Тэндэнцыя такая: праца на зямлі набывае куды як глыбокі сэнс не толькі ў старэйшага пакалення, але і ў маладых людзей. Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем паступаюць у профільныя навучальныя ўстановы, набываюць спецыяльнасці і смела ідуць у сельскую гаспадарку. Не баяцца ніякай работы, хоць часам бывае і цяжкавата. Але ж потым як прыемна на свае вочы бачыць рэзультат, чуць добрыя словы ў свой адрас. Калі кіраўніцтва сельгаставарыства табе давярае важны ўчастак работы, усяляк падтрымлівае твае пачынанні, дае стымул для кар’ернага росту.

А калі ў табе бачаць чалавека, то і працуеш з поўнай аддачай, нават стараешся перавыканаць норму. У такой гаспадарцы і маладыя спецыялісты затрымліваюцца, застаюцца пасля адпрацоўкі на вёсцы, ствараюць сем’і, працоўныя дынастыі. Такім спрыяльным месцам можна смела назваць ААТ «Агра-Калядзічы», дзе моладзь гасцінна прымаюць, пасля чаго ўжо і развітвацца не хочацца.
З 1 красавіка 2025 года пасля сканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа па спецыяльнасці «Заатэхнія» на адпрацоўку ў сельгаставарыства прыйшла і ўраджэнка Слоніма Вікторыя Ляўкевіч. А першае знаёмства з гаспадаркай адбылося яшчэ падчас праходжання практыкі. Аднагрупніца Анастасія Тамашук, якая таксама тут працуе, вельмі ўжо хваліла ААТ «Агра-Калядзічы», расказвала аб трывалай матэрыяльнай базе. І не падманула, таму Вікторыя ніяк не шкадуе аб сваім выбары. Пачынала з пасады селекцыянера, дзе займалася ўзнаўленнем статка, вяла базу па буйной рагатай жывёле, праводзіла пераважванне. Некаторы час з’яўлялася намеснікам начальніка комплексу па вырошчванні цялушак «Вашчынічы». За гэты час кіраўніцтва гаспадаркі паспела ўбачыць у дзяўчыне каштоўнага спецыяліста, прафесіянала сваёй справы. Таму і прапанавала Вікторыі заняць крэсла галоўнага заатэхніка-селекцыянера. Работа адказная, тут важна наладзіць кантакт з падначаленымі, бачыць перспектыву развіцця малочнага сектара сельгаставарыства. Усё атрымліваецца найлепшым чынам, людзі разумеюць, не насміхаюцца з маладосці, падказваюць, як зрабіць лепш і прасцей. Гэта падкупляе, хочацца апраўдаць іх давер. Акрамя ўліку БРЖ па ўсёй гаспадарцы, што праводзіцца ў кабінеце, Вікторыя яшчэ з’яўляецца селекцыянерам на 3-х прывязных фермах. Гэта значыць, зранку сядае ў аўтамабіль і аб’язджае іх, сочыць за прыплодамі. Пасля чаго вяртаецца ў адміністрацыйны будынак, дзе чакае праца з дакументамі. Нялёгка было б і для вопытнага працаўніка, а тут малады спецыяліст. Але Вікторыя і не збіраецца апускаць рукі, бо любіць сваю працу і дапускае вялікую верагоднасць, што ААТ «Агра-Калядзічы» стане родным яшчэ на доўгія гады.
Не тое што часу свабоднага многа. Але і яго патрэбна выдаткоўваць з толкам. Дома таксама добра, асабліва калі жывеш яшчэ з адной аднагрупніцай Арынай Сідарчук. Але хочацца чагосьці большага, пакуль малады і ёсць жаданне горы звярнуць. Рабіць жыццё разнастайным дапамагае і сельгаставарыства. З яго дапамогай маладыя спецыялісты ездзілі катацца на квадрацыклах, гулялі ў пейнтбол. А самі тры сяброўкі па магчымасці выязджаюць у замкі Беларусі, наведваюць неверагодна прыгожыя гарады краіны. Адным словам, не сумуюць, бо было б недаравальна ў маладыя гады сядзець склаўшы рукі на лавачцы. Нават часам і песню могуць заспяваць. А чаму б і не? З ёй лягчэй па жыцці ісці.
