Падчас фестывалю «Вытокі», які праходзіў у Пружанах у пачатку чэрвеня 2024 года, сярод ганаровых гасцей быў і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Рэспублікі Беларусь Віктар Лукашэнка. У адным са сваіх інтэрв’ю ён адзначыў, што Пружанскі раён — адзін з самых спартыўных у рэспубліцы. Магчыма, Віктар Аляксандравіч даў краю такую характарыстыку з-за вялікай колькасці спартыўных аб’ектаў, якія ёсць як у горадзе, так і ў межах раёна. А магчыма, прэзідэнт НАК меў на ўвазе і дасягненні нашых спартсменаў. У сувязі з гэтым мы вырашылі прааналізаваць, чым жа праславіўся наш раён і яго прадстаўнікі ў спорце, і ці можам мы лічыць Пружаншчыну спартыўнай не толькі з-за вялікай колькасці аб’ектаў, але і дзякуючы дасягненням нашых людзей, якія могуць займацца спартыўнымі дысцыплінамі на прафесійным узроўні?
Самай вядомай зямлячкай з’яўляецца выхаванка ДЮСШ №1 г. Пружаны Ганна Ташпулатава, якая стала бронзавым прызёрам у бегу у эстафеце 4х400 м на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі ў 2009 годзе. Але галоўным дасягненнем нашай лёгкаатлеткі варта назваць удзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе. Вядома нельга прайсці міма Андрэя Мухі, які прадстаўляў нашу краіну на Паралімпійскіх гульнях у 2016 годзе ў лёгкай атлетыцы. У сваю чаргу Павел Небыт і Уладзіслаў Дронь у розныя гады станавіліся ўдзельнікамі чэмпіянату Старога свету ўсё ў тым жа відзе спорту, што і апісаныя спартсмены вышэй. А вось Ганна Зубкова стала пераможцай юнацкага чэмпіянату Еўропы па спартыўнай хадзе на 5000 м у 2018 годзе.
Калі ж закрануць свежыя дасягненні выхаванцаў аддзялення лёгкай атлетыкі ДЮСШ №1 г. Пружаны, то тут адназначна неабходна ўзгадаць нашых маладых хлопцаў — Анатоля Хоміча і Андрэя Літвіновіча, якія ў сваім юным узросце ўжо дабіліся немалых поспехаў не толькі на ўнутранай, але і міжнароднай арэне. Так, Анатоль у 2023 годзе заваяваў золата на II Гульнях краін СНД у штурханні ядра і стаў сярэбраным прызёрам у кіданні дыска, а Андрэй акрамя таго, што на гэтых жа гульнях дамогся бронзавай узнагароды, дык яшчэ і паказаў выдатны вынік на летніх міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Азіі», якія праходзілі ў 2024 годзе ў Якуцку, дзе хлопец заваяваў адразу чатыры залатыя медалі ў бегу на розныя дыстанцыі!
Што тычыцца камандных відаў спорту, то тут таксама ёсць чым пахваліцца. У аддзяленні валейбола Ангеліна Шапавал і Марыя Мацаюк у сваіх узроставых катэгорыях станавіліся прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў. А ў 2024 годзе абедзве дзяўчыны прынялі ўдзел у дывізіёне «Б» чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па валейболе. У аддзяленні футбола Дзмітрый Грышкевіч і Яўген Бабрук у розны час былі ў складзе юнацкай зборнай нашай краіны. Такім жа дасягненнем у цяперашні момант могуць пахваліцца і нашыя дзяўчаты Вераніка Калюта і Валерыя Імховік. Абедзве прадстаўніцы прыгожага полу станавіліся прызёрамі рэспубліканскага чэмпіянату ў сваіх узроставых групах, а Валерыі пакарылася і чэмпіёнства.
Выхаванцы СДЮШАР № 2 г. Пружаны таксама паказваюць добрыя вынікі. Асабліва гэта тычыцца нашых плыўцоў, якія з кожных спаборніцтваў прывозяць дадому россып узнагарод. А такіх у нас нямала… Гэта Цімур Дакімовіч, Яўген Бойка, Арына Варыцкая, Іван Клімук і, канешне, наша маленькая зорачка Варвара Лукуць і іншыя. У аддзяленні хакея з шайбай нашы выхаванцы, такія як Дзмітрый Дыба, Мікалай Мацвеенка, Канстанцін Севасцьянчук і Арсеній Мышкевіч, перайшлі ў сістэму вядучых хакейных клубаў краіны.
Не будзем забываць і пра дасягненні нашых рабят у Рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» і «Залатая шайба». У 2011 годзе нашы футбалісты другі раз у гісторыі выйшлі ў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў, дзе на вачах сваіх фанатаў упершыню сталі пераможцамі гэтага турніру. У пачатку 10-х 21 стагоддзя аналагічнай перамогі дабіліся і нашы хакеісты ў спаборніцтвах па хакеі з шайбай.
Ці магчымы былі б гэтыя вяршыні, калі б у нас не надавалася ўвага галіне спорту? Усе гэтыя дасягненні пацвярджаюць, што Пружанскі раён не толькі валодае развітай спартыўнай інфраструктурай, але і выхоўвае таленавітых спартсменаў, якія ўслаўляюць наш край, як на рэспубліканскай, так і міжнароднай арэне. Розныя аб’екты, размешчаныя ў Пружанах і наваколлях, даюць магчымасці для заняткаў рознымі відамі спорту, што садзейнічае развіццю фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця сярод мясцовага насельніцтва.
Аднак, не толькі інфраструктура адыгрывае ключавую ролю ў поспехах нашых спартсменаў. Важным фактарам з’яўляецца таксама падтрымка і матывацыя з боку трэнераў, бацькоў і прыхільнікаў-фанатаў. Дзякуючы іх намаганням і самааддачы, нашы спартсмены дасягаюць высокіх вынікаў і становяцца прыкладам для маладога пакалення.
Пружанскі раён можа ганарыцца сваімі выхаванцамі, якія дэманструюць выдатныя вынікі на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Іх поспехі натхняюць і матывуюць іншых займацца спортам, імкнуцца да новых вяршыняў і не спыняцца на дасягнутым. Дасягненні нашых землякоў з’яўляюцца яскравым сведчаннем таго, што Пружаншчына сапраўды з’яўляецца спартыўным рэгіёнам, дзе цэняць і развіваюць фізічную культуру і спорт.
Руслан Басак