Среда, 14 октября 2026

Беларусь як маці родная

637

У жыцці можа быць многа прыемных момантаў, якія надоўга запамінаюцца. Яны даюць штуршок для новых здзяйсненняў, імпэту ў рабоце, калі хочацца кожны дзень тварыць. Адным з такіх светлых успамінаў для галоўнага агранома ААТ «Велікасельскае Агра» Сяргея Капіцы з’яўляецца ўдзел у V Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў 22-23 чэрвеня 2016 года ў Мінску пад дэвізам «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь».

Форум налічваў 2500 дэлегатаў, прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў: рабочых, аграрыяў, прадстаўнікоў культуры, аховы здароўя, навукі, дзяржаўных служачых. Людзей, якія шчырай працай даказалі еднасць з Радзімай, жаданне быць заўсёды карысным сваёй краіне, веру ў светлае будучае Беларусі. Адным словам, чалавека, у якога слова ніколі не разыходзіцца са справай.

Такім адказным і кваліфікаваным спецыялістам можна смела назваць і Сяргея Капіцу. Ён свядома абраў для сябе такі прафесійны шлях, хоць пэўна ведаў, што лёгка не будзе. Але ж працаваць на роднай зямлі ці не ёсць гонар і шчасце? Бо займаешся святой справай — вырошчваеш хлеб, які ўсяму галава.

— Сяргей Іванавіч, што часцей за ўсё ўспамінаецца з удзелу ў такім маштабным мерапрыемстве?

— Ведаеце, быць удзельнікам Усебеларускага народнага сходу — гэта як высокая ўзнагарода, давер тваіх суайчыннікаў. Калі ты становішся часцінкай вялікага дзейства, якое прызвана зрабіць шчаслівым кожнага грамадзяніна Беларусі. Табе даецца магчымасць выказацца на ўсю краіну праз зацвярджэнне прыярытэтаў і пастаноўку задач. А выступленне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі наогул дарагога каштуе, ты ў чарговы раз упэўніваешся, што цябе шануюць, табой даражаць і як чалавекам, і як працаўніком. Застаецца толькі не падвесці і ў любой сітуацыі трымаць марку гасціннага і сумленнага беларуса.

Успамінаецца тое, што галоўнай мэтай былі аб’яўлены мадэрнізацыя эканомікі, развіццё чалавечага капіталу і захаванне канцэпцыі «сацыяльнай дзяржавы». Таксама вялася гутарка пра ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, рост дэмаграфічнага патэнцыялу. Не засталіся па-за ўвагай і пытанні скарачэння разрыву паміж горадам і вёскай, стварэнне новых рабочых месцаў. Надалі ўвагу і развіццю навукі, адукацыі, лічбавізацыі і эканомікі. І самае важнае, што, аглядваючыся назад, разумееш: усё сказанае ўвасабляецца ў жыццё, у нашай краіне адсутнічае фальш і пустаслоўе. Гэта пацвярджаюць і госці, якія з задавальненнем наведваюць беларускі край.

— Вас, як аграрыя, відаць, вельмі цікавіла развіццё сельскай гаспадаркі?

— Гэта зразумела. У нашай краіне наогул многае робіцца для сельскага працаўніка. Мы ніколі не выпадаем з поля зроку Кіраўніка дзяржавы. Як і ў мінулыя гады, на пастаяннай аснове адбываюцца льготнае крэдытаванне, субсідыі на прадукцыю, падтрымка кадраў, прапануюцца датацыі на развіццё гаспадаркі і рэнтабельныя праекты. Гэта дае магчымасць будаваць новыя малочнатаварныя комплексы і фермы, закупаць тэхніку і агрэгаты. Што ў сукупнасці дае рэальны прыбытак сельгаставарыству, годныя заработныя платы працаўнікам, багатыя ўраджаі. Апошняе мяне больш за ўсё радуе, бо, калі бачыш годны рэзультат сваёй работы, тады і само жыццё іграе толькі яркімі фарбамі.

— Можа, што памянялася, Сяргей Іванавіч, у поглядах на працу пасля ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе?

— Калі ты не адзінокі ў сваіх праблемах, то хочацца зрабіць многае і якасна. А форум паказаў еднасць беларускага народа, карані якой ідуць з глыбіні гісторыі. Чыстая праўда, што зямля — гэта наша неацэннае багацце, да якога патрэбна адносіцца з ашчаднасцю і любоўю. Я гэта і стараюся рабіць. Пасля народнага сходу сталі больш зразумелымі шляхі да дасягнення дабрабыту сваёй гаспадаркі. Адназначна знікла самая малая няўпэўненасць у сваіх сілах, ты — гаспадар на сваёй зямлі. Тады вядзі сябе належна, не бойся цяжкасцей, шануй працу іншых. І ўсё будзе добра.
Тым больш што пасля рэферэндуму 2022 года і прыняцця Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе» форум атрымаў статус вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя з замацаванымі ў Канстытуцыі ўладнымі паўнамоцтвамі. Таму жадаю ўсім будучым дэлегатам плённай працы, якая абавязкова прынясе вялікую карысць Радзіме. Усё залежыць толькі ад нас: у якой краіне будзем жыць, у якім кірунку развівацца і што пакінем нашым дзецям.

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі