Среда, 14 октября 2026

Асцярожна – гэта правільна!

419

Нездарма продкі перадалі нам нямала прыказак і прымавак пра бяспеку. І пра тое, што сцеражонага і Бог аберагае, і пра падсцеленую саломку, і пра ціхую язду, якая далёка давядзе. Нават усе іх можна аб’яднаць адной універсальнай мудрасцю: апасайся бяды, пакуль яе няма. Сапраўды, папярэджанняў, або, як зараз гавораць, прафілактыкі многа не бывае. Што і пацвярджае Адзіны дзень бяспекі, які праводзіцца ў нашай краіне штогод, кожны чацвёрты чацвер верасня. Сёлетні, дзявяты АДБ, таксама прайшоў маштабна, з прыцягненнем удзельнікаў розных узростаў.

Пачаўся ён з мерапрыемстваў у арганізацыях і на прадпрыемствах. Спікеры, работнікі МНС, выступалі ў працоўных калектывах, расказвалі пра бяспеку на вытворчасці і ў быце, тлумачылі, як правільна паводзіць сябе ў розных няштатных сітуацыях. Усе папярэджанні можна аб’яднаць адзіным заклікам «Не панікаваць!», тады захоўваецца халодны розум і прымаюцца правільныя рашэнні з наступнымі дзеяннямі. У любым месцы, у любой абстаноўцы гэты заклік стане велізарнай дапамогай.

Разам з тым, немалаважнае значэнне маюць спецыяльная сімволіка, планы і схемы пажарнай эвакуацыі, аўтаматычная пажарная сігналізацыя, размешчаныя на ўсіх аб’ектах. Усе яны ўваходзяць у адзіны комплекс, які павінен спрацаваць пры з’яўленні самых першых прыкмет небяспекі. Асабліва ў тых месцах, дзе збіраецца шмат людзей. Менавіта гэта і было праверана падчас Адзінага дня бяспекі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Наколькі персанал або школьнікі дакладна ведаюць, як сябе паводзіць, на што трэба звяртаць увагу і якім чынам розныя сімвалы падкажуць правільнае выйсце. Для чаго адпрацоўваліся практычныя эвакуацыі, маніторыліся дзеянні пажарных дружын, якія створаны ў калектывах.

Другая палова АДБ была арганізавана для падрастаючага пакалення. Зразумела, што лепш адзін раз правільна навучыць асцярожнасці, чым потым дзесяць разоў перавучваць. На што і была скіравана інтэрактыўная пляцоўка, якая традыцыйна размясцілася на плошчы каля гарадскога Палацаы культуры. У дэманстрацыйным «парадзе здольнасцей» прынялі ўдзел усе экстранныя і санітарныя службы, сацыяльныя ўстановы, страхаўшчыкі, кантралюючыя бяспеку інспекцыі.

Паказальныя выступленні сталі наглядным дапаўненнем агульнай праграмы Адзінага дня бяспекі. Работнікі МНС, газавікі, медыкі, міліцыянеры прадэманстравалі спецыяльную тэхніку і абсталяванне, а таксама паказалі, як дзейнічаюць выратавальнікі пры паступленні паведамлення
аб надзвычайнай сітуацыі. Школьнікі і навучэнцы каледжа пабачылі гэту работу на свае вочы і задалі спецыялістам нямала пытанняў.

У дадатак тэорыя ў немалой ступені дапаўнялася практыкай, якую дзеці і падлеткі праходзілі падчас майстар-класаў, арганізаваных прадстаўнікамі раённай энергагазінспекцыі, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, валанцёрамі Чырвонага Крыжа, матросамі таварыства выратавання на водах. Яны не толькі прымалі ўсіх жадаючых, але і падрыхтавалі памятныя прафілактычныя падарункі для тых, хто правільна адказваў на загадкі. Кожны падарунак потым стане выдатным напамінкам, як паводзіць сябе ў небяспецы, што рабіць у першую чаргу і як аказваць даўрачэбную дапамогу пацярпелым. І самае галоўнае — што трэба рабіць, каб экстранныя службы як мага хутчэй даведаліся пра здарэнне.

З аднаго боку, падобныя мерапрыемствы выглядаюць як адна вялікая гульня. Але ж нішто не запамінаецца так надоўга, як добры настрой, атрыманы ў такіх забавах. А разам з ім запомніцца і правільны алгарытм, які дапаможа захаваць жыццё ў небяспечнай сітуацыі.


Алег Сідарэнка
(тэкст і фота)