Літаральна пару тыдняў таму Белкаапсаюз адзначыў сваё 109-годдзе, і вось работнікі буйнейшай у Беларусі гандлёвай арганізацыі ладзяць прафесійнае свята. І кааператары маюць заслужанае права рабіць гэта.
Задоўга да таго, як у нашай мове з’явіўся слэнгавы выраз «сеткавы гандаль», айчынная кааперацыя ўжо выкарыстоўвала гэты спосаб абслугоўвання беларусаў. І яркі прыклад гэтаму — структура Пружанскага райспажыўтаварыства.
Сёння ў РСТ уваходзяць дзясяткі гандлёвых аб’ектаў, якія забяспечваюць таварамі жыхароў нашага краю практычна ва ўсіх кутках з дапамогай стацыянарных або мабільных крам.
І ў арганізацыі ёсць усё для таго, каб так заставалася і далей. Заключаны дамовы з дзясяткамі беларускіх вытворцаў на пастаўку пружанцам свежай прадукцыі. Ды ёсць і ўласная вытворчасць, якая таксама прызнана мясцовымі пакупнікамі і лічыцца папулярнай. А яшчэ ў пружанскай кааперацыі працуе шмат энергічных, добрасумленных і сапраўды надзейных людзей.
Натуральная смаката

Як расказвае намеснік дырэктара філіяла РСТ «Колас» Святлана Бушко, асартымент прадукцыі, якую выпускае мясцовы кандытарскі цэх, налічвае амаль паўтары сотні найменняў. Усё вырабляецца па тэхналагічных картах, распрацаваных на адпаведнасць дзяржаўнаму (СТБ) і міждзяржаўнаму (ГОСТ) стандартам. Пры гэтым асноўная работа па падрыхтоўцы і афармленні кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў праводзіцца ўручную, калі ў кожную смакату ўкладваецца часцінка душы.
Варта дадаць, што пераважная большасць прадукцыі «кандытаркі» адносіцца да асабліва хуткапсавальнай (тэрмін прыдатнасці да 72 гадзін) і хуткапсавальнай (да 30 дзён). А некаторыя найменні ўвогуле з-за адсутнасці ў рэцэптуры комплексных харчовых дадаткаў, сумесяў, паляпшальнікаў, кансервантаў дазваляецца рэалізоўваць толькі да 16 гадзін.
У цэху філіяла працуе 14 кандытараў, стаж некаторых ужо больш за 40 гадоў. Яны памятаюць, якую смакату мы елі ў савецкі час, і робяць гэта даступным для цяперашняга пакалення. А яшчэ навучаюць моладзь, якая прыйшла ў прафесію «кандытар» зусім нядаўна.
З дастаўкай дадому

На Пружаншчыне ёсць нямала населеных пунктаў, якія складана назваць шматлюднымі. Зразумела, што стацыянарная крама наўрад ці акупіцца, калі яе наведваюць да дзясятка пакупнікоў. Але і тых нельга пакінуць «за бортам». Для іх гандлёвага абслугоўвання ў райспажыўтаварыстве працуе ўчастак мабільных магазінаў — аўталавак.
Для ахопу такіх вёсак арганізацыяй набыта 7 аўтамабіляў, прычым з апошніх, сапраўды спецыялізаваных выпускаў. Кожны — сапраўдны магазін на калёсах, які за адну змену аб’язджае маршрут да 150 кіламетраў. Напрыклад, вопытны прадавец Людміла Нікалайчук разам з вадзіцелем Уладзімірам Крукам (на здымку) рыхтуюцца ў рэйс Ялова-Юхнавічы-Ліхасельцы-Навасёлкі-Хвалава. Мяркуецца, што зараз да аўтамагазіна прыйдзе не менш за сотню пакупнікоў. І каб задаволіць іх запыты, аўтамабіль загружаецца «па поўнай»: хлебабулачныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты і гатовыя стравы, бакалея і многае іншае. А калі што-небудзь экстравагантнае пажадаюць? Усё занатоўваецца ў «Стол заказаў», каб у бліжэйшыя дні даставіць літаральна дадому.
А вы паспрабавалі пружанскую тушонку?

На гэта пытанне зараз кожны жыхар раёна адкажа станоўча. Хаця новаму мясакансерваваму цэху філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» толькі споўнілася два гады. Яго прадукцыя настолькі карыстаецца попытам, што, як гаворыць дырэктар Сяргей Сіплівы, зараз вытворчасць загружана на 120%.
З улікам папулярнасці і ўжо заробленай рэпутацыі тут няспынна працуюць над пашырэннем асартыменту. Зусім нядаўна ў наменклатуру былі ўведзены два новыя віды — «Цяляціна апетытная» 1 гатунак і «Ялавічына тушаная» 1 гатунак. І не паспелі нарасціць выпуск новай прадукцыі, а на яе ўжо ёсць заказы з Брэсцкай, Гродненскай і Мінскай абласцей, а таксама з Расійскай Федэрацыі.
Паўвека за прылаўкам

Спажыўкааперацыя — такая галіна, дзе выпадковыя людзі не затрымліваюцца. А вось надзейныя працуюць дзесяцігоддзямі. Нават ёсць такія, у каго рабочае месца ў райспажыўтаварыстве — адзіны запіс у працоўнай кніжцы.
Адна з іх — Алена Архуцік, якую добра ведаюць жыхары
аг. Шані. Зусім нямнога ёй застаецца да таго, каб адзначыць 50-ю гадавіну стажу ў пружанскай кааперацыі. Словам, вопыту ў жанчыны хапае, а яшчэ і энергіі разам з жаданнем прыносіць карысць вяскоўцам. Таму і магазін пад кіраваннем загадчыка выглядае належным чынам, і паліц у ім пустых не бывае. А яшчэ рэгулярна завозіцца свежая прадукцыя, абнаўляецца асартымент. Такое стаўленне да працоўных абавязкаў не засталося не заўважаным: у ліпені 2024 года Алена Архуцік была ўзнагароджана юбілейным медалём «100 год органам гандлю Беларусі».
На здымку: як зазначае Алена Архуцік, у магазіне любая дробязь павінна быць пад кантролем.
Старонку падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны МАСІК