Родны дом — гэта месца, дзе цябе заўжды чакаюць, рады бачыць. Таму кожны месяц і наведвае Вікторыя сваіх бацькоў Дзмітрыя Уладзіміравіча і Ганну Юр’еўну. Але хто ведае, можа, праз некаторы час аг. Калядзічы таксама стане родным кутком у сэрцы дзяўчыны? Усякае бывае.

Месяц таму шэрагі слаўных працаўнікоў ААТ «Агра-Калядзічы» папоўніў і ўраджэнец г. Пружаны Мікіта Фяськоў. А пачыналася ўсё з навучання ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Дзякуючы кваліфікаванаму педагагічнаму саставу навучальнай установы, юнак з высокімі баламі скончыў вучобу па спецыяльнасці «Механік». Тут жа атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорый «В, С» і на трактар. Праз некаторы час паступіў тэлефонны званок з Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта з прапановай працягнуць у іх навучанне па скарочанай форме — 3 гады. Час бяжыць хутка, вось ужо інжынер-механік Мікіта Фяськоў прыступіў да сваіх працоўных абавязкаў на 2 гады. Да гэтага была практыка ў сельгаставарыстве, кіраўніцтва ацаніла патэнцыял хлопца і прапанавала пастаяннае месца працы. Усё спадабалася, людзі свае, родныя мясціны. То навошта шукаць нешта іншае?
Мікіта з усёй характэрнай адказнасцю прыступіў да сваіх абавязкаў. А іх не так ужо і мала. У яго падначаленні ўвесь парк легкавых і грузавых аўтамабіляў. Патрэбна што-дзень выпісаць пуцёўкі, сачыць за наяўнасцю запчастак. У яго кампетэнцыю ўваходзіць і правядзенне медыцынскага агляду кожнага ва-дзіцеля, каб не здарылася непапраўнага ў дарозе. А яшчэ тэхагляды, медыцынскія даведкі, ахова працы. За ўсім патрэбна пільнае вока, але нараканняў на маладога інжынера-механіка няма, бо здольны чалавек, які хапае ўсё на ляту, з усёй скрупулёзнасцю спасцігае прафесію. За гэта і хваляць Мікіту, прадвяшчаюць вялікую будучыню і павагу ад калег.
А любоў да сельскай гаспадаркі было каму прывіць юнаку. У далёкім 1949 годзе ў вытокаў стварэння калгаса «Парыжская камуна» стаяў яго прадзядуля Мікалай Усцінавіч Грышкевіч, які займаў там пасаду намесніка старшыні. Амаль 35 гадоў тут жа адпрацаваў брыгадзірам паляводчай брыгады дзядуля Барыс Мікалаевіч Грышкевіч. Людзі паважаныя, з якіх патрэбна прыклад браць у любові да роднай зямлі і ашчаднасці да яе рэсурсаў. Што і перайшло ў спадчыну Мікіце.
Калі прыязджаеш у таварыства, бачыш там маладых людзей, якія з запалам расказваюць аб сваіх працоўных буднях, то прыходзіць упэўненасць, што краіна рухаецца ў правільным кірунку і сельскай гаспадарцы быць!
Вадзім Раўнейка
На фота:
- Галоўны заатэхнік-селекцыянер Вікторыя Ляўкевіч з працоўным шляхам вызначылася, і асабістае жыццё таксама задавальняе.
- Інжынер-механік Мікіта Фяськоў цяжкасцей не баіцца, яны толькі загартоўваюць і не даюць магчымасці расслабляцца.
Фота Кацярыны Масік
