Понедельник, 8 июня 2026

Больш за 70 пружанскіх юнакоў атрымалі павесткі аб прызыве на вайсковую службу

445

У Пружанах у гэты панядзелак, 16 кастрычніка, прайшоў восеньскі Дзень прызыўніка.

Як расказаў начальнік групы прызыву райваенкамата Андрэй Якімовіч, амаль усе, хто павінен пайсці ў армію, прынялі ўдзел у адпаведных мерапрыемствах. Толькі адзін «ухіліст» зараз адшукваецца, і пакуль у яго ёсць шанец панесці адміністрацыйную адказнасць за няяўку. Калі ж прызыў закончыцца, а парушальнік не з‘явіцца, то ў дачыненні да яго будзе ўзбуджана крымінальная справа.

Падчас урачыстага Дня прызыўніка, які прайшоў традыцыйна ў Палацы культуры, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб правядзенні восеньскага прызыву зачытаў ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка.

Увогуле пад прызыў трапілі навабранцы ва ўзросце ад 18 да 26 гадоў. Служыць ім давядзецца ў Слоніме, Брэсце, Мінску, Гродне, Барысаве, Баранавічах і Слуцку.

Службу яны будуць праходзіць у сілах спецыяльнага прызначэння, дэсантных, чыгуначных, унутраных войсках. Хутка некаторыя прызыўнікі стануць пагранічнікамі, сувязістамі і нават зенітчыкамі.

Разам з ваенкамам павесткі будучым салдатам уручылі старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Беркут» Міхаіл Зелянееў і святар сабора Аляксандра Неўскага іерэй Дыянісій Папоў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_298054164 і https://ok.ru/budni/album/969379062152