Суббота, 7 ноября 2026

Анатоля Хоміча і Андрэя Літвіновіча шчыра віталі ў роднай школе

468

Прыносіць славу сваёй краіне, свайму раёну, урэшце, установе, дзе ты вучышся ці працуеш, можна па-рознаму. Хтосьці робіць гэта пры дапамозе інтэлектуальных здольнасцей, іншы — майстар на ўсе рукі. Трэці дабіваецца поспеху шляхам штодзённых знясільваючых трэніровак, якія пасля дапамагаюць паказаць вынік на спартыўных арэнах.

Якраз такі шлях выбралі для сябе Анатоль Хоміч і Андрэй Літвіновіч. Пра гэтых хлопцаў, ураджэнцаў в. Чахец і аг. Шані, мы ўжо расказвалі і, упэўнены, яшчэ не раз напішам на старонках газеты. Але ж нагадаем чытачам, што Анатоль — чэмпіён ІІ Гульняў краін СНД па штурханні ядра, а яшчэ сярэбраны прызёр у кіданні дыска. Андрэй заваяваў бронзу ў забегу на 600 м.

У мінулую сераду сваіх былых вучняў шчыра віталі ў Шаняўской СШ імя М. Засіма, дзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства па ўшанаванні спартсменаў.

Гэта сёння яны развіваюць майстэрства ў Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, а свае першыя крокі ў спорт рабілі на ўроках фізкультуры, а пасля — у СДЮШАР г. Пружаны пад кіраўніцтвам Яўгенія Данцова і Сяргея Чайкоўскага. Падчас мерапрыемства слова далі, канечне, і Яўгенію, які гаварыў пра характар спартсмена, цану кожнага медаля, кожнай узнагароды. Але перад гэтым да Анатоля і Андрэя, а таксама ўсіх прысутных звярнуўся начальнік аддзела ідэала-гічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік. Ён падзякаваў спартсменам за тое, што праслаўляюць наш родны раён на міжнародным узроўні, а таксама ўручыў Падзячныя лісты і падарункавыя сертыфікаты ад старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча.

У інтэрв’ю для нашай газеты, якое Анатоль Хоміч даў падчас святочнага мерапрыемства да Дня народнага адзінства ў дзіцячым садку № 5 Пружан, юнак расказваў пра асаблівыя эмоцыі, якія перажываў, калі на ўзнагароджанні падымаўся Дзяржаўны сцяг і гучаў гімн. Арганізатары мерапрыемства ўлічылі і гэта. Вучаніцы Ксенія Батура і Паліна Шаламіцкая выканалі песню Аляксея Хлястова «Беларусь», а ў гэты час на экране дэманстраваліся тыя самыя кадры.

Вялікую ролю ў фарміраванні чалавека адыгрываюць бацькі. А поспехі дзіцяці — вялікі гонар для любой матулі. На мерапрыемства, акрамя настаўнікаў і вучняў школы, а таксама выхаванцаў СДЮШАР, не забыліся запрасіць мам хлопцаў. Дырэктар Шаняўской школы Алена Ярмашэвіч адзначыла, што педагогі і вучні, як і ўвесь Шаняўскі сельсавет, а разам з ім — многія жыхары раёна, сачылі за выступленнямі нашых, глядзелі прамыя трансляцыі, перажывалі. Але ж больш за ўсё хваляваліся, вядома, мацярынскія сэрцы. Дырэктар школы ад усёй душы падзякавала Веры Літвіновіч і Наталлі Хоміч за годных сыноў, сапраўдных асілкаў, якія заяўляюць пра сябе не толькі ў беларускім, але і сусветным спорце і ў якіх, канечне, усё яшчэ наперадзе. Жанчынам уручылі прыгожыя кветкі.

І куды ж без музычных падарункаў? Цёплым і шчымлівым было выкананне песні былой першай настаўніцай, а цяпер выконваючай абавязкі старшыні Шаняўскога сельвыканкама Ірынай Бяляевай і класным кіраўніком Аленай Вашчук. Аднак больш за ўсё кранула песня «Хата бацькоў», якую пад цудоўны відэарад з дэманстрацыяй ваколіц Пружан, Шанёў і раёна выконвалі ўсе прысутныя ў зале.

Сумеснае фота на памяць, якое, безумоўна, зойме пачэснае месца на стэндах і ў фотаархіве Шаняўской СШ імя М. Засіма, зрабілі на памяць у завяршэнне мерапрыемства. Нам жа ўдалося паразмаўляць з Анатоліем і Андрэем. І гаварылі на гэты раз не пра спартыўныя поспехі, а пра малую радзіму.

— Калі прыязджаю ў Шані і ўвогуле на Пружаншчыну, на душы становіцца па-асабліваму цёпла. Тут спакойна, нікуды не хочацца ад’язджаць. Люблю прагуляцца і па аграгарадку, і па нашым райцэнтры, — сказаў Анатоль Хоміч.

— Адчуваю настальгію, як літаральна некалькі гадоў таму вучыўся тут, гуляў, ведаў абсалютна кожнага чалавека… — працягнуў Андрэй Літвіновіч.

А яшчэ хлопцы гаварылі пра тое, каму ўдзячны. І, перш за ўсё, гэта трэнеры. Анатоль Хоміч не забывае пра свайго першага спартыўнага настаўніка — Яўгенія Данцова, захоўвае сувязь з ім, атрымлівае віншаванні з перамогамі. Гэтак жа і ў Андрэя Літвіновіча, які не забываецца пра трэнера Сяргея Чайкоўскага — менавіта ён прывіў любоў да лёгкай атлетыкі, і ў прыватнасці бегу.

У планах у абодвух спартсменаў — пакарэнне самых высокіх і, хто ведае, магчыма, нават алімпійскіх вяршынь. А ў бліжэйшай перспектыве — спаборніцтвы ў роднай краіне. Напрыклад, Андрэя ўжо ў гэтым месяцы чакае абласны лёгкаатлетычны крос у Іванаве. Працуе над удасканаленнем формы і спартыўных навыкаў і Анатоль Хоміч.

Застаецца толькі пажадаць хлопцам поспехаў і яшчэ раз падзякаваць за тое, што памятаюць пра свой родны куточак. Будзем спадзявацца, што ў будучым яны стануць частымі гасцямі не толькі ў школах раёна, дзе будуць даваць шматлікія майстар-класы, але і ў многіх іншых гарадах краіны і… свету. А чаму б, уласна, і не?

Уладзіслаў Шпарла