёска не сышла ў нябыт, а, наадварот, прыцягвала моладзь?


— Для маладых людзей немалаважным фактарам з’яўляецца адладжаная інфраструктура, калі ёсць куды схадзіць і дзе адпачыць. Трэба паказаць, што сельская гаспадарка — гэта тая галіна эканомікі, якая дынамічна развіваецца, на вёсцы даецца добраўпарадкаванае жыллё, спецыялісты атрымліваюць годную заработную плату. Тут вакол прырода, раздолле, можна нават займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на зямлі. Проста жыць і радавацца кожнаму дню.


Вадзім Раўнейка

На фота: кветкі і памятны падарунак Галіне Пілюцік уручае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Юрый Наркевіч.
Фота з асабістага архіва Галіны Пілюцік.