Суббота, 17 октября 2026

АПІ спраўны, печка ў парадку

430

На жаль, падобную з’яву зараз можна назіраць далёка не ў кожным прыватным доме. У чым пастаянна пераконваюцца выратавальнікі падчас прафілактычных рэйдаў. І падобныя праверкі менавіта цяпер набываюць асаблівую актуальнасць, таму што не за гарамі чарговы халодны сезон, а значыць, і рэгулярнае выкарыстанне пячнога ацяплення.

Як паведамляе інспектар сектара прафілактыкі і нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Дзівашук, штогод у ацяпляльны перыяд рэгіструюцца пажары, прычынай якіх становяцца няспраўныя печкі. Своечасова неадрамантаваныя коміны, не ачышчаныя дымаходы, адсутнасць цеплаізаляцыі элементаў, якія награваюцца.

— Самыя распаўсюджаныя парушэнні звязаны з прытопачным лістом,— зазначае Павел Андрэевіч.

— Гэты элемент або ўвогуле адсутнічае, або значна меншы за тыя памеры, якія ўстаноўлены правіламі. Некаторыя гаспадары, у прыватнасці, закрываюць прытопачны ліст дыванамі, складзіруюць на ім дровы.

Улічваючы ўзроставыя асаблівасці жыхароў невялікіх вёсак, нярэдка ў зводках пацярпелых фігуруюць пенсіянеры. А гэта ўжо папрок у бок іх дзяцей, якія не паклапаціліся загадзя пра бяспеку сваіх бацькоў. Халодныя восеньскія ночы ўжо пачынаюцца, а значыць, варта наведаць старых у вёсцы і дапамагчы ім падрыхтавацца да зімы належным чынам. Каб з надыходам першых замаразкаў утульнае хатняе цяпло не прынесла з сабой бяду.

Ёсць яшчэ адна «балючая» катэгорыя грамадзян, з якімі таксама звязаны асноўныя клопаты выратавальнікаў. Гэта людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Жывуць яны адным днём, а некаторыя ўвогуле нібыта паставілі сабе мэту скончыць жыццё самагубствам. Менавіта ў такіх «гаспадароў» печкі ў самым жаласным стане, хаця імі працягваюць карыстацца. З аднаго боку можна знайсці, няхай і супярэчлівае, апраўданне ў адсутнасці грошай. Вось толькі для рамонту печкі зусім неабавязкова нешта набываць, адшукаць крыху гліны, вапны або мелу можна і бяс-платна, было б жаданне. Вось толькі яно і адсутнічае ў абібокаў. З-за чаго іх печкі ператвараюцца ў нестабільныя рэактары, якія могуць выбухнуць у любую мінуту.

Як сцвярджае работнік РАНС, вялікая небяспека падобных вогненных здарэнняў заключаецца ў тым, што печку заўсёды прапальваюць перад вечарам, з-за чаго пажары адбываюцца ўначы. Толькі пасля таго, як агонь ахоплівае дах, стано-віцца заўважным маштаб бяды. Больш за тое, ствараецца значная пагроза размешчаным побач сельскагаспадарчым пабудовам, а то і хатам суседзяў.

— Гэта адбылося ў аг. Стараволя мінулай зімой, — тлумачыць Павел Дзівашук.— Гаспадыня пакінула каля топкі дровы, на якія выпаў вугалёк і запаліў іх. Жанчына не заўважыла гэта своечасова, а пасля ў дыму страціла прытомнасць. І толькі дзякуючы аператыўнаму ўмяшальніцтву суседзяў удалося выратаваць пацярпелую.

Падчас прафілактычных рэйдаў пажарныя даводзяць да домаўласнікаў усю гэту інфармацыю. На гэты раз разам з работнікамі РАНС мы пабывалі ў шэрагу вёсак Пружанскага сельсавета. За час такіх візітаў у пажарных ужо складзены цэлы спіс дома-ўласніцтваў, якім патрэбна асаблівая ўвага. Менавіта па гэтых адрасах мы і праехаліся, каб у чарговы раз пераканацца, што да ідэальнай бяспекі ў вясковых жыхароў яшчэ далёка.

Амаль ва ўсіх наведаных дамах выяўляліся парушэнні. Хаця сустракаліся і добрыя гаспадары, якія падрыхтаваліся загадзя: правялі рамонт печак, замянілі элемент сілкавання ў аўтаномных пажарных апавяшчальніках. Дарэчы, пра карысць АПІ ўжо нікому не трэба сцвярджаць, фактаў рэальнага выратавання не толькі людзей, але і хатняй маёмасці нямала. Таму што прыбор выдае гучны сігнал пры першым з’яўленні дыму. Але толькі тады, калі ён працуе, што было не ва ўсіх хатах.
У дадатак выратавальнікі ўручаюць памяткі, якія, лічу, трэба наклеіць на сцяну побач з печкай, каб яна заўсёды была «на вачах». А для некаторых грамадзян нават праводзіць іспыты на веданне асноўных правілаў з выстаўленнем «залікаў».

Хочацца спадзявацца, што бліжэйшая зіма пройдзе без надзвычайных здарэнняў у жыллі. Але дамагчыся гэтага толькі сіламі пажарных падраздзяленняў немагчыма. І калі жадаеце пазбегнуць бяды, то прымайце меры перасцярогі ўжо зараз.

А яны даволі простыя:
— дымаходы, коміны і корпус печкі не павінны мець расколін, шчылін;
— комін у межах гарышча трэба абавязкова пабяліць, каб своечасова выяўляць пашкоджанні;
— у дзверцах топкі забяспечце спраўны запорны механізм;
— падлогу перад топкай закрываюць прытопачным лістом з негаручых матэрыялаў, памерамі не менш за 50х70 сантыметраў, доўгім бокам да печкі;
— пры запалцы печка не павінна дыміць, а дровы — гарэць павольна, гэта ўсё сведчыць пра паслабленне цягі;
— калі ўзнікла дрэннае самаадчуванне, галаўны боль падчас эксплуатацыі печкі, усё гэта прыкметы траплення ў паветра чаду. Трэба праветрыць хату, выклікаць выратавальнікаў.


Алег Сідарэнка
(тэкст і фота)