У рамках фестывалю «Вытокі» ў Пружанах адбыўся футбольны матч паміж камандамі беларускіх алімпійцаў і ветэранаў беларускага футбола.
У фармаце пяць на пяць на футбольнай пляцоўцы сапернічалі каманды, якія складаліся з вядомых беларускіх спартсменаў мінулага і цяперашняга пакаленняў. Вядома, гэтая падзея не засталася без увагі мноства людзей. Гэта і не дзіўна, удзел у гульні прымалі спартсмены, якія былі вядомы не толькі беларускім аматарам спорту, але і спартыўным балельшчыкам з усяго свету.
У складзе беларускіх алімпійцаў былі пераможцы Алімпіяды-2008 у Пекіне і сярэбраныя прызёры Алімпіяды-2012 у Лондане ў веславанні на байдарках і каноэ Андрэй і Аляксандр Багдановічы. Абараняў вароты каманды алімпійцаў бронзавы прызёр летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа, беларускі скакун у вышыню Максім Недасекаў. Таксама знайшлося месца на полі і былому старшыні Федэрацыі хакея, а цяпер члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрыю Баскаву. Асаблівая ўвага гледачоў у гэты дзень была прыкавана да знакамітага футбаліста, пераможцы Лігі Чэмпіёнаў УЕФА, Аляксандра Глеба, з якім хацеў сфатаграфавацца ці не кожны прысутны. Таксама ў заяўцы алімпійцаў прысутнічалі Канстанцін Валочка, Ягор Ігнаценка, Арцём Каркоцкі і Кірыл Маскевіч.
Каманда ветэранаў беларускага футбола складалася з вядомых футбалістаў, якія дасягнулі поспехаў на ўнутранай арэне. Адзін з іх — лепшы бамбардзір за ўсю гісторыю Вышэйшай лігі Раман Васілюк. Ён вызначыўся забітымі галамі ў рамках першага дывізіёна больш за дзвесце разоў. Пару ў нападзенні яму склаў трохразовы пераможца чэмпіянату Беларусі Дзмітрый Мазалеўскі. Месца ў варотах заняў Уладзімір Юркевіч. Таксама ў складзе ветэранаў беларускага футбола на поле выйшаў шматразовы пераможца чэмпіянату Беларусі і прызёр чэмпіянатаў Расіі і Латвіі Радзіслаў Арлоўскі. Ну і не абышлося без пяціразовага трыумфатара нашага чэмпіянату Алега Чарняўскага. Таксама за каманду ветэранаў беларускага футбола згулялі Сяргей Палякоў, Раман Шаўчук і Вадзім Дземідовіч.
Гульня складалася з двух таймаў па 20 мінут. З першых імгненняў матча ініцыятывай завалодалі ветэраны футбола. Маючы шэраг галявых момантаў, яны так і не здолелі вызначыцца ў самым пачатку гульні. У сваю чаргу алімпійцы імкнуліся гуляць ад абароны і шукаць свой шанц на хуткіх контратаках. Але ўсё ж такі першы гол у матчы забілі гульцы каманды ветэранаў футбола. Вызначыўся Дзмітрый Мазалеўскі.
Неўзабаве футбольныя прафесіяналы падвоілі сваю перавагу. На гэты раз вызначыўся Раман Васілюк. Але каманда алімпійцаў была настроена вельмі сур’ёзна і не хацела аддаваць перамогу свайму саперніку. Адставанне да мінімальнага скараціў Дзмітрый Баскаў. Лік 2:1 пратрымаўся нядоўга. Усё той жа Раман Васілюк цудоўным чынам распарадзіўся мячом і здолеў перайграць галкіпера алімпійцаў, зрабіўшы лік у матчы 3:1 на карысць прафесіяналаў гульні нумар адзін. Трэба сказаць, што бліжэй да канца першага тайма ў Глеба і каманды стала з’яўляцца ўсё больш галявых момантаў, адным з якіх удалося скарыстацца. Прыняўшы мяч удалечыні ад штрафной, Дзмітрый Баскаў развярнуўся і вырашыўся на ўдар, які апынуўся дакладным і зрабіў лік у матчы 3:2.
У другім тайме гульня стала больш адкрытай, у выніку чаго гледачы ўбачылі мноства галявых момантаў. Хет-трыкам у матчы вызначыўся Раман Васілюк, пацвердзіўшы свой статус лепшага бамбардзіра вышэйшага футбольнага дывізіёна краіны. Дубль на рахунку Дзмітрыя Мазалеўскага. А вось у алімпійцаў тройчы вызначыўся Дзмітрый Баскаў, які тым самым прадэманстраваў, што з’яўляецца добрым спартсменам і можа паказваць выдатныя вынікі ў розных відах спорту. Вядома, не абышлося і без гола легенды нашага футбола Аляксандра Глеба.
Хоць на матчы панавала атмасфера свята, але былі і фолы, і нават карткі. У той жа час гульня не была грубай, хутчэй гэта было фактарам таго, што кожны з гульцоў хацеў перамагчы. Усе ўдзельнікі падзеі з’яўляюцца спартыўнымі прафесіяналамі, і для іх не дзейнічае выраз: «Галоўнае — не перамога, а ўдзел». Пры ліку 6:4 на карысць футбалістаў, справа дайшла да выдалення варатара ветэранаў футбола Уладзіміра Юркевіча, які ўзяў мяч у рукі за межамі штрафной пляцоўкі і атрымаў за гэта другую жоўтую картку. Тым цікавей стала назіраць за гульнёй нейтральным балельшчыкам. Неўзабаве пасля выдалення алімпійцы змаглі зрабіць лік 6:5. А калі да канца матча заставалася менш за мінуту, футбольны маэстра Аляксандр Глеб выдаў цудоўны пас партнёру па камандзе, які, на жаль, не змог замкнуць перадачу і зраўняць лік. У выніку, перамогу ў матчы з лікам 6:5 святкавалі беларускія ветэраны футбола.
Удзельнікі падзеі вырашылі зрабіць падарунак для мясцовых аматараў футбола і прабіць пасляматчавую серыю пенальці. У ёй перамогу святкавала ўжо каманда беларускіх алімпійцаў. Пасля завяршэння гульні ў абодвух камандах былі адзначаны лепшыя гульцы. Так, у складзе ветэранаў беларускага футбола ім стаў Раман Васілюк, а ў беларускіх алімпійцаў —Дзмітрый Баскаў. Усе ўдзельнікі матча атрымалі памятныя падарункі, а гледачы — магчымасць сфатаграфавацца са сваімі кумірамі і атрымаць аўтографы.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з «Вытокаў» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302969448 і https://ok.ru/budni/album/979734712200