Калі ўзяўся, дык працуй…
На тым і трымаецца ўся эканоміка нашай роднай Беларусі, на шчырых людзях, такіх як Аляксандр Гарэйка з ААТ «Шані-аграпрадукт», якія сумленна працуюць, годна нясуць сцяг працавітасці і адданасці абранай справе.

І ўсюды парадак і разуменне значнасці таго, чым займаешся. Што б ні рабіў, бачны рэзультат, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Роўныя і дагледжаныя палеткі, поўныя сховішчы залацістага зерня, не спыняецца будаўніцтва фермаў і комплексаў, малочныя рэкі не мялеюць. А многія сельгасработнікі не адзін дзясятак гадоў аддалі гэтым рэзультатам, душой прыкіпелі да вёскі, з усмешкай расказваюць пра свае будні, тым самым сцвярджаючы: нішто і ніхто не парушыць святую працу на зямлі.
Гэтаксама думае і механік па механізацыі працаёмкіх працэсаў з ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандр Гарэйка, чалавек цвёрдых перакананняў і жыццёвых прынцыпаў. Ён упэўнены, што асноўны крытэрый быцця на гэтым свеце — згода і лад паміж людзьмі, любоў да ўсяго жывога, павага да работы сваёй і іншых.

Вось такі чалавек нарадзіўся ў 1963 годзе ў в. Чахец, каб быць годным сынам і надзейнай апорай для бацькі Міхаіла Мікалаевіча і матулі Аляксандры Феадосьеўны. Не падвёў, цвёрда стаіць на зямлі. У свой час скончыў 10 класаў у Шанях, паралельна ў навучальна-вытворчым камбінаце ў Пружанах першым выпускам атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «С». Адзіны запіс у працоўнай кніжцы — прыняты на працу ў тагачасны калгас «Ленінскі шлях». То быў далёкі 1981 год, пачынаў вадзіцелем на ГАЗ-51. Не мінула юнака і служба ў арміі, па прыходзе з якой у 1984 годзе калясіў па дарогах на грузавых і легкавых аўтамабілях да цяперашняй пасады. Пры гэтым сумяшчаў завочную вучобу ў Пружанскім тэхнікуме, дзе і атрымаў спецыяльнасць «Механізацыя».
Адказвае Аляксандр Міхайлавіч у ААТ «Шані-аграпрадукт» за вода- і цеплазабеспячэнне, вагавую гаспадарку. Участак работы даволі сур’ёзны, калі ты павінен трымаць на кантролі працэсы, ад якіх напрамую залежыць жыццядзейнасць сельгаставарыства, камфорт на працоўных месцах. І са сваёй задачай механік па механізацыі працаёмкіх працэсаў спраўляецца на выдатна. Закладам поспеху ў сваёй рабоце лічыць узаемаразуменне з людзьмі, адказнае стаўленне да абавязкаў на месцы — і не будзе сорамна за пражытыя гады, і кожны дзень прынясе толькі задавальненне.
Па маладосці, канечне, былі іншыя планы на жыццё. Марыў Аляксандр пра службу ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі, каб абараняць спакой і інтарэсы свайго краю, уступіў у Камуністычную партыю. Але жыццёвае рэчышча крута змяніла свой курс пасля таго, як неўзабаве памёр бацька. Матуля не змагла без наступстваў перанесці страту мужа і моцна захварэла. Як адзіны сын зможа пакінуць без увагі самага роднага на зямлі чалавека? Таму і застаўся на малой радзіме. Ніякага шкадавання няма, бо зжыўся з работай, так сказаць, знайшоў сваё месца пад сонцам, стварыў сям’ю, наладзіў быт.
Так вось і жывуць з жонкай Галінай Пятроўнай у аг. Шані, радуюцца дочкам Ксеніі і Але, з нецярпеннем чакаюць іх прыезду, каб за кубкам гарбаты пагутарыць шчыра, абмеркаваць надзённыя пытанні, успомніць той час, калі дзяўчынкі пад стол хадзілі пешшу, часам і сваволілі. Адпачынак для душы ў Аляксандра Гарэйкі — гэта кніжкі ваеннай, дэтэктыўнай і гістарычнай тэматыкі. Яны ў тым ліку вучаць дабрыні, спагадзе і ўсёабдымнай любові да ўсяго жывога на зямлі. А яшчэ Аляксандр Міхайлавіч — надзейны памочнік у сваёй жонкі, якая выйшла на пенсію з пасады галоўнага эканаміста ААТ «Шані-аграпрадукт». Другая палавінка вельмі любіць прыгажосць на сваім падворку, таму штогод займаецца вырошчваннем самых розных кветак. Цяпер вось перавагу аддае гартэнзіям і півоням, якія выпісвае нават з Санкт-Пецярбурга. А ты, муж, ямкі выкапай, падвяжы. Потым жа на поўныя грудзі ўдыхай саладжавыя пахі, радуйся ўтульнасці і рознакаляровай палітры на двары. Адным словам, жыві шчасліва, што і робіць Аляксандр Гарэйка.
Час бяжыць няўмольна, і з гэтым мы нічога зрабіць не можам. У наступным годзе герою нашага рэпартажу ўжо будзе прызначана пенсія. Што далей? Загадваць не станем. Адно ведаем пэўна, што Аляксандр Міхайлавіч і надалей будзе заўсёды чалавекам справы і слова.
Вадзім Раўнейка
На здымках:
- Працоўная кніжка таксама можа аб многім расказаць.
- Калі ведаеш, што ёсць сэнс жыцця. Аляксандр Гарэйка з гэтым вызначыўся.
Фота Кацярыны Масік
