
Сёння акцэнт у ахове працы робіцца на спрыяльны псіхасацыяльны рабочы асяродак як шлях да працвітання працаўнікоў і моцнай арганізацыі. Псіхалагічнае здароўе таксама мае вялікае значэнне для дасягнення рэзультату. Таму ўвага павінна надавацца стрэсам на рабочых месцах, нагрузкам і таксічнай атмасферы. А акцэнт павінен быць скіраваны на тое, што ні адна работа не каштуе жыцця і здароўя. Таму кіраўніцтву ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў прапануецца праводзіць на працягу года лекцыі і сходы, скіраваныя на паляпшэнне ментальнага клімату, ад чаго павышаецца прадуктыўнасць.

На мерапрыемства былі запрошаны інжынеры па ахове працы і старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый сельгаставарыстваў раёна. Напачатку дзейства разгортвалася ў адміністрацыйным будынку механізаванага двара ў аг. Вялікае Сяло.
У класе па ахове працы старшыня раённага аграпрамысловага саюза, дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васіль Севасцьянчык першым узяў слова і звярнуў увагу прысутных на той момант, што ў сельскай гаспадарцы павінны стварацца такія ўмовы працы, пры якіх наогул выключаліся б выпадкі траўматызму. Для гэтага існуюць кантроль за выкананнем інструктажоў па ахове працы і адказнасць кожнага на сваім рабочым месцы. Дадзеная акалічнасць улічваецца як у рамонтных майстэрнях, так і на малочнатаварных фермах і комплексах.

Што робіцца для камфорту работнікаў можна было паназіраць на МТФ «Вялікае Сяло № 1». Па словах Васіля Севасцьянчыка, тут наладжана трохразовае даенне кароў, што дае магчымасць павялічыць надоі малака. Скрэперная ўстаноўка аўтаматычна і кругласутачна выдаляе гной. Кармленне два разы ў суткі, пры тым падграбаць корм не трэба, бо гэтым займаецца робат на працягу сутак, рукі жывёлаводаў адпачываюць. У цэху сухастою ачысткай праходаў займаецца падмятальная машына, і паверце, чысціня ідэальная, вока радуецца. Заглянулі і ў навес для цялят, дзе таксама ўсё даведзена да аўтаматызму, размеркаваны працоўныя абавязкі паміж чатырма чалавекамі, без аніякай перапрацоўкі і перанапружання вядзецца работа. Бытавыя ўмовы на вышэйшым узроўні: пакой для прыёму ежы аснашчаны ўсім неабходным для захавання і разагрэву страў, асобныя душавыя, раздзявалкі, раздзельныя туалеты. Адным словам, у гаспадарцы ўсё-такі чалавек на першым месцы, яго не крыўдзяць, а падтрымліваюць, бачаць у кожным асобу.
Вярнуўшыся на механізаваны двор, цікава было паслухаць інжынера па ахове працы ААТ «Велікасельскае Агра» Дзмітрыя Рагожкіна. Ён расказаў, як арганізаваны допуск вадзіцеляў і трактарыстаў да работы. Усё адбываецца з дапамогай аўтаматызаванага прыбора. Кожны мае свой нумар, падыходзіць і прадуваецца. Зялёны колер — усё ў парадку, чырвоны — тэст на алкаголь не пройдзены. Прыбор можна падключыць да любога камп’ютара, таму адразу прасочваецца стан працаўніка. І тут не павінна быць халатнасці, бо п’яны за рулём — патэнцыяльны злачынца, які можа пазбавіць жыцця іншага ці пакалечыць сябе. Таксама азнаёміліся са сродкамі абароны пры рабоце з пестыцыдамі, аграхімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Калі клас небяспечнасці невысокі, у гаспадарцы выкарыстоўваюць аднаразовае спецадзенне, якое адразу ідзе на ўтылізацыю, а на наступны дзень выдаецца новае. Ці наадварот — сур’ёзныя абаронныя сродкі для работы з высокай рызыкай для жыцця.
Цікавую экскурсію па тэрыторыі майстэрні правёў галоўны інжынер сельгаставарыства Дзмітрый Мардань. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў рамонтным памяшканні, на пункце абслугоўвання тэхнікі, тэрыторыі для мыйкі машын. З кожным работнікам праведзены інструктажы па ахове працы, якіх яны няўхільна прытрымліваюцца. Не застаюцца ў баку інжынерныя службы і прафсаюзы, праводзячы прафілактычную работу. І калі кожны будзе ўсведамляць тую акалічнасць, што жыццё нам даецца адзін раз, тады і трагічных выпадкаў на вытворчасці можна пазбавіцца.
У ААТ «Велікасельскае Агра» па ахове працы асаблівая ўвага надаецца санітарна-гігіенічным нормам, працаўнікі адпраўляюцца на курсы павышэння кваліфікацыі. Не на апошнім месцы праверка ведаў па ахове працы ўсіх работнікаў, у тым ліку і пазапланавыя. Пажарная бяспека таксама адладжана належным чынам, гаспадарка поўнасцю аснашчана сродкамі пярвічнага тушэння агню. Канечне, гэта не поўны пералік таго, што робіцца ў сельгаставарыстве дзеля людзей. Але пэўна адно: ААТ «Велікасельскае Агра» — тое месца, дзе ствараюцца ўсе ўмовы для камфортнай і бяспечнай працы.
Не павінен чалавек ісці на рабочае месца без настрою, яго павінна магнітам прыцягваць туды, адзначыла старшыня райкама работнікаў АПК Вольга Зубкова. Калі ўсё добра, тады не ўзнікае дэпрэсіі, якая ў тым ліку і прыводзіць да няшчасных выпадкаў. Немалую ролю ў падтрыманні парадку на працы адыгрываюць і Тыдні нулявога траўматызму. Дапамога ва ўдасканаленні работы ніколі лішняй не бывае. Важная рэч — кваліфікацыя кадраў, калі чалавек ведае, чым займаецца і як трэба выконваць даручаны фронт работ.
За жыццё здаровае, шчаслівае і шматграннае. А гэта залежыць ад кожнага і ад усіх. Толькі нам падуладна зрабіць так, каб не было трагедый на працы, заўсёды лунала ўсмешка на твары і хацелася прыносіць дабрабыт сваёй краіне.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
