Среда, 7 октября 2026

Асы сур’ёзнай зброі

641

Сёлета споўнілася 65 гадоў з дня заснавання ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. З гэтай нагоды на бягучым тыдні каля памятнага знака з выявай грознай зброі, які размешчаны па вуліцы Рыгора Шырмы, прайшоў урачысты мітынг.

Аддаць павагу гэтаму роду войскаў сабраліся ветэраны-ракетчыкі: афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты — усе тыя, хто аддана нёс службу па ахове нашых рубяжоў, а таксама члены іх сем’яў.

Да прысутных звярнуўся палкоўнік Уладзімір Грышкевіч, які з 1982 па 1994 гады служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння (РВСП), раскватараваных у Пружанах, камандаваў дывізіёнам. Дарэчы, Уладзімір Барысавіч родам з Пружаншчыны. Тут ён у 1977 годзе скончыў СШ № 2. Марыў стаць кадравым ваенным. Так яно і адбылося. А звальняўся ў запас з пасады камандзіра палка РВСП, які размяшчаўся ў Кіраўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пасля скончыў Акадэмію пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, працаваў ва ўрадзе Маскоўскай вобласці. У 2013 годзе вярнуўся на малую радзіму, дзе зараз і пражывае.

Звяртаючыся да прысутных на мітынгу, Уладзімір Барысавіч адзначыў, што стратэгічныя ракетчыкі заўсёды стаялі на захаванні міру, ніколі нікому не пагражалі, заўсёды абаранялі спакой грамадзян. Ён павіншаваў усіх са святам і ўручыў заслужаныя ўзнагароды ветэранам-ракетчыкам, у тым ліку юбілейныя медалі «65 гадоў РВСП» палкоўніку Генадзю Хамідуліну і маёру Уладзіміру Ляонаву за шматгадовую працу па патрыятычным выхаванні моладзі і актыўны ўдзел у дзейнасці ветэранскай арганізацыі.

Затым слова было прадастаўлена намесніку старшыні райвыканкама Руслану Супрыновічу. У невялікай прамове Руслан Васільевіч змог данесці да ўсіх выснову таго, што і зараз ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння ўносяць вялікі ўклад у справу ўтаймавання «ястрабаў вайны», якія мараць знішчыць суверэнітэт нашай краіны, парушыць мірнае жыццё беларускага народа. Руслан Супрыновіч павіншаваў усіх прысутных з юбілейнай датай, надыходзячымі навагоднімі святамі і пажадаў моцнага здароўя і мірнага неба над галавой.

У завяршэнні мітынгу прысутныя ўшанавалі памяць ракетчыкаў, якія не дажылі да нашых дзён, і ўсклалі вянок да памятнага знака.

Дарэчы, сярод прысутных на мітынгу быў Мікалай Самасюк, які стаяў ля вытокаў фарміравання мясцовага дывізіёна ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. У той час ён быў сяржантам звыштэрміновай службы. Агульны службовы стаж Мікалая Якаўлевіча — 30 гадоў.

Пасля мітынгу яго ўдзельнікі накіраваліся ў Шарашоўскую школу, дзе 8 гадоў таму быў створаны музей, прысвечаны 56-у Феадасійскаму ордэна Суворава ракетнаму палку.

Напрыканцы мерапрыемстваў ветэраны ракетных войскаў выказалі вялікую падзяку старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу, яго намесніку Руслану Супрыновічу, аддзелу па адукацыі райвыканкама, ваеннаму камісару Пружанскага раёна Кірылу Шаўчэнку, кіраўніцтву і вучням Шарашоўскай школы за дапамогу ў захаванні гістарычнай памяці, выхаванні ў моладзі патрыятызму, мужнасці і любові да Радзімы.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік