У аўторак у Ліноўскім сельскім выканаўчым камітэце член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Пішч правёў асабісты прыём грамадзян, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пасля заканчэння прыёму Аляксандр Іванавіч наведаў Ліноўскі дзіцячы сад Пружанскага раёна.
Па словах сенатара, у нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з грамадзянамі на месцах. Размаўляючы з чалавекам напрамую, можна бачыць, наколькі сапраўды хвалюе яго тая ці іншая праблема, больш дэталёва разабрацца ў складанай сітуацыі, падтрымліваючы непасрэдны кантакт з суразмоўцам. А яшчэ субяседнік у адкрытай размове можа і сам паўдзельнічаць у вырашэнні набалелага пытання.
Пра што гаварылі падчас прыёму, на якім прысутнічала і старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань? Асноўнае пытанне, на якое была скіравана ўвага, — будаўніцтва на землях агульнага карыстання. Аляксандр Пішч даў тлумачэнні па заяўленай праблеме, давёў адпаведныя распараджэнні канкрэтным службовым асобам і ход іх выканання паставіў на асабісты кантроль.
Дзеці — гэта не толькі кветкі нашага жыцця, але і велізарнае шчасце, асалода, для іх і будуецца нашага квітнеючая краіна, у якой ім жыць і якую рабіць яшчэ больш непаўторнай і магутнай, адзначыў Аляксандр Іванавіч. Таму з цікавасцю наведаў Ліноўскі дзіцячы садок. І не пашкадаваў. Экскурсію правяла загадчыца адукацыйнай установы Іна Куніцкая. Уся тэрыторыя вакол садка прыгожа аформлена і акуратна прыбрана. А ўжо чаго толькі няма ўнутры! Кожны з трох паверхаў з густам і душой аформлены. Чысціня ідэальная! Хочаце рэлаксу — паглядзіце на рыбак у акварыуме, калі любяць дзеткі актыўны адпачынак — спартыўная зала і басейн. А яшчэ розныя выставы вырабаў малых і іх бацькоў. Дарэчы, на дадзены момант садок наведвае 81 выхаванец, і да кожнага тут стараюцца знайсці падыход, развіць яго творчыя здольнасці. Творчая майстэрня таксама ёсць, асобнае цудоўна аздобленае памяшканне пра гістарычнае мінулае нашай краіны. Вельмі дзякаваў за экскурсію сенатар, які выказаў упэўненасць, што маленькія і мілыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў будучым вырастуць таленавітымі і энергічнымі маладымі людзьмі, якімі па праве будзе ганарыцца сінявокая Беларусь.
Гэта быў, канечне, не першы прыём Аляксандра Пішча. Падчас правядзення папярэдніх разглядаліся такія пытанні, як кошт будаўніцтва квадратнага метра нерухомасці, добраўпарадкаванне помнікаў і прывядзенне ў парадак воінскіх пахаванняў, арэнда памяшканняў, рамонт лесвічных поручняў, і многія іншыя. Некаторыя ўжо вырашаны і зняты з павесткі дня сенатара. Астатнія будуць па меры магчымасці таксама ўвасабляцца ў жыццё.
Калі ў будучым вы захочаце сустрэцца з Аляксандрам Іванавічам, каб пагаварыць аб набалелым або выказаць слушнае меркаванне аб выкараненні некаторай праблемы, калі ласка, сенатар праводзіць прыёмы кожны месяц у сельсаветах па чарзе ў Пружанскім і Кобрынскім раёнах.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік